Што ў імені тваім? Вераніка і Антоній

 

Вераніка


У перакладзе з грэцкай мовы — тая, што прыносіць перамогу, пераможная.

Вераніка з Ерузалема і са­праўды была вельмі адважная, бо не пабаялася суровых рымскіх жаўнераў і выбегла насустрач Езусу, які нёс крыж на Галготу, і выцерла белай хустаю Яго змучаны ды знявечаны твар. І... усё. Яе галоўная адвага ў гэтым і заключалася. Сучасны прагматык, магчыма, маракаваў бы, а ці трэба было гэта рабіць, бо, маўляў, нічога ж не змянілася, крыжовы шлях не спыніўся, крыж усё роўна чакаў Асуджанага, а сама Вераніка магла дорага заплаціць за такую сваю ад­вагу. Прыкладна так можа хтосьці разважаць і пра тых, хто цяпер ідзе да безнадзейна хворага, каб проста пабыць з ім, пагаварыць, выцерці ягоны твар, падаць кубак вады. Гэты кубак мог бы падаць хтосьці іншы, але трэба, каб гэта зрабіў менавіта ты. Гэтак жа было і з Веранікай. Не стала чакаць, ці знойдзецца хтось­ці смялейшы за яе, проста выйшла з натоўпу сама. І тым праславілася на вякі. Дабрынёй. 

А ў Сярэднявеччы імя Вераніка азначала яшчэ і адбітак вобразу. Таксама прыгожа. І гэта таксама пра яе, Вераніку з Ерузалема.

У гісторыі Касцёла вядомыя дзве святыя і адна благаслаўлёная, што насілі гэтае імя. Адна з іх — Вераніка з Бінаско (1445–1497). Нара­дзілася яна ў беднай сям’і ў Ламбардзіі (Італія). Але гэтая сям’я была багатая на духоўнае багацце. У 22-гадовым узросце ўступіла ў кляштар аўгустынак святой Марты, у якім прытрымліваліся суровай рэгулы. Вяла вельмі насычанае духоўнае жыццё і атрымала шмат дароў ад Пана Бога. Гэтая простая дзяўчына, якая толькі ў кляштары навучылася чытаць і пісаць, пачала праяўляць нечуваную мудрасць, і да яе прыходзілі і прыязджалі розныя людзі, каб параіцца ў складаных пытаннях. Вераніка атрымала так­сама дар прароцтва і чытання ў чалавечых сэрцах.

Паддаўшыся Божаму натх­ненню, яна выехала ў Рым — на размову з самім Папам Рым­скім Аляксандрам VI, які сваімі паводзінамі наносіў вялікую шкоду Касцёлу. Мож­на толькі здагадвацца, якой была тая размова, бо пасля яе не засталося ніякіх дакументаў, але затое засталася ўдзячнасць вернікаў адважнай сястры Вераніцы. Яна адышла ў вечнасць 13 студзеня 1497 г. ва ўзросце 52 гадоў. 

Папа Рымскі Леў Х да­зволіў пашыраць яе культ у 1518 г., а папа Аляксандр VIII пацвердзіў гэта ў 1690 годзе.

У Беларусі найбольш вядомая Вераніка, апетая нашым цудоўным класікам Максімам Багдановічам (пра яе вельмі прыгожа спяваюць нашы «Песняры»).

Імяніны: 13 студзеня, 4 лютага, 17 мая, 9 і 12 ліпеня.

Антоній

Лацінскае імя, якое бярэ свой пачатак ад старажытнага рымскага роду Антоніяў.

Нашым вернікам найчасцей прыгадваецца, вядома, Антоній Падуанскі, які ўжо больш за паўтары тысячы гадоў дапамагае тым, хто губляе свае рэчы, а потым, памаліўшыся, знаходзіць іх. Не раз і не два аўтарка гэтых радкоў таксама карысталася дапамогаю гэтага святога. І не толькі тады, калі штосьці губляла. 

Але сярод святых ды благаслаўлёных нашага Касцёла ёсць і іншыя, не менш аўтарытэтныя асобы, якія носяць імя Антоній. 

Напрыклад, святы Анто­ній Пустэльнік. Ён нарадзіўся ў Сярэднім Егіпце каля 251 года. Пасля смерці багатых бацькоў, кіруючыся Евангеллем, раздаў сваю маёмасць бедным, пакінуўшы толькі на ўтрыманне сястры, а сам пайшоў жыць у пустэльню. Там ён аддаўся фізічнай працы, малітве і пакаянню. У ягоным жыццяпісе, напісаным святым Атаназіем, сцвярджаецца, што Антоній вытрымаў шмат яўных атакаў сатаны.

Напачатку ён жыў у гроце, потым перамясціўся на ўзбярэжжа Чырвонага мора і пасяліўся сярод руінаў старога замка. Пакрысе да яго пацягнуліся вучні, многія з якіх наследавалі ягонае жыццё. Так з’явіліся ў Касцёле Хрыстовым эрэміты з іх суровай кляштарнай рэгулай.

Святы Антоній, хоць і жыў у пустэльні, але быў добра абазнаны ў праблемах, якія перажывала тагачаснае хрысціянства, — жорсткі пераслед цэзара Максіміна, а таксама ерэтычны рух арыянаў. Святы Антоній горача абараняў чысціню Хрыстовай веры.

Заступніцтву святога Антонія Пустэльніка давяраюць свае праблемы хворыя на заразныя хваробы. Таму тыя з нас, хто моліцца за тое, каб у пакутным Гаіці суцішылася эпідэмія халеры, могуць ра­біць гэта з большым вынікам з дапамогаю святога Антонія Пустэльніка. Разам са святой Агатай ён аберагае таксама нашыя дамы ад пажараў.

У Беларусі ж мы шануем імя благаслаўлёнага Антонія Ляшчэвіча, мучаніка з Росіцы. А з выбітных нашых землякоў найперш узгадваецца дзеяч нацыянальнага адра­джэння пачатку ХХ ст. Антон Луцкевіч, а таксама вязень ГУЛАГу, сябра Саюзу бе­ларускіх патрыётаў Антон Фурс. З нашых сучаснікаў прыгадаем біскупа Антонія Дзям’янку, пробашча мінскай катэдры Антонія Кліманто­віча. Ды як не прыгадаць пры гэтым таксама і незабыўнага дзядзьку Антося з «Новай зямлі» Якуба Коласа?

Імяніны: 9, 12, 17 студзеня, 6 лютага, 1, 28 сакавіка, 10 красавіка, 16 мая, 7, 13 чэрвеня, 5, 7, 24 жніўня, 3 верасня, 31 кастрычніка і 28 снежня.

 

Падрыхтавала

Ірэна Задарожная.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла