Бэнэдыкт ХVI хоча, каб у Касцёле адбылося грунтоўнае ачышчэнне

Размова Кшыштафа Тамасіка з Петэрам Зэвальдам, нямецкім журналістам, аўтарам новай кнігі-інтэрв’ю «Святло свету. Папа, Касцёл, знакі часу».

 — Пасля інтэрв’ю «Соль зям­­лі», «Бог і свет» (гэтыя ін­тэрв’ю былі выдадзены як кнігі і сталі бестселерамі. — Заўвага рэд.) гэта Ваша трэцяе грунтоўнае ін­тэрв’ю з Ёзафам Ратцынгерам. Ці змяніўся кардынал Ёзаф Ратцынгер, стаўшы Бэнэдыктам ХVI?

— Вядома, папская ўлада надае шмат велічы, але Ёзаф Ратцынгер на працягу многіх гадоў застаецца тым самым Ёзафам Ратцынгерам, што і раней. Ён усё такі ж пакорны, велікадушны і адкрыты. Шчыра кажучы, я ведаю няшмат маладых людзей, якія былі б такія ж моцныя, жыццядзейныя, цікаўныя да свету і ў пэўным сэнсе настолькі маладыя і сучасныя, як гэты пажылы чалавек, які ўзначальвае Пятрову Сталіцу. Перш за ўсё ён захаваў сваю духоўную прыгажосць і тонкае пачуццё гумару. У большасці выпадкаў інфармацыю пра Бэнэдыкта ХVI падаюць вельмі недакладна. На самай справе гэта вельмі душэўны і надзвычай сімпатычны чалавек. 

 

— Нягледзячы на свае восем­­дзесят тры гады, Бэнэдыкт ХVI знаходзіцца ў добрай форме...

— Сапраўды, гэта для мяне таямніца. Гэта высокая пасада сама па сабе нясе вялікую нагрузку, таму час ад часу Бэнэдыкт ХVI выглядае стомленым. Але кожны дзень ён аднаўляе і ажыўляе ў сабе як бы новую крыніцу. Яшчэ ў гады вучнёўства Ратцынгер заўсёды быў вытрыманым, дысцыплінаваным, а перадусім дзейсным чалавекам. Не займаўся ніякім спортам, але прытрымліваўся пэўнага рытму жыцця паміж працаю, малітваю і адпачынкам. Ён кіраваўся парадаю Езуса: «Хопіць кожнаму дню свайго клопату» (Мц 6, 34) — што прынясе наступны дзень, бу­дзе бачна. У астатнім Папа цал­кам давяраецца волі Пана Бога. Ён ведае, што праблемы не вырашаюцца самі па сабе, з імі нельга змагацца аднаму — гэта можна зрабіць з дапамогаю Таго, хто мацнейшы за нас усіх.

 

— Што Вас найбольш здзі­віла падчас размовы з Бэнэдыктам ХVI?

— Бэнэдыкт ХVI — уважлівы і арыгінальны назіральнік. Гэта вельмі дасведчаны чалавек. Апрача таго, ён валодае неверагоднай памяццю, своеасабліваю здольнасцю і ўменнем ра­біць ясныя і выразныя фармулёўкі, узбагачаныя паэтычнымі рысамі. Я быў уражаны тым, з якой дакладнасцю ён можа аналізаваць развіццё сітуацыі ў грамадстве і Касцёле і глядзець на справы з зусім іншага погляду.

У нашай размове мяне здзі­віла шмат рэчаў. Узяць хаця б тое, як адкрыта і з якою любоўю да чалавека ён адказваў на пытанні пра суіснаванне і дыялог з іншымі рэлігіямі. Гэта тыя справы, якія не так лёгка закранаць аднаму чалавеку, якія ён звычайна бачыць у абмежаванай пе­рспектыве, часам напоўненай стра­хам. Бэнэдыкт ХVI імкнецца аб’яднаць усіх і нікога не ад­прэчвае. Ён бачыць справы праз прызму Бога — Бога, які ёсць Любоўю.

У яго адказах можна знайсці шмат раней не вядомых нюансаў, напрыклад, яго інтэрпрэтацыя папства, экуменічныя пытанні, звязаныя з сексуальнымі праблемамі, або папераджальнай дзейнасцю супраць СНІДу, у тым ліку і выкарыстання прэзерва­тываў.

Здзівіла мяне таксама тое, як дакладна ён ацэньвае станові­шча чалавецтва нашай эпохі; тое, што датычыць духоўнага, эка­лагічнага і асабліва грамадска-гас­падарчага становішча свету. «„Ананімны капітал“, гэта „ана­німная сіла і ўлада“, проста знявольваюць людзей, — гаворыць Папа. — Мучаюць і нават знішчаюць усіх, хто служыць уладзе».

 

— Якія патрабаванні ставіць Бэнэдыкт ХVI перад тымі, хто адказвае за сучасны Касцёл?

— Пасля жудаснага ўзрушэння, прычынай якога сталі выпадкі сексуальных дамаганняў, і выклі­канай гэтым разгубленасці, Бэнэдыкт ХVI хацеў бы, каб у Касцёле адбылося своеасаблівае грунтоўнае ачышчэнне. Пасля многіх, часам безвыніковых, дыс­кусій і напружанага занятку ўнутранымі справамі Касцёл павінен нанава звярнуцца да Езуса Хрыста, да евангельскага па­слання і жыць ім штодня. Гэта заданне гучыць так: абвяшчаць людзям праўду. Праўду пра таямніцу стварэння. Праўду пра чалавечую экзістэнцыю і праўду пра надзею, якая вышэй за ўсё чалавечае.

Мы вельмі доўга былі толькі назіральнікамі, у тым ліку і біскупы. Нас задавольвала пазіцыя ўсё рабіць так, нібы мы ўсяго толькі належым да хрысціянства. Узяць, напрыклад, урокі рэлігіі, катэхезу, якая, можна сказаць, пацярпела няўдачу ў многіх краінах, асабліва на Захадзе. Гэты час мінуў. Выклікі, якія стаяць перад Касцёлам, вельмі сур’ёзныя. Сёння нам патрэбна рашучае і ўгрунтаванае на асабістым сведчанні хрысціянства, такое, якое ўратуе стварэнне. Мы па­вінны ўсведамляць, што не толь­кі з’яўляемся жыхарамі гэтага свету, але, як сказаў Папа, «жыхарамі неба».

 

— Што найбольш хвалюе Бэ­нэдыкта ХVI?

— У кожную эпоху гучаць сцвярджэнні, што «Бог памёр», што трэба вярнуцца да канкрэтнага і рэальнага, а ўрэшце — уша­ноўваць «залатога цяльца». Гэты адыход ад Бога не заўсёды звязаны з недахопам прывабнасці веры, у большай ступені ён звязаны з «сіламі спакусы». Ці ж не праводзілі ў ХХ стагоддзі на Захадзе і Усходзе экзарцызмы над эксперэментам атэістычнага грамадства з усімі яго жудаснымі наступствамі? Не трэба тлумачыць, што сёння мы жывём у перыяд антыхрысціянскай разумовай дыктатуры. Чарговы раз у гісторыі мы перажываем час, калі здымаюцца крыжы ў школах і грамадскіх установах... З-за бюракратыі Еўрасаюзу хрысціянства ўспрымаецца як вораг Еўропы.

У той жа час Папа гаворыць: «Час рэлятывізму з яго светапоглядам, які канчатковым крытэрыем лічыць уласнае „я“, і яго жаданняў заканчваецца». У гэты момант бачна, як знішчаюцца фальшывыя богі. Безумоўна, Касцёл перажывае крызіс. На Захадзе адбываецца драматычнае падзенне жывога хрысціянства і касцёльных структураў. З іншага боку, нельга не бачыць, колькі людзей у Еўропе — у Італіі, Іспаніі, Польшчы, Германіі і іншых краінах — цвёрда лічаць сябе хрысціянамі і членамі Касцёла. І гэта не меншасць, а заўсёды значная большасць. Яна мае вельмі добры патэнцыял, які не гіне. У глабальным вымярэнні Каталіцкі Касцёл таксама ніколі не быў такі вялікі і ніколі так дынамічна не развіваўся. 

Папа спадзяецца, што гэта «хвіліна маўчання» можа быць перарваная і хрысціяне нанава змогуць адважна вызнаваць сваю веру. Ёсць таксама шмат такіх, хто не толькі цэніць сваю прыгожую літургію, але і ўмее супрацьстаяць дэфармацыям «духу часу». Вялікую надзею Бэнэдыкт ХVI звязвае з новымі рухамі, якія развіваюцца ва ўсім свеце. Урэшце надзею дае яму тое, што Езус Хрыстус не пакіне Касцёл. Папа разлічвае на вялікі рэнесанс каштоўнасцяў, з якім, безумоўна, мы можам дзейнічаць, у тым ліку паўторна адкрываць хрысціянскую веру і яе вя­лікія скарбы. Не павінна быць так, як ёсць. Мы заўсёды можам і павінны імкнуцца да зменаў.

 

— У чым падобныя і чым адрозніваюцца пантыфікаты Бэнэдыкта ХVI і Яна Паўла ІІ?

— Вядома, Бэнэдыкт ХVI з’яўляецца не толькі вялікім мысляром нашага часу, але таксама адным з найбольш значных тэолагаў у гісторыі Касцёла. Кардыналы, якія яго выбралі, вельмі добра ведалі, што ён — дар для Касцёла нашага часу. Менавіта ён найбольш адпавядае таму, каб прадаўжаць спадчыну Вялікага Яна Паўла ІІ. І першыя пяць гадоў яго Пантыфікату добра гэта пацвярджаюць. 

Ратцынгер мае іншыя рысы, чым Вайтыла, але відаць, як яны абодва адзін аднаго дапаўняюць. Бэнэдыкт ХVI — гэта чалавек, які цалкам аддаецца свайму служэнню. Ён непрымірымы, калі гэта датычыць пытанняў каталіцкай веры, а як пастыр стараецца быць яшчэ больш далікатным, больш пакорным і мудрым. Напэўна, Бэнэыкт ХVI не з’яўляецца чалавекам улады ў звыклым разуменні гэтага слова. Ён імкнецца кіраваць калегіяльна разам з біскупамі паўсюднага Касцёла.

 

Пераклад з польскай мовы 

Іны Ламакі.

Паводле: Wiadomoœci КАІ, 

№ 47, 28 лістапада 2010 г.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла