Быць удзячным за ўсё, што маеш...

З лёгкай рукі Джонатана Свіфта, аўтара вядомага рамана «Падарожжа Гулівера», гэтых людзей у народзе называюць ліліпутамі. Вялікі фантаст, напэўна, не мог тады прадбачыць, што яго аўтарскі неалагізм стане такім папулярным, але будзе крыўдным для маленькіх, мініяцюрных людзей, менавіта так яны сябе называюць.

Наша сённяшняя гераіня — Антаніна Віктараўна Сацура — самая маленькая з такіх вось маленькіх не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй былой постсавецкай прасторы. Яе рост — 1 метр 6 сантыметраў, 13-ы памер нагі, а адзення — 30-ы. Важыць яна ўсяго 20 кілаграмаў. Калі ідзеш побач, так і хочацца ўзяць яе на рукі, нібы малое дзіця, каб раптам чаго не здарылася. Аднак хутка разумееш, што гэта жанчына вельмі спрытная, упэўненая ў сабе і моцная духам. Як сама гаворыць, яе загартавала жыццё, у якім шмат гадоў было адведзена працы ў цырку.

Антаніна нарадзілася ў вёсцы Навасёлкі Хойніцкага раёна ў 1954 годзе. У сям’і, акрамя яе, ёсць яшчэ дзве сястры. Звычайныя бацькі, звычайныя сёстры, і толькі яна — маленькая. Дзесьці ў гады два бацькі заўважылі, што дзяўчынка зусім не расце. Абследванне паказала, што ў арганізме дзіцяці адбыўся генетычны збой, і ёй наканавана ўсё жыццё заставацца маленькай. Доўгі час яна нічога не разумела, бо яе любілі ўсе наўкола і ёй было камфортна. І толькі ў юнацтве, калі сяброўкі пачалі хадзіць на танцы, закохвацца, давялося перажыць сапраўдны боль. «Я не такая, як усе, але я не горшая, — гаварыла яна сабе скрозь слёзы, — і я дакажу гэта ўсім». Скончыўшы восем класаў на выдатна, Антаніна паступіла ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум. Пасля яго заканчэння сем гадоў працавала бухгалтарам. Аднойчы паехала ў Гомель на праграму Маскоўскага цырка «Ззянне маленькіх зорак» з удзелам ліліпутаў. Пасля прадстаўлення пазнаёмілася з маленькімі артыстамі, з некаторымі пасябравала. Ёй вельмі хацелася працаваць з імі ў цырку. Пазней яе ўзялі, толькі ў іншую праграму, да ілюзіяніста Юрыя Аўерына.

З 1980 па 1987 гады ў складзе артыстаў Маскоўскага дзяржаўнага цырка Антаніна аб’ездзіла паўсвета. Потым у яе жыцці быў Кіеўскі цырк і нават праца ў Італіі, у цыркавым калектыве, які ўзначальвалі сужэнцы Вальтэр і Мойра Арфей — вядомая цыркавая дынастыя з больш як векавой гісторыяй. Дзякуючы гэтым людзям, якія з’яўляюцца практыкуючымі католікамі, Антаніна, разам з іншымі артыстамі цырка, пабывала ў юбілейным 2000 годзе на прыватнай аўдыенцыі святога Айца Яна Паўла II у Ватыкане.

— Збіраючыся на сустрэчу з Янам Паўлам II, — гаворыць Антаніна Віктараўна, — я да канца не ўсведамляла, якая гэта ласка для нас. Аднак душа мая адразу ж адчула побач з гэтым вялікім чалавекам нібы смак неба. Мяне потым магнітам цягнула ў базыліку святога Пятра і, пакуль наш калектыў знаходзіўся ў Рыме, я кожны дзень туды лятала.

Антаніна належыць да праваслаўнага веравызнання. Яе шлях да веры — няпросты і цярністы. У іх сям’і пра Бога не гаварылася, бацька наогул лічыў сябе атэістам. Бабуля, магчыма, употай малілася, бо хавала ў ручніку ікону. Сёння Антаніна разумее, што Пан Бог заўсёды быў і застаецца побач з ёю. У сваёй бясконцай дабрыні, праз пэўныя знакі і абставіны Ён спасылаў і спасылае свае знакі. Упершыню яна сур’ёзна задумалася пра веру ў 1982 годзе. Тады іх цыркавы калектыў пасяліўся ў адным з маскоўскіх атэляў, дзе таксама спынілася шмат святароў, якія ўдзельнічалі ў сусветным форуме за ядзернае разбраенне. З артыстамі тады пасябраваў студэнт Загорскай семінарыі Аляксей. Ён расказваў пра сваю вучобу, пра веру. Антаніна з насмешкай спытала яго: «Навошта табе, маладому, прыгожаму хлопцу, быць папом»? Ён вельмі далікатна адказаў: «Тонечка, прыйдзе час — ты таксама пойдзеш у царкву, душа пацягне».

У царкву яна пайшла пасля страшнага выпадку ў сваім жыцці. Аднойчы яна паехала ў госці да сваіх сяброў, такіх жа маленькіх артыстаў, якія жылі ў гасцініцы вёскі Бітца пад Масквой. Так атрымалася, што трапіла на апошнюю электрычку. Кавалак дарогі пралягаў праз лесапасадку. Неўзабаве пачула ззаду крокі. За ёю ішоў мужчына і больш — нідзе нікога. Яна спынілася, каб  прапусціць яго ўперад. Параўняўшыся, ён нахіліўся, і дзяўчына ўбачыла страшны позірк вельмі злога чалавека. Ён раптам схапіў яе на рукі і пабег. Антаніна вырывалася, плакала, прасіла, каб адпусціў, але дарэмна. У адчаі яна закрычала, што было сілы: «Божа, уратуй мяне»! І здарылася так, як напісана ў Новым Запавеце: «...кожны, хто будзе прызываць імя Бога, будзе збаўлены»(пар. Дз 2, 21). Рукі мужчыны раптам аслаблі, і дзяўчына ўпала на зямлю. З усіх ног, адкуль толькі ўзяліся сілы, яна пабегла назад да касаў. Ён пабег у іншы бок. Касіры адразу ж выклікалі міліцыю, і мужчыну хутка злавілі. Пазней аказалася, што гэта быў вядомы сваёю лютасцю «бітцаўскі маньяк». Адразу ж Антаніна пайшла ў царкву, каб падзякаваць Богу за ўратаванае жыццё. З таго часу пачала маліцца, набываць іконы, духоўную літаратуру, а таксама прасіць у святара благаслаўлення на сваю працу ў праграме цыркавога ілюзіёну.

Пазней Пан Бог дапамог ёй перажыць яшчэ адзін сур’ёзны ўдар, на гэты раз ужо ад любімага чалавека. Пасля знаёмства яны два гады перапісваліся, марылі пра шлюб, сям’ю. Дзеля яго Антаніна пераехала з Маскоўскага ў Кіеўскі цырк. І тут даведалася, што ён некалькі месяцаў як ажаніўся з іншай. Што рабіць, як жыць далей? Пачала наведваць Пакроўскі манастыр. Пасябравала з манахінямі. З часам адчула, што боль саступае месца супакою і прабачэнню.

— Сапраўды, усё, што адбываецца ў нашым жыцці, — да лепшага, — гаворыць Антаніна. — Калі б я тады выйшла замуж, я ніколі б не трапіла ў італьянскі цырк, які мне падараваў шмат цудоўнага, у тым ліку сустрэчу са святым чалавекам — Янам Паўлам ІІ.

Сёння Антаніна Віктараўна жыве ў Смалявічах. У яе кватэры вельмі ўтульна, шмат кветак, на сценах — вышытыя ёю карціны і іконы, побач верныя чацвераногія сябры — два каты і сабачка. Вельмі любіць дзяцей, таму часта ездзіць да пляменніцы ў пасёлак Энергетыкаў, каб пасядзець з яе малымі. У нашай размове не аднойчы паўтарала, што пражыла вельмі яркае і шчаслівае жыццё, і, калі раптам была б магчымасць пражыць жыццё наноў, нічога б не хацела змяніць. На развітанне паказала лісток з адрыўнога календара і сказала, што ёй вельмі падабаюцца гэтыя словы вядомага англійскага пісьменніка Даніэля Дэфо, якія яна лічыць сваім жыццёвым дэвізам: «Усе нашыя нараканні на тое, што мы нечага не маем, выцякаюць ад недахопу падзякі за тое, што ўжо атрымалі».


Галіна Калевіч

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла