Што ў імені тваім? Адам і Ева

Прапануем вашай увазе познаёміцца з паходжаннем і значэннем імён Адам і Ева

 

Адам і Ева

Ад гэтых людзей, паводле Святога Пісання, пачаўся чалавечы род, таму пра іх немагчыма гаварыць паасобку.
Імя Адам паходзіць ад габрэйскага Adamah, што азначае «зямля». Такім чынам Святое Пісанне падкрэслівае, што цела першага чалавека паўстала з матэрыі і ў яе вернецца (Быц, 28). А яшчэ даследчыкі сцвярджаюць, што імя Адам бярэ пачатак і ад слова ada-mu, што азначае «мой бацька», бо ўвесь род чалавечы мае агульнае паходжанне. Пра гэта ж кажа нам і імя Ева, што азначае «маці», бо, як тлумачыць Святое Пісанне, «яна стала маці ўсіх жывых» (Быц 3, 20).

У каталіцкім літургічным календары святыя Адам і Ева таксама ўзгадваюцца разам — 24 снежня, напярэдадні Божага Нараджэння. І гэта невыпадкова, бо як праз Адама ў свет увайшлі грэх і смерць, так праз Езуса Хрыста Божая Міласэрнасць і вечнае жыццё прыйшлі для ўсіх людзей.

Хрысціянская легенда распавядае пра тое, што кроў Пана Езуса на крыжы сцякала на чэрап Адама. Пазней тэолагі бачылі ў гэтым толькі сімвал таямніцы Адкуплення: кроў Езуса найперш змыла першародны грэх, а з ім і нашыя грахі. Айцы Касцёла бачылі ў Еве запаведзь Найсвяцейшай Панны Марыі, і гэта выразна адлюстравана ў літургічных тэкстах на ўрачыстасці ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сярод слынных нашых землякоў, якія насілі імя Адам, — нараджэнец Наваградчыны, класік польскай літаратуры Адам Міцкевіч, гісторык і выдавец Адам Кіркор, ксёндз, выдавец і публіцыст Адам Станкевіч. Сярод сучаснікаў годна носіць імя нашага прашчура літаратуразнаўца Адам Мальдзіс. Шырока распаўсюджана на Беларусі прозвішча Адамовіч, а вядомы беларускі пісьменнік Вячаслаў Адамчык насіў зменшаную форму гэтага імя. Праўда, ягоныя сыны Уладзімір і Міраслаў не пажадалі мець у літаратуры адно прозвішча з бацькам. Так з’явіліся ў нас пісьменнікі Міраслаў Шайбак і Адам Глобус (усё ж такі Уладзімір узяў сабе псеўданім ад Адама!).
Імя Ева на Беларусі чамусьці амаль не сустракаецца, а вось у суседняй Польшчы і раней, і цяпер дзяўчынак часта называюць гэтым прыгожым імем.

У народзе існуе шмат прыказак і прымавак, а таксама прыкметаў, звязаных з Адамам і Евай: «Пачынаць ад Адама і Евы», «У Адамавым убранні», «Як Ева з раю», «Калі ў дзень Адама і Евы мароз і сонца, зіма рана трэсне» і іншых.

Ірэна Задарожная

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла