Каб кожнаму ненароджанаму дазволiлi нарадзiцца

 

Ён і яна, сустрэча. Ён і яна, пацалункі, абяцанні вернасці, сімпатыі. Ён і яна, цяжарнасць. Яна і цяжарнасць. Аборт. Яна…

Адказнае бацькоўства. Праблема сям’і ці асобы? Як распазнаць сваю плоднасць? Ці ёсць плюсы ў кантрацэпцыі? Адказы на пастаўленыя пытанні шукаліся на сімпозіуме, прысвечаным медыцынскім і маральным аспектам адказнага бацькоўства.

— На сімпозіуме не ставала асобнай сустрэчы для ўра­чоў, — дзеліцца развагамі студэнтка Алена Нікіціна. — Я студэнтка медыцынскага ўніверсітэта па кірунку акушэрства і гінекалогіі. Праграма сімпозіума якраз уключала аповед пра медыцынскія аспекты адказнага бацькоўства, таму я ўскладвала вялікую надзею на сімпозіум ў Гродне. Хацелася сустрэць аднадумцаў, беларускіх акушэраў-гінеколагаў, паразмаўляць, даведацца, як яны спалучаюць сваё хрысціянскае веравызнанне і працу ўрача… Пасля ўсіх маіх расчараванняў прыйшла радасць, бо словы аднаго з дакладчыкаў ішлі проста да сэрца. «Мець дзіця і быць бацькам — гэта бясцэнны дар», — сведчыў мужчына з Познані, бацька семярых дзя­цей. «Так, — казаў ён, — хаджу ў адных ботах ужо коль­кі гадоў, але што з гэтага? Калі можаш прыйсці дадому, а цябе там так чакаюць, абдымаюць твае любыя дзеці, якіх табе даверыў Бог, ці не ёсць гэта найкаштоўнейшае багацце свету?»

Пётр Падлецкі — тэрцыярый Трэцяга ордэну францішканаў, бацька семярых дзяцей. Шмат гадоў мужчына працуе катэхетам у папраўчай калоніі і ў доме дзіцяці ў Кракаве. Чытачам «Моладзевага кварталу» прапануем невялікія вытрымкі з выступлення Пятра Падлецкага. Вытрым­кі, каб падумаць, паразважаць над дарам бацькоўства, якім валодае кожны з нас. Сведчанні, якія заканчваюцца формулай «ён і яна, дзеці — шчаслівая сям’я».

— Мая дачка жыве, дзякуючы таму што я прысутнічаў пры родах. Памятаю, як адчуў, што сэрца майго тады яшчэ ненароджанага дзіцяці пера­стала біцца… Я быў тады ў ра­дзільні і кінуўся да ўрачоў — жонцы тэрмінова зрабілі кесарава, хоць патугаў яшчэ не бы­ло... Мая дачка заблыталася ў сваёй пупавіне і не дыхала. Дзякаваць Богу, яна выжыла.

Мая жонка — педагог, працуе ў дзіцячым садку. Але ўжо 14 гадоў яна… у дэкрэтным адпачынку. Калі дакладней, то 16 гадоў — з перапынкамі. У нас сямёра дзяцей, і сёмае дзі­ця народзіцца праз тыдзень. Калі кажаш «у нас будзе дзі­ця», трэба разумець, што яно ўжо ёсць. Калі пачнеш гэта разумець, будзеш плакаць ад шчасця. Дзіцё пачынае існаваць не тады, калі народзіцца, яно існуе ад моманту зачацця. Двое з маіх дзяцей былі ўзятыя з дзіцячага дому. Аднойчы ўва мне выспела думка: «Я католік. І да мяне можа прытуліцца больш, чым адно дзіця. Чаму гэта не могуць быць дзеці з дому дзіцяці?» Я доўга не ведаў, як пагаварыць на гэты конт з жонкай. А калі рашыўся, высветлілася, што яна думае пра гэта ўжо некалькі месяцаў. Дух Святы дзейнічае. 

Праз пэўны час аказалася, што ёсць дзяўчынка ва ўзросце нашай дачкі. Нам хацелася, каб гэта была менавіта дзяўчынка (мы ўжо мелі пэўны досвед выхавання). Нам сказалі, што ёсць такая, але яна мае брата. Мы не хацелі раздзяляць брата і сястру, таму на працягу дня з бацькоў адной дачкі мы ператварыліся ў бацькоў траіх дзяцей. Аднойчы я быў цяжка хворы, ляжаў з высокай тэмпературай і трызніў. А дзеці вырашылі зрабіць спаборніцтвы — хто хутчэй накорміць тату апельсінамі. Уявіце сабе: я ляжу і чую, як нехта запіхвае мне ў рот апельсіны. Сілай запіхваюць мне іх і смяюцца. Я прачнуўся з поўным ротам апельсінаў, заліты ліпкім і салодкім сокам і дзецьмі, якія па мне скачуць. А ведаеце, навошта гэта распавядаю? Ні­колі ў жыцці не быў настолькі шчаслівы. Мне хочацца плакаць, калі пра гэта ўзгадваю. Такая колькасць дзяцей па­трабуе шмат грошай — я ха­джу шмат гадоў у адных і тых жа чаравіках. Але ніякія шэсць мерседэсаў не заменяць мне гэтых шасці дзяцей, якія скачуць па табе, калі ты абліты апельсінавым сокам. Не бойцеся дзяцей! Не бойцеся мець шмат дзяцей — гэта Божае благаслаўленне. Нехта скажа, што дзеці забяруць у вас шчасце, але ўзгадайце пра апельсінавы сок… Ян Павел ІІ казаў: «Змагайцеся за тое, каб кожнаму ненароджанаму дазволілі нарадзіцца. Не бойцеся цяжкасцяў». Для таго, каб бараніць ненароджаных дзяцей, не абавязкова быць хрыс­ціянінам. Дастаткова быць чалавекам.

Скажы жонцы, што ты кахаеш яе, калі яна будзе цяжарная. Скажы, што Бог вас благаславіць. Як паказваюць нямецкія даследаванні, тры чвэр­ткі жанчын не зрабілі б аборту, калі б знайшоўся той, хто падтрымаў бы іх у цяжкую хвіліну.

У канцы жыцця Бог па­ставіць перад табою купку дзяцей і скажа: гэта твае дзеці. Ты скажаш: як мае? У мяне няма дзяцей. 

«Гэта твае дзеці, — адкажа Бог, — таму што яны выратаваныя дзякуючы табе!» Ма­ліся за цяжарных жанчын і ніколі не дазваляй казаць лю­дзям, што ім перашкаджаюць дзеці. 

Любіце дзяцей, і гэта стане вашым Евангеллем жыцця.

Запісаў Ілья Лапато.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла