Калі святар заводзіць старонку на facebook...

Нязведаныя шляхі твае, Божа: студэнт Тадэвуш Кан­друсевіч збіраўся пісаць кандыдацкую па гідрааўтаматыцы, а напісаў… дактарат па даследаванні самасвядомасці Касцёла ў дакументах Другога Ватыканскага Сабору. Ці простым быў такі выбар? У гутарцы з нашым карэспандэнтам Мітрапаліт аналізуе свой жыццёвы шлях, узгадвае студэнцкія часы і дзеліцца развагамі пра сацыяльныя сеткі.

— Якія прадметы, акрамя ма­тэматыкі і фізікі, Вам падабаліся ў школе?

— Гісторыя мне падабалася. А яшчэ фізкультура і праца (смяецца).

— Дзеці любяць разважаць над тым, кім яны стануць, калі вы­­растуць. Над чым разважалі Вы?

— Я нарадзіўся ў вёсцы. Як ха­дзіў у школу, мне часам думалася: «Вось, каб быць такім жа адукаваным, як наш настаўнік, — ён усё ведае!». Недалёка ад нас была застава, і вельмі часта праз вёску праходзілі жаўнеры. Вайскоўцы ідуць, а мы, хлопцы, побач пры­строімся і маршыруем. І так падабалася! Я рос у вельмі пабожнай сям’і, і касцёл у нас заў­сёды быў адчынены, але ў ім не ўвесь час быў святар. Калі мне было гадоў 10, у парафіі з’явіўся пастаянны святар — Пётр Бар­ташэвіч. Ён адразу пачаў збі­раць вакол сябе міністрантаў — нас было больш за 30 чалавек. Выдатная была мі­ні­странцкая фармацыя! У тыя часы была яшчэ трыдэнцкая Імша — па старым узоры, таму трэба было ведаць міністратуру на ла­цінскай мове... 

А яшчэ гулялі мы ў футбол  — ксёндз нават брамы пасля па­ставіў. Хто з нас калі бачыў той футбол? Але самае важнае было тое, што святар сам прыходзіў і ў сутане гуляў з намі ў гэты футбол. І тады ўпершыню з’явілася думка пра святарства.

— Але ў семінарыю Вы падаліся не адразу...

— Я заўсёды быў веруючым, хадзіў у касцёл. Але нават з пазі­цыі сённяшняга дня, калі прай­шло ўжо 50 гадоў, як я вучыўся ў школе, я не ўпэўнены, ці я пайшоў бы адразу ў семінарыю. Я нават не ведаў, дзе яна знаходзі­лася. А паколькі мяне прыцягва­лі таксама фізіка і матэматыка, пайшоў у Гродзенскі педінстытут, на фізмат. Многа думаў і пра тое, ці не пайсці ў медыцыну — у Гродне тады якраз адкрыўся ўні­версітэт. На той час гэта была та­кая экзотыка — медыцына была вельмі папулярным кірункам. 

Але ў інстытуце я правучыўся нядоўга. У газетах пачалі пісаць, што хтосьці са студэнтаў ходзіць да касцёла. Абураліся, як гэта магчыма, што будучы выхаваўца моладзі — веруючы. Пры тых ідэа­лагічных умовах гэта было непрымальна. І я быў вымушаны пакінуць інстытут. Вучыцца паехаў у Ленінград. Там скончыў по­літэх­нічны, затым быў накіраваны працаваць у Вільню.

— Ці лёгка было пакінуць тое размеранае жыццё і па­ехаць у Ленінград? 

— Мне давялося яго пакінуць. Інакш (гэта было зразумела) мне проста не далі б атрымаць вышэйшую адукацыю. Але мне хацелася вучыцца і трэба было шукаць нейкае выйсце. Я паехаў у Ленінград і паступаў наноў. 

— Як праходзілі Вашы студэнцкія гады? 

— Мне навука давалася вель­мі лёгка. Гэта не было нейкай цяж­касцю. Я ніколі не сядзеў па начах. Летам любіў гуляць у футбол, зімой — хакей альбо лыжы. Але як сесія прыходзіла, хакей ці футбол усё адно заставаліся. Як набегаюся, адпачываю яшчэ лепш — кіслароду многа. І была ў нас, студэнтаў, такая практыка: у апошні дзень перад эк­заменам мы сядалі ў адным пакоі разам — такая група моцных студэнтаў, тры-чатыры чалавекі — і кожны расказваў па пытанні, першае пы­танне — адзін распавядае, другое пытанне — другі. І так па чарзе. Не ведаю, ці карыстаюцца такой практыкай студэнты сён­ня, але мне яна бы­ла даспадобы. Пазней, калі вучыўся ў семінарыі, я ўвёў яе  там. Гэта дапамагала. Я вельмі любіў вучыцца, і нават сёння, калі б у мяне было больш часу, хоць кітайскую мову пайшоў бы вучыць.

— А ці спісваў студэнт Тадэвуш Кандрусевіч?

— Не памятаю. Можа, і было на такіх дысцыплінах, як паліт­эканомія ці марксіс­цка-ленінская філасофія, якіх ніхто не любіў, але якія трэба было здаць на 5, каб атрымліваць павышаную стыпендыю. Але звычайна было наадварот: калі мы пісалі кантрольную, стараўся дапамагаць іншым. Я казаў так: я добра буду ведаць дысцыпліну та­ды, калі спачатку зраблю заданні камусьці іншаму, а ўжо пасля і сабе. Але такая тактыка хутка пачала падводзіць, бо я не паспяваў рашаць свае заданні, а вакол пастаянна ўзнікалі вучні, якія не вельмі любілі вучыцца, але хацелі сядзець побач (смяецца).

— Пра што марыць святар у 65 гадоў?

— Паступова набліжаецца ўжо 30 гадоў святарства... Вядома, раней сітуацыя была не з простых. Працаваў я ў Вострай Браме — гэта і сёння самы вялікі санктуарый у нашай геапалітычнай пра­сторы. На той час туды прыяз­джала ці не палова беларусаў. Трэба было працаваць, як машына. І казанняў многа, і хростаў многа, і шлюбаў многа. У год у нас было каля 1600 хростаў, каля 800 шлюбаў, 480 пахаванняў. Я ўжо не кажу пра споведзі, Імшы... Усё было на дзвюх мовах — літоўскай і поль­скай. У нядзелю было 8 Імшаў. Святароў было не так многа, шмат даво­дзілася ездзіць і на рэкалекцыі. Катэхізацыя вялася тры месяцы летам. Хацелася таксама і вучыцца далей — я працаваў над ліцэнцыятам, потым над дактаратам, які абараніў на каўнаскім факультэце тэалогіі. Але з іншага боку — гэта ўсё вельмі моцна дысцыплінавала, развівала пачуццё адказнасці: калі ты не паедзеш, то ніхто не паедзе, бо святароў мала і ўсе занятыя працай, замяніцца няма з кім. 

Сёння сітуацыя змяняецца. І думаецца ўжо пра тое, каб святар выкарыстаў тыя магчымасці, якія ён сёння мае: каб святар заставаўся святаром да канца — каб свецкія справы не пацягнулі яго, каб у знешняй актыўнасці ён не згубіў свайго святарства і заставаўся верны свайму пакліканню. 

— Ці ёсць у Беларусі неабходнасць для стварэння ўласнага рэлігійнага каналу?

— Сёння, калі Касцёл хоча быць сапраўды евангелізуючым Касцёлам, ён павінен выкарыс­тоўваць усе сродкі мас-медыа. Паглядзіце, колькі людзей сёння па-за мурамі Касцёла, а моладзь выхаваная сёння пераважна на інтэрнэце, тэлебачанні, ра­дыё. Пакуль што мы маем пра­граму «Існасць», уключаюцца пра­мыя трансляцыі на святы... Але гэтага недастаткова. Па­трэба ёсць вялікая. Магло б, напрыклад, быць слова пастыра — як гэта робіць Права­слаўная Цар­ква на ОНТ, нейкія тэматычныя праграмы. Але як гэта зра­біць, я яшчэ не ведаю. Колькі ўжо захадаў было, але су­р’ёзнага рашэння пакуль няма. Нядаўна зноў размаўляў на гэтую тэму, але пра вынікі размовы гаварыць пакуль рана. 

— Вы ўжо неяк казалі, што актыўна карыстаецеся ін­тэрнэтам, каб быць у курсе падзеяў. Сёння вельмі распаўсюджаныя сацыяльныя сеткі. Ці ёсць у Вас старонкі на падобных сайтах?

— Так, сапраўды я часта карыстаюся інтэрнэтам, калі трэба ведаць навіны, калі рыхтуюся да казання ці раблю пастырскае па­сланне або канферэнцыю на пэўную тэму. Бо хочацца, каб гэта не была толькі чыстая тэорыя. Што да старонкі ў сацыяльных сетках, то сваёй старонкі ў мяне няма. Я пакуль што над гэтым не задумваўся. Але нават калі б і была — яе трэба абнаўляць, а на гэта па­трэбны час. 

— Апошнім часам святары даволі актыўна далучаюцца да сацыяльных сетак. Як Вы да гэтага ставіцеся?

— Я ведаю, што і некаторыя замежныя біскупы маюць такія анкеты. Проста трэба заўжды памятаць пра тое, што ты святар, памятаць, што на цябе ўсе гля­дзяць, і разумець, у якой «кам­паніі» ты знаходзішся. Калі святар ёсць у сеціве, з ім кантактуе многа людзей, і хацелася б, каб яны вучыліся ад яго дабру і каб гэтая старонка служыла абвя­шчэнню Евангелля, хрысці­ян­скіх маральных каштоўнасцяў. 

— А ці не разглядаеце Вы, напрыклад, той жа facebook як форму стасункаў паміж біс­купам і пробашчамі, як сродак, праз які можна рассылаць казанні? 

— Вядома, facebook мог бы стаць такой формай. Але той са святароў, хто мяне шукае, і так мяне заўсёды знойдзе. Неабавязкова для гэтага вы­карыстоў­ваць facebook. І я не думаю, што гэта кардынальна вырашыла б праблему. Іншая рэч, што для перасылкі тых жа казанняў у нас ёсць іншы сродак — catholic.by. Але гэта не значыць, што я супраць face­book. Час пакажа, што будзе далей, і я не выключаю, што буду ім кары­с­тацца. 

— Вельмі часта моладзь стаіць перад выбарам: уні­версі­тэт альбо семінарыя, свецкасць альбо духоўнасць. Вашая парада: як распазнаць пакліканне?

— Гэтае пытанне ўзнікае ў жыцці кожнага чалавека. І перада мной 35 гадоў таму таксама стаяла. Я быў інжынерам, меў добрыя перспектывы. Разам з ін­шымі інжынерамі атрымаў па­тэнт на спецыяльны шліфавальны станок для Волжскага аўтаваза. Вучыўся ў аспірантуры — такая кар’ера абяцалася быць... З іншага боку, я пастаянна задаваўся пытаннем, ці да канца я рэалізоўваю сябе. Штосьці такое ў галаве пастаянна круцілася. А святароў у Беларусі на той час станавілася ўсё менш і менш. Я доўга шукаў адказ — некалькі гадоў. І ўвесь гэты час я маліўся. Аднойчы, стоячы на каленях пры Вострай Браме, я сказаў сабе: іду ў семінарыю. І пайшоў, ня­гледзячы на ўсе цяжкасці. Трэба заўсёды размаўляць з Богам — і Ён падкажа правільнае рашэнне. Толькі не трэба змушаць Бога — «скажы мне заўтра». Прый­дзе час, і Бог скажа, якой дарогай ісці, каб быць карысным і Касцёлу, і лю­дзям. Бо можна быць патрэбным святаром, законнікам ці законніцай, а мож­на быць проста добрым сем’янінам, лекарам, інжы­нерам...

— Ці ўзнікала ў Вас жаданне ўступіць у закон?

— Не, не было такой думкі. Ды і ў тыя часы, калі я вучыўся, пра законы мала што было вядома. Казалі часам: вось езуіт пайшоў, а там — марыянін служыць. А праўда гэта ці не, хто там ведаў. Мяне да гэтага неяк не цяг­нула. Хоць, напрыклад, сённяшні біс­куп Новасібірска Ёзаф Верт, з якім мы разам вучы­ліся ў семінарыі, езуіт. Ён вучыўся на два гады пазней за мяне, але толькі пасля заканчэння се­мінарыі я даведаўся, што ён закон­нік.

— Колькі моваў Вы ведаеце і якую хацелі б вывучыць?

— Я магу размаўляць на рускай, беларускай, польскай, лі­тоў­скай, англійскай і італь­ян­скай. Добра разумею ўкра­інскую і славацкую мовы. Ка­лісьці меў мару навучыцца французскай, але так і не давялося. Сёння ўжо з пункту гледжання евангелізацыі, як святар, я з радасцю б вывучыў кітай­скую мову — гэта вялікі народ з вялікімі традыцыямі. Мне аднойчы даво­дзілася чытаць радок з малітвы вернікаў па-кітайску падчас усеагульнай расійскай сус­трэчы моладзі ў Іркуцку. Справіўся нядрэнна: кітай­ская мова значна лягчэйшая за в’етнамскую, у апошняй увогуле трэба спяваць.

— Калі б на адзін дзень Вам прапанавалі змяніць сутану на касцюм якой-небудзь іншай прафесіі і папрацаваць адзін дзень у іншай сферы, што б Вы выбралі?

— Яшчэ студэнтам неяк я быў на практыцы ў зборачным цэху аўтамабіляў, таму, калі б раптам надарылася магчымасць, я вярнуўся б, відаць, і папрацаваў адзін дзень там...

 Гутарыў Ілья Лапато.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла