Схіліся нада мною, Пане...

Кожны чалавек пасля таго, як ён трапіць у бальніцу, ці не з першага ж дня пачынае чакаць тых, хто яго можа наведаць, пагаварыць з ім, пацікавіцца станам ягонага здароўя. Нам тады неяк адразу вельмі важнаю робіцца ўвага да нашай асобы з боку сяброў і блізкіх. А калі цябе, хворага, наведае не проста чалавек, а... найлепшы лекар чалавечых душаў і целаў — сам Езус Хрыстус? Для кожнага верніка такія адведзіны становяцца падзеяй, якую не забудзеш...

Пра ўсё гэта думалася ў ад­ну з суботаў на пачатку снежня, калі я папрасілася да ксяндза дэкана Мечыслава Янчышына ў спадарожнікі і разам з ім у той дзень наведвала хворых парафіянаў у Глыбокім. Даўно чула ад знаёмых, што ў Глыбокім існуе такая добрая практыка: кожную суботу святар выбіраецца з ад­ведзінамі да хворых у тутэйшую бальніцу. Распавяда­лі пра гэта мне глыбоцкія парафіяне з вялікай удзячнасцю, бо кожны з нас мо­жа апынуцца на месцы та­го, хто будзе чакаць такіх адведзінаў. І здарыцца гэта мо­жа ў любы дзень — хвароба, як вядома, часу і нашай згоды на яе прыход не чакае.

Душпастырства хворых у Глы­бокім трывае ўжо шмат гадоў. І шмат гадоў правай рукой святара, які адведвае хво­рых, у гэтай, такой па­трэбнай справе, з’яўляецца Легіён Марыі. Кожную суботу два чалавекі з Легіёну нараніцы выпраўляюцца ў бальніцу, абыходзяць адну за адной усе палаты і пытаюцца ў хворых, хто з іх жадае скарыстацца са святарскае паслугі. Звесткі за­натоўваюцца ў блакнот, а калі святар прыязджае ў бальніцу, яго ўжо чакаюць легіянеры, якія вядуць святара да кож­нага хворага. 

Гэтак жа было і ў тую суботу, калі мы з ксяндзом Мечы­славам прыехалі ў раённую бальніцу, у двары якой нас моўчкі прывітаў... анёл. Я на хвіліну затрымалася пры незвычайным помніку, а ксёндз Мечыслаў патлумачыў мне, што гэты мілы помнік вось ужо колькі гадоў вітае ў двары ра­дзільнага аддзялення нованароджаных глыбачанаў, а таксама іх мамаў ды татаў. 

Ідзем з ксяндзом Мечы­сла­вам па доўгіх бальнічных калідорах і праз нейкі час апы­наемся ў невялічкім памяшканні, якое служыць тэрапеўтычнаму аддзяленню ў якасці сталовай. Цяпер жа, калі да абеду яшчэ ёсць час, тут бу­дзе цэлебравацца святая Ім­ша. У той дзень на ёй было нешматлюдна: дзве актывісткі з Легіёну Марыі, дзве хворыя жанчыны, святар і я. Няшмат. Але хіба важнасць падзеі з тае прычыны зменшылася? Вядома, не. Тым больш, што малі­ліся мы за ўсіх хворых і іх родных, за медыцынскі  і гаспадарчы персанал бальніцы. Спла­наваць, колькі чалавек мо­жа прыйсці на Ім­шу ў бальніцы, немагчыма. Бо хто можа ведаць, колькі ўвогуле католікаў папраўляе ў гэ­ты час тут сваё здароўе? Але вельмі важна тое, што хворыя вернікі про­ста маюць такую магчымасць — раз у тыдзень удзель­нічаць у святой Імшы. 

Потым легіянеры з блакнотам у руках павялі нас па бальнічных палатах: з аднаго ад­дзялення — у другое, трэцяе, чацвёртае... У кожнай палаце нас ужо чакалі тыя, хто па стане свайго здароўя не маглі самастойна прыйсці на святую Імшу. Хтосьці з іх спавядаўся ў мінулую суботу і цяпер толькі прымаў святую Камунію. Хтосьці пажадаў скарыстаць з сакрамэнту споведзі, і мы па­слухмяна выходзім у калідор, пакідаючы святара сам-насам з хворым, каб праз нейкі час зноў вярнуцца ў палату, маліцца ды кленчыць пры ложку хворага ў тыя хвіліны, калі ён будзе прымаць Камунію. Дарэчы, ні разу не давялося ў такія хвіліны заўважыць здзіў­лення на тварах іншых хворых у палатах. Людзі ўжо даўно звы­кліся з адведзінамі святара сваіх вернікаў і ўспрымаюць гэта з належнаю пашанаю.

Чула, як некаторыя права­слаўныя прасілі памаліцца і за іх таксама. Словам, усе мы — дзеці аднаго Бога. І ніхто з нас не застрахаваны ад таго, што заўтра альбо паслязаўтра ён не апынецца сярод тых, каму будзе патрэбна медыцынская і малітоўная падтрымка. Абе­дзве — вельмі важныя. Вернікі гэта добра разумеюць, а таму ўдзячныя і святару за душпастырства хворых, і медыкам. Асаблівая ўдзячнасць вернікаў адрасавана загадчыку неў­­­ра­лагічнага аддзялення баль­­ні­цы Казіміру Яцыну, які ў многім спрыяў і спрыяе, каб та­кое душпастырства з’явілася, пад­трымлівалася і трывала.

Вядома, калі б не ахвярная праца актывістаў Легіёну Ма­рыі, то святару нашмат цяжэй было б наведваць хворых. Пры­знацца, нават цяжка ўя­віць, як бы гэта выглядала без легіянераў. Заўважым пры гэтым, што сам Легіён Марыі не такі ўжо і вялікі ў Глыбокім — усяго 13 чалавек. І кожную суботу два ягоныя ўдзельнікі па чарзе выпраўляюцца нараніцы ў бальніцу, каб з нататнікам у руках абходзіць палаты хворых з адным пытаннем: «Каму патрэбна святарская паслуга?» Хтосьці з хворых на гэтую прапанову абавязкова адгукнецца і будзе потым цярпліва чакаць таго моманту, калі дзверы палаты адчыняцца і на парозе з’явіцца святар...

У тую суботу ксёндз Мечы­слаў пасля бальніцы паехаў яшчэ і ў вёску Петрунова, дзе ў Глыбоцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для са­старэлых і інвалідаў яму насустрач радасна заспяшалася адна хворая, якая па супа­дзенні аказалася і маёй знаёмай. Яшчэ нядаўна мы часта сустракаліся з Жэняй Ігнацёнак у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку. Ды потым Жэніна жыццё зрабіла такі круты паварот, што яна апынулася тут, у Пе­трунове. Я прывезла для Жэні гасцінцы ад наваполацкіх парафіянаў, а яна, абняўшы мя­не, горача зашаптала: «Я так хачу дахаты, у Наваполацк!» Потым я, пакуль Жэня спавядалася, з горкім камяком у горле нейкі час праходжвалася па калідоры і вярнулася ў пакой, калі яна ўжо рыхтавалася прыняць Езуса ў сваё сэрца. Яшчэ нейкі час параз­маўлялі з ёю, а калі развітва­ліся, пачулі ад Жэні поўную надзеі просьбу: «Вы прыедзеце яшчэ да нас?» 

Пытанне гэтае было скіравана больш да святара, чым да мяне. На жаль, ён не мог адказаць на яго з упэўненасцю, не мог абнадзеіць чалавека, які так прагне жыць сакрамэнтальным жыццём. Яшчэ зу­сім нядаўна ў Петрунове быў звычайны дом для адзінокіх састарэлых людзей, і тады святары з Глыбокага тут таксама часта цэлебравалі святую Імшу, удзялялі людзям патрэбныя сакрамэнты. У до­ме, дарэчы, адведзены быў для гэтых мэтаў спецыяльны пакой, які служыў капліцай. Вокны гэтага пакою яшчэ і ця­пер пазначаны крыжам. Не ведаю спецыфікі працы цяперашняй установы ў Петрунове, але яна, безумоўна, ёсць, і з гэтым нельга не лічыцца. Ды ўсё ж так хочацца спадзявацца, што малітва тут зноў ажыве, і мая знаёмая Жэня таксама зможа там маліцца, спавядацца, чытаць нашы часопісы, якія яна вельмі любіць. На­дзею на гэта дае гатоўнасць ксяндза Мечыслава служыць вернікам і ў гэтым доме, тым больш, што ён мае вопыт працы з псіхічна хворымі людзьмі. Бо няма на зямлі чалавека, які не меў бы права звяртацца да Езуса Хрыста з просьбаю: «Схіліся нада мною, Пане, у хвіліну немачы маёй...»

Ірына Жарнасек.

Фота аўтара.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла