Рэальная казка на Божае Нараджэнне

 

«Шчаслівых Калядаў»
(Joyeux Noёl)
Год: 2005
Жанр: вайсковая драма, заснаваная на рэальных падзеях
Час: 116 хвілін
Краіна: Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Бельгія, Румынія
Рэжысёр: Крыстыян Кэрыён
У ролях: Дыяна Кругер, Бенно Фурманн, Гіём Канэ, Даніэль Бруль, Гэры Льюіс.
Фільм быў намінаваны на «Оскар», узнагароды Канскага кінафестывалю, «Залаты глобус», «Сезар» і інш.

Першы раз я ўбачыла гэты фільм не напярэдадні Калядаў, а ў гарачае лета, аднак свята нараджэння надзеі для ўсяго чалавецтва перажыла ізноў у акопах Першай сусветнай вайны разам з шатландскімі, французскімі і нямецкімі жаўнерамі, і ў чарговы раз зразумела, што на свеце значна больш таго, што яднае людзей, чым таго, што іх раздзяляе.

Гэты фільм — цудоўны прыклад еўрапейскага кіно, які мае ўсе перавагі перад шэрагам яркіх і салодкіх, як лядзяш, але пустых фільмаў тыпу «на Каляды» з тоўстымі Сантамі і камерцыйнымі прыхарошанымі «цудамі», якімі кожны год поўняцца ўсе відэа-крамы і тэлепраграмы. 

Гэты фільм — суровая, амаль дакументальная казка-рэальнасць пра тое, што і сярод жахаў вайны, заглядаючы ў вочы смерці, жорсткасці, пакутаў, людзі застаюцца людзьмі, дарослыя — стомленымі дзецьмі, якія ўжо нагуляліся ў вайну і прагнуць спакою. У 1914 годзе ў час Божага Нараджэння, якое здаўна трывала асацыюецца з супольнымі сямейнымі святкаваннямі, жаўнеры, міжволі «прывязаныя» да малога кавалку нічыйнай франтавой зямлі, сапраўды становяцца сям’ёй, не на некалькі гадзін, як думалі спачатку, а назаўжды. У чароўную ноч, калі нарадзіўся Той, Хто перамог смерць, нянавісць саступае любові, ворагі становяцца братамі, нямецкі тэнар спявае «Adeste Fideles» пад акампанемент губных гармонікаў і валынак, француз перадае віншаванне цяжарнай жонцы на акупаваную тэрыторыю праз нямецкага афіцэра, шатландскі святар цэлебруе вігілійную святую Імшу паміж акопамі, а анёльскае «Ave Maria» ў выкананні дацкай опернай спявачкі прымушае вайскоўцаў плакаць.

Ідэя простая, але вельмі каштоўная: вайна — абсурдная па сваёй сутнасці, людзі могуць разумець адзін аднаго, нават калі гавораць на розных мовах, а «Ціхую ноч» на Каляды могуць з аднолькава шчырай вераю спяваць усе, бо Хрыстус нарадзіўся для кожнага.

Час у фільме — паняцце абстрактнае. Як тады, так і сёння грамадства схільнае апраўдваць сябе палітычнай, гістарычнай, эканамічнай, геаграфічнай і іншымі «неабходнасцямі». Дастаткова паглядзець выпуск навінаў, каб зразумець, што так і ёсць. Але, калі людзі могуць у пекле вайны пакінуць зброю і выйсці насустрач адзін аднаму, каб пажадаць шчаслівых Калядаў, значыць братэрства, сям’я, любоў да бліжняга, жыццё, супакой могуць быць для кожнага чалавека не толькі словамі. І значыць надзея на перамогу дабра застаецца.


Юлія Шэдзько

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла