Малітва аб Божай дапамозе сястры Фаўстыны Кавальскай

Свой «Дзённік» святая сястра Фаўстына Кавальская пісала на працягу чатырох апошніх гадоў жыцця (1934–1938 гг.). Гэтую сціплую законніцу з Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці выбраў Езус, каб праз яе перадаць Касцёлу і ўсяму свету сваё самае важнае пасланне, каб нагадаць у ім біблійную праўду пра сваю міласэрную любоў да кожнага чалавека і ўсяго стварэння.


Сшытак першы, 163

Колькі разоў грудзі мае ўздыхнуць, колькі разоў сэрца маё ўдарыць, колькі разоў кроў мая запульсуе ў целе маім, гэтулькі тысяч разоў я прагну ўсхваляць Тваю міласэрнасць, о Найсвяцейшая Тройца.

Я прагну ўся перамяніцца ў Тваю міласэрнасць і быць Тваім жывым адлюстраваннем, о Пане; няхай гэта найвялікшая ўласцівасць Бога — Яго неспасцігальная міласэрнасць — пройдзе праз сэрца і душу маю да бліжніх.

Дапамажы мне ў гэтым, о Пане, каб вочы мае былі міласэрныя, каб ніколі не глядзела я з падазронасцю і не меркавала па знешніх прыкметах, а заўважала тое, што прыгожае ў душах бліжніх, і прыходзіла ім на дапамогу.

Дапамажы мне, каб слых мой быў міласэрны, каб я адгукалася на патрэбы бліжніх, каб не была я абыякавая да болю і стогнаў бліжніх.

Дапамажы мне, Пане, каб язык мой быў міласэрны, каб я ніколі не казала дрэнна пра бліжніх, а для кожнага мела слова суцяшэння і прабачэння.

Дапамажы мне, Пане, каб рукі мае былі міласэрныя і поўныя добрых учынкаў, каб я ўмела рабіць бліжняму толькі дабро і браць на сябе самую цяжкую, карпатлівую працу.

Дапамажы мне, каб ногі мае былі міласэрныя, каб я заўсёды спяшала на дапамогу бліжнім, перамагаючы сваю ўласную стому і змучанасць. Сапраўдны мой адпачынак — у служэнні бліжнім.

Дапамажы мне, Пане, каб сэрца маё было міласэрнае, каб я спачувала ўсім цярпенням бліжніх. Нікому не адмоўлю ў сваёй сардэчнасці. Я буду шчырая нават з тымі, пра каго ведаю, што яны злоўжываюць маёю дабрынёю, а сама я ўкрыюся ў Найміласэрнейшым Сэрцы Езуса. Пра свае цярпенні буду маўчаць. О Пане мой, няхай Твая міласэрнасць адпачне ўва мне.

Ты сам мне загадваеш практыкавацца ў трох ступенях міласэрнасці: першая — міласэрны ўчынак, якім бы ён ні быў; другая — міласэрнае слова, калі не змагу дапамагчы ўчынкам, то словам; трэцяя — гэта малітва. Калі не змагу аказаць міласэрнасці ні ўчынкам, ні словам, то малітваю магу заўсёды. Малітваю сягаю нават туды, куды не магу сягнуць фізічна. 

О Езу мой, перамяні мяне ў Сябе, бо Ты ўсё можаш.


Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней