«Жывём, каб збаўляцца, а не забаўляцца...»

У магазін «Духоўная кніга», што на вуліцы Багдановіча, 25, аднойчы зайшла жанчына і са смуткам сказала, што яе сын з нявесткаю вырашылі разысціся. Яна прасіла параіць літаратуру па праблемах сужэнства. Прадавец прапанавала набыць кнігу вядомага сямейнага псіхолага Яцака Пу­лікоўскага. Пазней жанчына прыйшла, каб падзякаваць су­працоўнікам «Духоўнай кнігі», паведаміўшы, што пасля та­го як «дзеці» прачыталі кнігу, яны перадумалі ісці на развод.

У лістападзе мінулага года Мінск наведаў вядомы сямейны псіхолаг з Польшчы Яцак Пулікоўскі. Многія яго ведаюць і ў Беларусі дзякуючы кнігам, што выйшлі ў выдавецтве «Pro Christo»: «Стоит быть отцом: главная ка­рьера мужчины», «Крокодил для любимой», «Стоит полюбить тёщу», а таксама дзякуючы яго цікавым артыкулам у часопісе «Любите друг друга». 

У Мінску ён сустрэўся са студэнтамі медуніверсітэта, а таксама выступаў у касцёле святога Роха і ў касцёле святых Сымона і Алены. Чалавек ён светлы, вельмі пазітыўны, з адкрытаю шчыраю ўсмешкаю. Свае сустрэчы звычайна пачынае так: «Я вельмі шчаслівы чалавек. Я шчаслівы муж адной жонкі, з якой у шлюбе ўжо 34 гады. Я шчаслівы бацька траіх дзяцей...» Аднак шчас­це бацькоўства да сужэнцаў Пулікоўскіх прый­шло не адразу. Яго яны чакалі цэлых дзесяць гадоў, займаючыся пры гэтым душпастырствам сем’яў. Гэтае вялікае служэнне яны нясуць па сённяшні дзень. 

За тры дні, што спадар Яцак прабыў у Мінску, ён акрэсліў і асвятліў шмат цікавых пытанняў па праблемах сям’і, бацькоўства і ўвогуле шчасця. 

Мужчына і жанчына: мы абсалютна розныя

Гэта тэма праходзіла праз усё выступленне Яцака Пулі­коўскага. Ён прывёў такі красамоўны прыклад: «У сямейную кансультацыю звярнуўся выкладчык ВНУ, ад якога пасля 17 гадоў сумеснага жыц­ця пайшла жонка, за­браўшы траіх дзяцей. Гэты мужчына ўвесь час даказваў мне, якая дрэнная была яго жонка. Ён нават вёў запісы, дзе рэгістраваў яе паводзіны і пастаянна даказваў ёй, што яна няправільна паступае, бо паводзіць сябе не так, як ён. Калі я пачаў тлумачыць яму, якія паводзіны тыповыя для жанчыны, расказваць пра тыповыя жаночыя рэакцыі, пра патрэбы жанчыны, мужчына расплакаўся, як дзіця. Ён толькі цяпер зразумеў, што ўсе 17 гадоў проста здзекаваўся з жонкі, мучыў яе псі­хічна — і толькі за тое, што яна паводзіла сябе як нармальная жанчына. Скрозь слёзы мужчына сказаў: „Чаму я не ведаў гэтага раней?“». Псіхолаг больш падрабязна расказаў слухачам пра адрозненні па­між мужчынам і жанчынай. Бог стварыў мужчыну і жанчыну з пэўнаю мэтаю: мужчына надзелены такімі якасцямі, каб ён мог быць бацькам, жанчына — каб быць маці. Жанчыне ўласцівыя мяккасць, пя­ш­чота, назіральнасць, здоль­насць заўважаць дробязі (гэ­та патрэбна, калі ёсць малое дзіця). Жанчына мае ўнікальную здольнасць пераключацца з адной працы на іншую, што абсалютна немагчыма для мужчыны. Жанчына мо­жа лёгка і свабодна рабіць некалькі справаў адначасова. Жанчына хутка і спантанна рэагуе на тое, што адбываецца навокал. Яна мае патрэбу ў пастаянных зносінах (гэта закладзена прыродаю для выхавання дзіцяці). Жанчына здольная на вялікую самаахвярнасць, але павінна ведаць яе мэту: для каго і для чаго гэта патрэбна. Жанчына любіць разнастайную працу і дрэнна пераносіць манатонную. Яна можа адпачываць у перапынках паміж заняткамі, прысеўшы на хвілінку. Гэта можа быць часта, але для адпачынку ёй патрэбна мала часу. 

З мужчынам усё інакш. Калі ён пачынае працу, гэта павінна быць «вялікая справа», а не дробязі. Для мужчыны няма горшага занятку, чым быць «хлопчыкам на пабягушках», тым больш у жанчыны. Ён ахвотна дапаможа, але перад ім трэба паставіць канкрэтную задачу. Ён можа цяжка працаваць шмат часу, але павінен закончыць справу. Аднак калі скончыць, па­вінен адпачыць. Жанчына часта гэтага не разумее і папракае мужа за тое, што ён ляжыць на канапе. 

Мужчына і жанчына па-рознаму памятаюць адны і тыя ж падзеі. Мужчына хоча ў жыцці быць кімсьці, а жанчына — быць кімсьці для кагосьці. Яшчэ вельмі важна ведаць: жанчына ўспрымае сябе галоўным чынам у эстэтычных і маральных катэгорыях. Яна хоча быць прыгожай, добрай, ствараць цудоўнае, і хоча, каб іншыя заўважалі гэта. Мужчына ўспрымае сябе абсалютна ў іншых катэгорыях — катэгорыях розуму, сілы, здольнасцяў, але перадусім — разумовых здольнасцяў. Задача жанчыны — пад­трымліваць пачуццё ўласнай годнасці ў мужчыны і стымуляваць яго высілкі. 

«Мне здаецца, — каментуе Яцак Пулікоўскі, — што мужчыны ўсё ж такі часцей гавораць жонкам: „Ты вельмі прыгожая“, чым жонкі мужам: „Ты вельмі разумны“». 

Сэрца мужчыны — гэта справы ўсяго свету, а свет жан­чыны — гэта справы яе сэрца. Гэты афарызм нагадвае пра самыя важныя матывы паводзінаў мужчыны і жанчыны.

Пароль: «кола»

Слухаючы шаноўнага спадара Яцака Пулікоўскага, я ўспомніла сведчанне адной жанчыны, якая тройчы была замужам. Яна са скрухаю ў сэрцы прызналася, што калі б яна адносілася да свайго першага мужа так, як цяпер адносіцца да трэцяга, яна ніколі не развялася б і была б самаю шчасліваю.

У ЗША было праведзена сацыялагічнае даследаванне групы сем’яў, у якой налічвалася 50% разведзеных сужэнцаў. Аналіз паказаў, што развод сужэнцаў першага шлюбу складае 40%, развод другога шлюбу — 65%, развод сужэнцаў, якія знаходзіліся ў трэцім, чацвёртым і г. д. шлюбе — 80%. У кіно ж нам паказваюць наадварот: кожная наступная жонка лепшая за папярэднюю, дарэчы, як і муж. «Гэта сапраўднае шатанства», — адзначыў шаноўны псіхолаг. Дарэчы, даследаванне паказала: сужэнцы, якія мелі касцёльны шлюб, разводзіліся ў 30% выпадкаў. Развод сужэнцаў, якія практыкавалі сваю веру, склаў 2%. Развод тых, хто разам моляцца і ў нядзелю бываюць у касцёле, склаў 0,07%. Спадар Яцак прыгадаў прыклад: адна сямейная пара вырашыла ка­рыстацца словам-паролем «кола», калі пачынала сварыцца. Гэта азначала, што трэба неадкладна разбегчыся ў розныя пакоі і памаліцца адну таямніцу ружанца. І ў сям’і хутка наступаў спакой. 

Мэта сужэнства

Вядомы псіхолаг пры­знаўся, што сам доўга не разумеў мэты сужэнства. Дапамог яму ўсвядоміць гэта Ян Павел ІІ, які сказаў, што мэта сужэнства — супольная дарога да святасці і што менавіта мужчына бярэ на сябе адказнасць за правільнае развіццё ўсіх членаў сям’і. Падкрэсліваецца паняцце «адказнасць», бо менавіта яно — ключ да разумення мужнасці мужчыны. Што азначае раз­віццё чалавека? Гэта не колькасць замежных моваў, якімі ён валодае. Сапраўднае раз­віццё чалавека — у яго духоўным росце, ва ўменні выбіраць паміж дабром і злом. Менавіта за гэта ў сям’і адказны мужчына. Ян Павел ІІ называе функцыі, якія дапамагаюць мужчыну рэалізаваць гэта на практыцы: 

1) адказнасць за зачатае жыццё;

2) сумесны ўдзел з жонкай у выхаванні дзяцей;

3) прафесійная дзейнасць павінна служыць умацаванню сям’і, а не яе разбурэнню;

4) прыклад сталага хрыс­ціянскага светапогляду.

Вось толькі некаторыя тэзісы выступлення на гэтую тэму Яцака Пулікоўскага.

• Калі чалавек свядома не будзе развіваць асабістых адносінаў са сваім Стварыцелем Богам, ён не можа быць па-сапраўднаму шчаслівым.

• Птушка не можа быць шчасліваю ў клетцы, бо жыве не сваім жыццём. Так і чалавек, які не будуе сваёй святасці...

• Часта мы думаем, што шчаслівы чалавек, які, пражыўшы ўсё жыццё па-свін­ску, за 5 хвілін перад смерцю навярнуўся да Бога. Не трэба зайздросціць яму, гэты чалавек жыў усяго 5 хвілін. 

• Распуснікі не сабралі ні­якага багацця, акрамя хвілін­най прыемнасці. Польская прыказка кажа: «Пан Бог прабачае заўсёды, калі чалавек раскайваецца. Чалавек прабачае часам. Прырода не прабачае ніколі». 

• Да нас ставяцца так, як мы гэта дазваляем...

• Лепш быць нямодным, але шчаслівым, чым модным і няшчасным.

• Кожны чалавек нараджаецца зранены першародным грахом, але дзякуючы Божай ласцы і ўласным намаганням можа ўзрастаць...

• Няма іншай дарогі да шчасця, як толькі праз любоў. Каб па-сапраўднаму любіць, трэба пераступіць праз сябе.

• Мы жывём, каб збаўляцца, а не забаўляцца...

10 запаведзяў сямейнага жыцця ад Яцака Пулікоўскага

1. Наблізьцеся да Бога і Яго запаведзяў.

2. Памятайце пра паслядоўнасць: на першым месцы — Бог, на другім — сужэнец, на трэцім — дзеці, пасля — іншыя людзі.

3. Змяняй сябе, каб быць лепшым мужам, лепшай жонкай, дбай пра сваё развіццё, станавіся лепшым.

4. Размаўляйце і слухайце адно аднаго.

5. Мужчыны, шануйце пачуцці жонак і захапляйцеся іх дабрынёй і прыгажосцю; жонкі, захапляйцеся справамі і мудрасцю мужоў, прабывайце пад іх апякунскімі крыламі.

6. Шануйце сем’і сваіх бацькоў і ніколі не майце да іх прэтэнзій.

7. Не аддзяляйце сужэн­скую блізкасць ад бацькоўства.

8. Няхай кожнае дзіця, нават незапланаванае, будзе для вас вялікім дарам.

9. Узгадняйце разам намеры ў выхаванні дзяцей і ніколі пры дзецях не паказвайце адмоўныя бакі сужэнца. Будзьце натхняльным прыкладам дабра для сваіх дзяцей.

10. Штодня рабіце невялікія прыемнасці адно аднаму.

Шмат важных і цікавых тэмаў асвятліў падчас свайго побыту ў Мінску наш шаноўны госць. Тым, хто зацікаў­лены ў большых ведах, раім набыць яго кнігі, якія дапамогуць па-іншаму паглядзець на сябе, на сваіх блізкіх, а ў крызіснай сітуацыі нават выратаваць сужэнства і сям’ю ад распаду.

Падрыхтавала Галіна Калевіч.

Фота Віталя Палінеўскага.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла