Кантроль або надзея?

Якая сувязь паміж кантролем і надзеяй? Як ні дзіўна, кантроль — гэта таксама від надзеі. Ці здагадаліся, надзеі на каго? Зразумела, на сябе. Трымаць усё пад сваім кантролем — значыць спадзявацца толькі на сябе, нікому не давяраць. І пагутарыць на гэтую тэму з вамі, дарагія чытачы, хочацца менавіта напярэдадні Божага Нараджэння.


Патрэба ў кантролі апісваецца часам як асноўная і натуральная для чалавека. Яна ўключае ў сябе патрэбу арыентавацца ў прасторы, разумець тое, што адбываецца, патрэбу ў прадказальнасці падзеяў і жаданне быць інфармаваным у выпадку магчымай небяспекі. Калі вы яшчэ раз удумліва прачытаеце, з чаго складаецца патрэба ў кантролі, то зразумееце, што ўсе гэтыя жаданні звязаныя са страхам, з тым самым страхам, які заўсёды ў большай або меншай ступені жыве ўнутры нас.

Гэта страх перад небяспекай, якая можа прынесці боль і якую можна прапусціць, не заўважыць, не паспець прадказаць, а значыць, ад якой немагчыма абараніцца. Гэтай небяспекаю можа быць боль цялесны: калецтва ў выніку няшчаснага выпадку, хвароба, у тым ліку і незаўважнае заражэнне якім-небудзь вірусам, або нават смерць.

Але яшчэ большы страх у нас, людзей, выклікае непазбежнасць болю душэўнага. Як страшна прапусціць сімптомы хваробы ў нашых блізкіх і страціць іх; страшна не заўважыць прыкметаў таго, што цябе разлюбілі, і быць пакінутым; страшна па недаглядзе блізка падпусціць да сябе чалавека з дрэннымі намерамі, які стане крыўдзіць або прыніжаць цябе. А прыняць ворага за сябра і сутыкнуцца са здрадаю, а не разлічыць свае сілы і ўпусціць перамогу проста з рук, а не заўважыць новую бліскучую магчымасць і страціць яе, ненаўмысна ўчыніць шкоду блізкім, неабачліва апынуцца ў недарэчным становішчы, нечакана страціць штосьці каштоўнае або ўвогуле раптоўна страціць усё? Толькі не спяшайцеся і ўдумайцеся. Хіба вам не страшна?

Для таго, каб абараніцца ад магчымага болю цяпер і ў будучыні, мы звяртаемся да кантролю. Кантраляваць у гэтым сэнсе азначае ўважліва сачыць за ўсімі магчымымі крыніцамі небяспекі, каб цалкам выключыць нечаканасць і непрадказальнасць.

Абараніцца ад болю і пазбавіцца страху — не такая ўжо і дрэнная задача. Праблема, як заўсёды, заключаецца ў спосабах, таму нагадаю: кантроль — гэта назіранне за крыніцамі небяспекі. І ў жыцці чалавека гэтых крыніцаў небяспекі, або непрадказальнасці, усяго тры.

Першая і самая трывожная з іх — гэта іншыя людзі.

Што прыйдзе ім у галаву ў наступны момант, што яны збіраюцца зрабіць, адкуль яны з’явяцца? Усе гэтыя думкі прымушаюць нас назіраць адно за адным з асцярогаю, і гэтая асцярога называецца недаверам. Вось простае пытанне: колькі вы налічыце людзей, якім заўсёды давяраеце на сто працэнтаў? Пры гэтым улічым, што давер на «дзевяноста дзевяць працэнтаў» азначае «не давяраю і асцерагаюся ў некаторай ступені».

Якія спосабы кантролю мы выкарыстоўваем у адносінах да людзей? Кантраляваць небяспеку — значыць ведаць пра яе ўсё, таму мы стараемся «быць у курсе», і чым больш нас непакоіць унутраны страх перад болем, тым больш нам трэба ведаць пра іншых: пра іх планы, магчымасці, здольнасці, сілы, а таксама пра іх слабасці. Аднак пры моцным страху аднаго ведання недастаткова, трэба яшчэ і кіраваць, а гэта ўжо патрэба ва ўладзе, якая дапамагае пазбавіцца ад адчування бездапаможнасці і напалоханасці. Менавіта тады пачынаюцца каманды: «Рабі гэта так, каб не было небяспечна!», «Не сумуй, а радуйся», «Не смей пра гэта думаць», «Адносся да гэтага так...», «Апрані гэта...», «Не стой», «Не сядзі», «Не маўчы», «Сябруй з гэтымі, а не з тымі», «Любі гэта, а не тое» і, галоўнае, «Не май ніякіх сакрэтаў, нічога асабістага» («Таму што мне страшна, калі я не бачу цябе наскрозь»).

Зрэшты, для кантролю падыходзяць усялякія распараджэнні і наказы, таму што толькі тады, калі іншы выконвае наш загад, мы можам дакладна ведаць, чым ён заняты, і не баяцца яго свабоды.

Кантраляваць іншых і мець уладу над імі можна шматлікімі спосабамі, напрыклад, увесь час абвінавачваючы, выклікаючы ў іншага пачуццё віны, якое будзе прымушаць яго «загладзіць віну», выслугоўваючыся перад намі. Гэта можна рабіць з дапамогаю асуджэння, крытыкі і пагарды, гэта значыць, выклікаючы ў іншых перажыванні няёмкасці, сораму і сумненняў у сабе. Тады яны будуць старацца заслужыць нашую павагу, ухвалу і зноў выслугоўвацца, робячы ўсё, што мы захочам. Можна запалохваць, пагражаючы і караючы, тады іншыя будуць адчуваць страх і таксама выслугоўвацца...

Можна зрабіць усіх бездапаможнымі і несамастойнымі, увесь час ім дапамагаючы і абслугоўваючы іх, тады яны стануць залежнымі ад нас і не змогуць без нас жыць, і мы станем спекуляваць іх залежнасцю і патрабаваць паслухмянасці. Дый ці мала ёсць спосабаў кіраваць іншымі! Ва ўсялякім выпадку на практыцы гэтае перажыванне ўласнай сілы зводзіцца проста да ўпэўненасці ў тым, што «тут усё пад маім кантролем, а значыць, нічога не здарыцца». Страх робіць нас жорсткімі, нават у адносінах да самых блізкіх...

Другая крыніца небяспекі — гэта мы самі.

Кантроль над уласнай непрадказальнасцю атаясамліваецца намі з кантролем над уласным жыццём. І тады імкненне трымаць усё пад кантролем, або ўпэўненасць у тым, што «я моцны, мне няма чаго сябе баяцца», праяўляецца ў бясконцым беганні па ўрачах або самалячэнні, у пастаянным падпарадкаванні правілам (каб выключыць непрадказальнасць), у спробах запраграмаваць будучыню, складаючы падрабязны расклад свайго жыцця на заўтра, на месяц і на год (быццам жыццё будзе нам падпарадкоўвацца), у жорсткіх адносінах да сябе праз безагаворачнае «трэба», «павінен», «нічога, пацерпіш», «а хто, калі не я». У пэўным сэнсе ўсе гэтыя прыёмы дазваляюць самастойна стварыць ілюзію таго, што мы самі сябе кантралюем, самі сабой кіруем і сябе не падвядзем. Толькі ілюзію.

Трэцяя крыніца — непрадказальнасці.

А значыць небяспекі, гэта тое, што называюць жыццём: прыродныя катастрофы, неўраджай і голад, вайна, будучыня. Гаворачы так, людзі, вядома ж, маюць на ўвазе Бога. «Што Ён задумае заўтра?» «Што вырашыць зрабіць са мною?» «Што Ён думае пра мяне?» І мы пачынаем баяцца заўтрашняга дня, адначасова спрабуючы яго кантраляваць, а дакладней, спрабуем кантраляваць Яго.

Колькі чалавечых спосабаў кантраляваць Бога вы ведаеце? Я назаву толькі некалькі. Напрыклад, рытуалы: «Я бываю ў нядзелю на літургіі, чытаю малітвы два разы ў дзень (раніцаю і вечарам), а таксама перад пасілкам, нікога не забіў і нічога значнага не ўкраў, таму Бог не павінен наносіць мне боль рознымі нечаканасцямі». Так мы часта молімся, каб трымаць «непрадказальнага» і «небяспечнага» Бога пад кантролем. Яшчэ мы можам складаць Яму ахвяры праведнасці і самакатавання, жадаючы задобрыць Яго, як ідала, зрабіць Яго прадказальным і падкантрольным (спытайце ў Ёва, што думае пра гэты спосаб ён). Часам мы пачынаем гадаць на сваю будучыню, жадаючы ведаць яе, а значыць, кантраляваць, называючы гэта спробаю распазнаць свой лёс. Мы можам спрабаваць даведацца пра сваю будучыню для таго, каб абараніцца ад страху, углядаючыся ў прыкметы і становячыся прымхлівымі, называючы гэта ўвагаю да Божых знакаў. Дый ці мала ёсць спосабаў кантраляваць Бога!

І вось, здаецца, кантралюем усё: і людзей, і сябе, і будучыню, гэта значыць, самога Бога. Але страх перад болем не праходзіць, цяпер ужо страшна страціць кантроль: памыліцца, не заўважыць, звар’яцець. Цяпер сам страх становіцца пастаянным болем.

Кантроль і ўлада не выратоўваюць чалавека ад болю! Ці памятаеце вы словы Хрыста: «Ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно» (Лк 10, 42)? Кантроль — гэта надзея на сябе і сваю сілу, мудрасць, праніклівасць. А ад страху, які і ёсць наймацнейшым болем, выратоўвае толькі надзея на Яго.

Ці не гэтаму нас вучыць Дзіцятка ў яслях?


Наталля Пан
Надрукавана ў «Ave Maria» № 12 (189), 2010

 

Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла