Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Лісты, што прыйшлі ў рэдакцыю апошнім часам, у асноўным віншавальныя. Гэта зразумела — у красавіку мы адзначаем Вялікдзень — найвялікшае хрысціянскае свята. Галіна Плюшчык з вёскі Стрэлкі Верхнядзвінскага раёна так і піша: «Са светлым святам Пасхі ўсіх чытачоў! Спадзяюся, што мой ліст якраз паспее да Вялікадня. А ў нашай маленькай супольнасці, што на Верхнядзвіншчыне, невялікая ўрачыстасць — год як у вёсцы Каханавічы з’явілася капліца Езуса Міласэрнага. Задумка была даўно, але ж яна магла б так і застацца задумкай, калі б па волі Божай не трапіў на працу ў Верхнядзвінск ксёндз Тадэвуш. Ён адразу падтрымаў нашу прапанову. Мясцовыя ўлады выдзелілі нам хаціну, і дзякуючы апецы Маці Божай і ахвярнай працы нашых вернікаў — сем’яў Дзямідаў, Квяцінскіх, Плюшчыкаў, Самусёнкаў — праца закіпела. Вокны ахвяравалі вернікі з Мёраў, цэглу і гліну дапамагалі здабываць мясцовыя праваслаўныя. Столь падклеілі пліткай, сцены — шпалерамі, падлогу пафарбавалі, электраправодку памянялі, і 4 красавіка на Вялікдзень была цэлебраваная першая святая Імша. Асвяціў нашу капліцу ксёндз Андрэй з Докшыцаў. А колькі было гасцей — з Мёраў, Віцебска, Полацка і Наваполацка, мясцовых праваслаўных! Немалыя сродкі спатрэбіліся, каб упрыгожыць нашу святыню звонку. Мясцовая гаспадарка выдзеліла значную суму грошай на сайдынг, паставілі бетонную агароджу. Шмат давялося папрацаваць, каб давесці да ладу стары сад і ўсё навокал. Наш ксёндз працаваў разам з намі, прывозіў моладзь з Верхнядзвінска, жанчын з касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Ад усяго сэрца дзякуем яму за клопат пра нас, старых, пра нашых дзяцей. Няхай Усемагутны Бог асвеціць сваёй ласкай яго зямны шлях, каб з яго дапамогай мы маглі ратаваць нашыя душы. А ўсім, хто хоць чым-небудзь — ахвярай, працай, або малітвай — спрычыніўся да нашай святыні, шчыра дзякуем і просім для іх Божага благаслаўлення. Запрашаем да нас у Каханавічы».

Такі вось радасны допіс прыйшоў да нас напярэдадні свята.

Ёсць у нашай пошце ліст, у якім прыгадваюцца сумныя часы і сумныя падзеі. Вось што піша Віктар Ігнатавіч Леановіч з Віцебска: « Прачытаўшы ў часопісе пра ксяндза Станіслава Кудэрэўскага, я згадаў пра нашага ксяндза Варшу, які служыў у празароцкім касцёле ў 1945–1950 гады. Ён таксама быў арыштаваны НКУС у чысты чацвер у 1950 годзе. Я тады хадзіў у школу і на свае вочы гэтага не бачыў, але мама прыйшла з касцёла і казала, як піхалі яго ў машыну проста ў сутане адразу пасля Імшы. Яму было ўжо больш як 60 гадоў. Потым увесь вечар мама плакала з-за таго, што маліцца Богу ў касцёле мы ўжо не будзем. А далейшы лёс ксяндза невядомы. Цяжкія часы былі для касцёла: у ім зрабілі калгасны млын. Куча пылу, шум трактара, бруд — вось што я ўбачыў і пачуў, калі зайшоў у касцёл у 1982 годзе, праязджаючы праз Празарокі. На пачатку 90-х гадоў касцёл вярнулі, але з вялікай парафіі — каля 5 тысяч вернікаў — засталося сотні дзве старых. Дзядуля раней расказваў, як будавалі касцёл: каля пяці гадоў збіралі яйкі і закончылі ў 1907 годзе. У 1935 г. касцёл быў распісаны, але роспіс не захаваўся. Цяпер усё змянілася. Вёскі апусцелі, многія зусім зніклі. Я таксама ўцёк з калгаса пасля войска. Цяпер я парафіянін касцёла Святога Духа ў Віцебску. Бываю на вялікія святы ў сваіх Празароках — на магілах родных, дзядоў і бацькоў».

Што ж, не так усё і сумна. Касцёл у рэшце рэшт аддалі вернікам, дасць Бог і колькасць парафіянаў павялічыцца. А ў памяці сённяшніх дзяцей застанецца не занядбанне і разбурэнне святыняў, а іх адраджэнне.

А мы дзякуем усім, хто павіншаваў нас са святам і падзяліўся сваімі ўспамінамі.

Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.


Вера Галубовіч

Цэтлікі: Агляд пошты

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней