Што ў імені тваім?

 

Гэлена (Алена)

Гэтае імя грэцкага пахо­джання бярэ свой пачатак ад слова hele, што азначае бляск, святло, паходня.

Найвыразней, хіба што, адпавядала значэнню свайго імя візантыйская царыца, маці цэзара Канстанціна Гэ­лена. Лёс яе, хоць была дачкою карчмара, склаўся шчасліва: яна выйшла замуж за начальніка правінцыі, у якой жыла, а пазней гэты началь­нік стаў цэзарам Канстанцыем Хлоруксам. Нарадзіла яму сына Канстанціна, які, стаўшы імператарам (у 306 г.), зрабіў маці першаю дамаю сваёй краіны. Дзякуючы сыну Гэ­лена прыняла хрост і стала ўзорам хрысціянкі.

Гэтая пабожная і шчодрая жанчына была фундатаркай многіх касцёлаў у Рыме, Канстанцінопалі і ў Святой Зям­лі. Паводле старажытнай легенды, менавіта Гэлена знайшла рэліквіі Святога Крыжа з Галготы, частку якіх яна пераслала сыну ў Рым. І менавіта яе сын забараніў выкарыстоўваць крыж у якасці прылады пакарання смерцю.

Святая Гэлена была шчодраю таксама да бедных, хворых, сіротаў, удоваў, вязняў — яна імкнулася дапамагаць ім матэрыяльна і духоўна. Пад яе ўплывам сын таксама вы­даў некалькі загадаў у абарону няшчасных людзей. 

На абразах Гэлена найчасцей паказана з каронай на галаве, макетам касцёла ў адной руцэ і крыжам у другой.

На Беларусі імя Гэлена раней было больш папулярнае, яго зменшанае форма — Гэля.  Цяпер жа ім называюць дзяўчатак час ад часу. Ведаю і адну дарослую Гэлену — сонечную прыгажуню і пяюху. Асабліва прыгожа мінчанка Гэлена Грамыка спявае песні на хвалу Божую.

Імяніны: 18 жніўня, а таксама 2 сакавіка, 23 і 26 краса­віка, 4 і 22 мая, 31 ліпеня, 

 

13 жніўня, 23 верасня, 4 лістапада, 19 снежня.

 

Андрэй

Імя гэтае паходзіць ад грэцкага слова andreios,  што азначае мужны.

У Каталіцкім Касцёле ёсць шмат святых і благаслаўлёных, якія носяць гэтае імя. Але найвыбітнейшы з іх, вядома, апостал Андрэй — малодшы брат святога Пятра, напачатку вучань Яна Хрысціцеля, а пасля Хросту Езуса ў Ярдане Яго верны вучань і Апостал. Дарэчы, ён першы быў пакліканы ў шэраг апосталаў, таму у Праваслаўнай Царкве ён носіць яшчэ імя Andreas Protokleros, Андрэй Першазванны. Пасля смерці і ўваскрасення Збавіцеля апостал Андрэй нёс святло Евангелля на ўзбярэжжы Малой Азіі, у Грэцыі, на тэрыторыі сучаснай Турцыі, у Балгарыі. Ён прыняў мучаніцкую смерць на касым крыжы, які пасля гэтага пачалі называць андрэеўскім. Гэта здарылася 30 ліс­тапада каля 60–65 года.

Святы Андрэй з’яўляецца апекуном усходніх славянаў, народаў Аўстрыі, Грэцыі, Іс­паніі, Галандыі, Германіі, Расіі, а таксама ён апякун рыбакоў, рыцараў, падарожных, сужэн­скіх параў. Ягонай дапамогі просяць звычайна хворыя на дэзентэрыю, якую некалі называлі хваробай св. Андрэя, а таксама хворыя на сутаргі, рожу, падагру.

Даўні звычай у католікаў — святкаваць 30 лістапада Ан­дрэйкі, вясёлае свята моладзі, якое часта адзначаецца на пачатку Адвэнту. Праўда, сёлета Андрэйкі прыпадаюць на першы тыдзень посту, так што не пераблытайце!

На Беларусі імя Андрэй шырока ўжываецца ў тапаніміцы: ёсць вёскі і засценкі Андрэеўшчына, Андрусёва, Андрэйнікі і г.д. Сярод католі­каў найбольш вядомыя свя­ты Андрэй Баболя і генерал ордэну марыянаў, вязень ста­лінскіх лагераў — айцец Ан­дрэй Цікота.З беларусаў, якія насілі гэтае імя, узгадваецца найперш таленавіты драматург Андрэй Макаёнак, паэты Андрэй Грабаў і Ан­дрэй Пяткевіч. 

Імяніны: 30 лістапада, 

16 мая (Андрэя Баболі), а таксама 6 і 19 студзеня, 4 лютага, 12 і 27 красавіка, 13 мая, 12, 13,16,17,21 і 31 ліпеня, 1 і 10 лістапада, 10 снежня.

Падрыхтавала 

Ірэна Задарожная.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней