З паэтычнай пошты

Вербніца

Вербніца, вербніца...
Хата ззяе, свеціцца.
Ласкай сэрца поўніцца,
Дарагое помніцца.
Ходнічак квяцісты
На падлозе чыстай,
Стол памаладзелы
Пад абрусам белым.
Падушкі-вышыванкі,
Дыван-перабіранка...
Вербніца, вербніца...
Сонейка праменіцца,
Вясну сустракае,
Бога праслаўляе,
А матуля прамаўляе:
«Верба б’е, не заб’е,
За тыдзень — Вялікдзень...»
Галінкі вербачкі
Скачуць па плечыках,
Галоўках дзяціных.
...Цешаць успаміны.
Вербніца, вербніца,
Святая нядзеліца!
Свету адраджэнне,
Душы ачышчэнне.
Ах, матулька-мамачка...
Светленькая ранічка
Кліча-адгукаецца,
Толькі не вяртаецца.



Вялікі дзень

Вялікі дзень!
Душы ўваскрашэнне,
Уваскрашэнне праўды і дабра,
Сумленнасці, любові і натхнення,
І міласці ў вобразе Хрыста.
Вялікі дзень!
У жорсткасці, няпраўдзе
Распяты за народ, яго грахі
Бог-Чалавек — стагоддзямі на варце
Пытае: што ты ў жыцці зрабіў?
Вялікі дзень!
Узор для чалавецтва:
Каб згода панавала і спакой,
Змагаецца з духоўным Ён калецтвам,
З нікчэмнасцю і подласцю людской.
Вялікі дзень!
Адкрыйце насцеж сэрцы
Спагадзе, дараванню, чысціні...
— Пан Езус уваскрос! —
гучыць у цэлым свеце
Вы чуеце Вялікадня званы?!

                                                    Яніна Дземідовіч


                                                                           

                                                                                                                                                                                                                                   

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла