За ўзнагароду Божую

«Апостальства свецкіх — гэта ўдзел у самой збаўчай місіі Касцёла, і менавіта для гэтага апостальства сам Пан прызначае ўсіх праз хрост і канфірмацыю» (LG 33). Гэтыя глыбокія і ў пэўным сэнсе патрабавальныя словы з Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл (Lumen gentium) сталі амаль дэвізам сёлетняй канферэнцыі «Für Gottes Lohn? Ehrenamt und Kirche» («За ўзнагароду Божую? Харытатыўная дзейнасць і Касцёл»), якая прахо­дзіла ў Зальцбургу з 13 па 15 студзеня дзякуючы аргані­зацыі Аўстрыйскага інстытута душпастырства.

Кола праблем, якія абмяркоўваліся падчас канферэнцыі, ахоплівала самыя розныя грані апостальскай дзейнасці свецкіх: узровень харытатыўнай працы на сучасным этапе, будучыня дабрачыннай дзейнасці (і ці існуе яна ўвогуле), праблемы супрацоў­ніцтва свецкіх са штатнымі касцёльнымі працаўнікамі, культура харытатыўнай працы, крыніцы матывацыі свец­кіх да дабрачыннай дзейнасці і інш.

Усе назіранні па гэтай пра­б­лематыцы грунтаваліся галоўным чынам на дадзеных мясцовага — аўстрыйскага — Касцёла. І нам, удзельнікам з Беларусі, гэта дало добрую магчымасць параўнаць тамтэйшы стан харытатыўнай дзейнасці з нашым, падзяліц­ца сваім досведам і прыслухацца да сведчанняў дзесяткаў іншых удзельнікаў канферэнцыі. І, трэба прызнацца, што сведчанні іх не заўсёды былі суцяшальныя, таму што Касцёл у Еўропе перажывае сур’ёзны крызіс. Ён нібы «тройчы сцякае крывёю: занепадае роля святароў, жыццё Касцёла на перыферыі і святкаванне Эўхарыстыі», — так сказаў адзін з дакладчыкаў, доктар Паўль Міхаэль Цуленэр. Па яго словах, людзі стра­цілі адчуванне адказнасці за Касцёл, абавязку прысутнічаць на штонядзельнай Эўхарыстыі. Касцёлы нават па святах застаюцца пустымі — і гэта пацвердзілі некаторыя святары падчас абмену досведам у групах. У вернікаў зні­кае ўсведамленне значэння Эўхарыстыі як жыццядайнай сілы Хрыста, у чым мы, на жаль, пераканаліся падчас самой канферэнцыі: на ранішнюю святую Імшу, якая цэлебравалася для ўсіх удзельнікаў канферэнцыі (а іх было каля 400), прыйшло толькі 4 чалавекі!

Як адзначыў доктар Цуленэр, жыццё аўстрыйскага Кас­цёла ўскладняецца яшчэ і недахопам святароў (дарэчы, падобная сітуацыя склалася ў большасці краін Заходняй Еўропы). Грамадства неда­ацэньвае іх працу і служэнне. У многіх касцёльных супольнасцях, падкрэсліў дакладчык, назіраецца т. зв. «эклезіяльная дэпрэсія старасці», занепакоенасць пытаннем: «Ці маем мы ўвогуле нейкую будучыню?» 

Здзіўляе тое, што Касцёл апынуўся ў такім становішчы, нягледзячы на вялізную разнастайнасць фармацыйных матэрыялаў. Многія хрысціянскія выдавецтвы наладзілі ў межах канферэнцыі выставу-продаж кніг рэлігійнай тэматыкі. Мяркуючы па гэтай выставе, багаты выбар літаратуры і дапаможных матэрыялаў маюць і святары, і катэхеты, і бацькі, якія зацікаўлены ў хрысціянскім выхаванні дзяцей, і псіхолагі-кансультанты, якія працуюць на карысць развіцця Касцёла...

Зыходзячы з гэтага, можна сказаць, што ў нас, у Беларусі, сітуацыя адваротная: Касцёл знаходзіцца ў стадыі адраджэння, людзей у святыні прыходзіць усё больш і больш, і ў той жа час вельмі востра адчуваецца недахоп адпаведнай фармацыйнай літаратуры. Што і казаць, калі мы яшчэ нават не маем поў­нага літургічнага перакладу Святога Пісання на беларускую мову! Але маштаб той апостальскай працы, якая была зроблена кансэкраванымі і свецкімі асобамі за апошнія два дзесяцігоддзі, не дае нам права на дэпрэсію і песімізм адносна будучыні Касцёла на нашай зямлі. А для таго, каб пазбегнуць таго духоўнага «сцякання крывёю», якое напаткала заходнія краіны, напэўна, варта пільна паназіраць за іх метадамі актывізацыі душпастырства ў такой сітуацыі і новымі формамі апостальскай дзейнасці.

Так, побач з «класічнай» формай харытатыўнай працы (пад ёю маецца на ўвазе доўгатэрміновае служэнне свец­кіх у пэўным дабрачынным таварыстве) вельмі распаўсюджанаю стала т. зв. «новая» форма дабрачыннай дзейнасці, г. зн., удзел у кароткатэрміновых праектах, якія распрацоўваюць спецыяльныя валанцёрскія агенцтвы. Узнікненне і арганізацыя такой формы апостальскага служэння абумоўлена пэўнымі зменамі ў грамадстве: 

ад чалавека патрабуецца ўсё больш мабільнасці і гнуткасці ў розных жыццёвых сітуацыях, штодзень на яго кладзецца вялізная нагрузка ў сям’і, на працы і г. д. Адсюль паходзіць тэндэнцыя абмяжоў­ваць харытатыўную працу па часе.

Прыклад такога кароткачасовага заангажавання быў прадстаўлены падчас канферэнцыі праз праект Каталіцкай моладзі Аўстрыі, які называецца «72 гадзіны без кам­прамісу». Ідэя праекта заключаецца ў наступным: раз на два гады адначасова ва ўсёй краіне распачынаецца каля 400 асобных грамадска-карысных акцый, у якіх дабравольна ўдзельнічаюць групы моладзі пад кіраўніцтвам падрыхтаваных асобаў. Па часе праект ахоплівае трое сутак (г. зн. 72 гадзіны) і звычайна прымяркоўваецца да выходных. У яго межах могуць вырашацца наступныя задачы: дапамагчы ў рамонце дзіцячага садка, засадзіць пералесак і г. д. Праўда, недахоп такіх кароткачасовых праектаў заключаецца ў тым, што іх удзельнікі не атрымліваюць доўгатэрміновай фармацыі, бо кожны раз групы набіраюцца занава. Акрамя таго, зусім нешматлікія акцыі скі­раваныя на адраджэнне менавіта хрысціянскіх каштоўнасцяў: паколькі групы міжканфесійныя, яны, па словах са­міх удзельнікаў, не прымаюць ніякай канкрэтнай ідэалогіі для прапаганды пэўных маральных прынцыпаў (напрыклад, абароны жыцця). Сярод матываў, якімі кіруецца моладзь пры ўдзеле ў такіх праектах, на першым месцы стаяць самарэалізацыя, задавальненне, атрыманне новага досведу і, магчыма, прафесійнай кампетэнцыі, знаёмства з новымі людзьмі і, вядома ж, дапамога іншым у вырашэнні іх цяжкасцяў.

Як бачым, праблемы існуюць у жыцці кожнага мясцовага Касцёла. І задача такіх канферэнцый — дапамагчы ў пошуку іх вырашэння. Вер­нікі Беларусі вельмі ўдзячныя Касцёлу ў Аўстрыі за падтрымку на этапе нашага адраджэння, за дапамогу ў выданні рэлігійнай літаратуры і перыядычных выданняў. Мы як хрысціяне павінны трымацца разам і маліцца адны за адных, а таксама памятаць, што будучыня Касцёла залежыць і ад кожнага з нас асабіста, бо «...кожны свецкі сілаю саміх дароў, дадзеных яму, становіцца сведкам і жывой прыладай місіі самога Касцёла „паводле меры Хрыстовага дару“ (Эф 4, 3)» (LG 33). Харытатыўная дзейнасць проста неабходная Касцёлу для збаўлення. Святары не могуць ускласці на свае плечы ўсю бяду свету, таму апостальства свецкіх ніколі не перастане быць запатрабаваным, якія б формы яно ні прымала і якія б задачы перад намі ні ставіла.

Ганна Серэхан

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла