Папа Бэнэдыкт XVI у Іспаніі

Пілігрымка Святога Айца ў Сант’яга дэ Кампастэла і кансэкрацыя касцёла Святой Сям’і ў Барселоне — твора геніяльнага архітэктара Антоніо Гаўдзі — былі галоўнымі пунктамі 18-га замежнага апостальскага падарожжа Бэнэдыкта XVI, якое праходзіла з 6 па 8 лістапада.

Да аднаўлення хрысціян­скіх каранёў і стварэння будучыні на фундаменце праўды, свабоды і справядлівасці за­клі­каў Іспанію і Еўропу Бэнэдыкт XVI у сваёй прывітальнай прамове. Папа звярнуў увагу на значэнне пілігрымак у жыцці чалавека і Касцёла, пад­крэсліўшы, што Касцёл спа­дарожнічае чалавеку, які «горача жадае дасягнуць паўнаты свайго існавання», і сам «крочыць уласным унутраным шляхам, тым, якім вядзе яго праз веру, надзею і любоў да абвяшчэння Хрыста свету».

Папа дадаў, што мэтай яго візіту з’яўляецца ўдзел у Святым годзе Сант’яга дэ Кампастэла, адзначыўшы, што пілі­грымы да труны св. Якуба «ства­ралі шлях культуры, малітвы, міласэрнасці і навяртання, які атрымліваў кан­крэтнае ўвасабленне ў касцёлах, шпі­та­лях і кляштарах». Кажучы пра свой візіт у Барселону, дзе плануецца асвячэнне базылі­кі Святой Сям’і, Пантыфік пад­крэсліў, што жа­дае «ажы­віць веру яе гасцінных і дынамічных жыхароў» — «веру, якая была натхненнем для геніяльнага архітэктара Антоніо Гаўдзі да таго, каб узнесці ў гэтым горадзе, з запалам і ў су­працоўніцтве з многімі людзь­мі, гэты цуд, якім з’яўляецца базыліка Святой Сям’і».

Святы Айцец падкрэсліў, што Іспанія, якую «натхняе яе багатая спадчына чалавечых і духоўных каштоўнасцяў, спрабуе ісці наперад сярод цяжкасцяў і ахвяраваць сваю салідарнасць міжнароднай супольнасці».

Па словах Папы, яго візіт у Сант’яга дэ Кампастэла і Бар­селону таксама з’яўляецца нагодаю для таго, каб «аха­піць думкамі ўсе народы Іспа­ніі і Еўропы». Узгадваючы сло­вы Яна Паўла ІІ, які падчас прабывання ў Сант’яга дэ Кампастэла заклікаў Стары Свет аднавіць свае хрысціянскія карані, Пантыфік заахво­ціў Іспанію і Еўропу «будаваць свой сённяшні дзень і пла­наваць будучыню, зыхо­дзячы з праўды аб чалавеку, са свабоды, якая шануе гэтую праўду і ніколі яе не раніць, ад справядлівасці для ўсіх, пачынаючы ад найбяднейшых і без­абаронных».

Да жыцця ў святле праўды Хрыста, вызнання веры до­ма і на працы з радасцю за­клікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI іспанскіх католікаў 6 лістапада 2010 г. у гаміліі падчас святой Імшы. Папа цэлебраваў урачыстую літургію ў катэдральным касцёле Сант’­яга дэ Кампастэла.

Кажучы аб значэнні пілі­грымкі, якая з’яўляецца не проста наведваннем пэўнага горада, дзе можна «палюбавацца скарбамі яго прыроды, мастацтва або гісторыі», а азначае «адпрэчванне самога сябе, каб выйсці на сустрэчу з Богам», Пантыфік адзначыў, што прыбыў у Сант’яга дэ Кампастэла як наступнік Пя­тра, каб узмацніць веру, ажы­віць надзею і даверыць за­ступніцтву Апостала «прагненні і працу дзеля Евангелля». Па словах Святога Айца, вера «вядзе нас у таямніцу лю­бові, якой з’яўляецца Святая Тройца».

«Еўропа павінна адкрыцца на Бога, выйсці на сустрэчу з Ім без страху», — сказаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у гаміліі, прамоўленай падчас святой Імшы на плошчы Аб­радoіра ў Сант’яга дэ Кампастэла 6 лістапада. Па словах Папы, «Еўропа навукі і тэхналогій, Еўропа цывілізацыі і культуры павінна быць адначасова Еўропай, адкрытай на трансцэндэнцыю і на братэрства з іншымі кантынентамі, на Бога жывога і праў­­дзівага, пачынаючы ад чалавека жывога і праўдзівага».

Касцёл прагне прынесці Еўропе «клопат пра Бога і пра чалавека, пачынаючы ад разумення, што адно і другое да­дзена нам у Езусе Хрысце». Папа нагадаў аб галоўных па­трэбах і надзеях сённяшняй Еўропы, а таксама аб «спецы­фічным укладзе Касцёла для гэтай Еўропы, якая за апошнія паўстагоддзя прайшла шлях да новых праектаў». «Гэты ўклад засноўваецца на тым, што Бог існуе і што гэта Ён даў нам жыццё. Толькі Ён з’яўляецца абсалютам, лю­боўю вернай і нязменнай, апошняй мэтай, якая вылучаецца з усіх цудоўных дабротаў, праўдаў і прыгажосці гэтага свету: цудоўных, але не дастатковых для чалавечага сэрца», — дадаў Святы Айцец.

Пантыфік згадаў таксама пра распаўсюджаную сёння ў Еўропе думку, нібыта Бог з’яўляецца ворагам чалавечай сва­боды. Аднак, падкрэсліў Папа, Бог паслаў у свет свайго Сына, каб ніхто не загінуў, але меў жыццё вечнае. «Як бы Бог мог стварыць усе рэчы, калі б не любіў іх, Ён, які ў сваёй бясконцай паўнаце нічога не патрабуе? Як бы мог Ён аб’явіцца людзям, калі б не хацеў іх абараняць? Бог — крыніца нашага існавання, фун­дамент нашай свабоды, а не яе праціўнік», — падкрэсліў Святы Айцец. 

Папа сказаў, што святло Бо­га павінна зноў праясніць неба Еўропы. «Еўропа павінна адкрыцца на Бога, выйсці на сустрэчу з Ім без страху, су­працоўнічаць з Яго ласкай на карысць той годнасці чалавека, якую адкрывалі найлепшыя традыцыі: акрамя бі­б­лей­скай, якая мае пры гэтым фундаментальнае значэнне, таксама традыцыя эпохі класіцызму, Сярэднявечча і Новага часу, у якіх нарадзіліся вялікія філасофскія і літаратурныя, культурныя і грамадскія працы Еўропы».

Па словах Пантыфіка, Бог і чалавек «канкрэтна і гістарычна аб’явіліся ў Хрысце. Гэ­тага Хрыста мы можам знай­сці на шляхах, што вядуць у Сант’яга дэ Кампастэла». На гэ­тых шляхах знаходзіцца крыж, які «паказвае шлях на скрыжаваннях», — «найвышэйшы знак любові да самага канца, які з’яўляецца адначасова дарам і прабачэннем, павінен быць пуцяводнай зоркай у ночы часоў». «Крыж і любоў, крыж і святло сталі ў нашай гісторыі сінонімамі, бо Хрыстус дазволіў прыбіць сябе да яго, каб даць нам найвышэйшае сведчанне сваёй любові, каб заахвоціць нас да прабачэння і паяднання, навучыць нас, як перамагаць зло дабром», — падкрэсліў Папа.

Паводле матэрыялаў 

catholic.by

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла