Таямнічая дарога да святыні

Той, хто любіць падарожнічаць, пілігрымаваць у святыя мясціны розных краінаў свету, напэўна, ведае пробашча расонскай парафіі святога Язафата Кунцэвіча ксяндза Вячаслава Барка.  Пераканана, многія чытачы «Аve Maria» таксама пілі­грымавалі  ў Рым, Люрд альбо Фаціму разам з ім. Яго часам так і называюць — каардынатар па пілігрымках Віцебскай дыяцэзіі. 

А 18 верасня амаль усе святары Віцебскай дыяцэзіі, многія вернікі з розных парафій Віцебшчыны пілігрымавалі... у Расоны. Тут, на ўскрайку раённага цэнтра Віцебшчыны, адбылася падзея, якая, безумоўна, увойдзе ў гісторыю краю. Біскуп Віцебскі Ула­дзіслаў Блін на ўрачыстай святой Імшы асвяціў касцёл святога Язафата Кунцэвіча. 

Не надта высокая й вялікая, гэтая святыня прыцягвае да сябе людское вока і сэрца. Будоўля яшчэ не скончана: у касцёле пакуль няма падлогі, прыкасцёльны пляц таксама нагадвае аб нядаўнім будаўніцтве. Не завершана яшчэ і праца мастака Уладзіміра Кандрусевіча, хоць тое, што ён ужо зрабіў, здзівіла й захапіла ўдзельнікаў урачыстасці. Чатыры фрэскі паводле матываў твораў знакамітага італьянца Джотто, што адлюстроў­ваюць падзеі Евангелля, і вялізны крыж у алтарнай частцы святыні — такімі мастацка-духоўнымі творамі расонцы могуць па-сапраўднаму ганарыцца. Спадзяюся, што ў касцёл прыйдзе не адна група мясцовых вучняў — хоць бы з экскурсіяй, калі не з малітвай. А зрэшты, заўсёдная таямніца зараджэння ў чалавеку веры так і застаецца для ўсіх нас таямніцай. Таму будзем спа­дзявацца, што хтосьці з тых, хто адчыніць дзверы гэтай святыні з простай цікаўнасці, магчыма, выйдзе з яе з пасеяным у душы зернейкам веры. Галоўнае, што такая магчымасць у Расонах з’явілася.

Таму зусім не абавязкова цяпер расонцам ехаць у далёкія краі, каб перажыць найвышэйшы цуд — сустрэчу з Богам.  Яго магчыма сустрэць цяпер у саміх Расонах і менавіта тут паяднацца з Ім у святой Эўхарыстыі. Бы­ло б жаданне. Вельмі прыгожа й змястоўна гаварыў пра гэта ў казанні айцец дамініканін Раман Шульц.

Падчас урачыстасці мне ўспаміналася, як мы са святарамі Вячаславам Барком і Вячаславам Пялінкам ездзілі шукаць католікаў у Расонах дзесяць гадоў таму. Быў усяго адзін адрас — Адэльфіны Машніч, якая час ад часу прыязджала на святую Імшу ў Полацк. Гэты чалавек шукаў Бога, прагнуў Яго і не шкадаваў для сустрэчы з Ім ні часу, ні высілкаў. Ужо тады немаладая, яна вельмі ўзрадавалася, пачуўшы, што ў Расонах, магчыма, будзе парафія! 

Часта думаю пра тое, як жа нам, вернікам, трэба дзякаваць Богу за гэты шчодры дар, якім Ён адарыў нас, — дар веры! І не крытыкаваць, не пасміхацца з тых нашых знаёмых, сваякоў, блізкіх, якія пакуль што не знай­шлі сваю дарогу да Бога, а… спачуваць ім. Спачуваць і маліц­ца за іх. Бо верыць Богу, належаць да супольнасці Яго абраннікаў — гэта, згадзіцеся, вялікае шчасце. Ці цэнім мы гэта належным чынам?

На ўрачыстасці асвячэння касцёла ў Расонах была і наша знаёмая пані Адэльфіна. Некалі яна казала пра тое, як марыць дачакацца гэтага свята. Дачакалася, хоць гады, вядома, бяруць сваё. Шчаслівая на ўрачыстасці была і старшыня парафіяльнае рады Вера Іванаўна Ерамеева, якая таксама моцна ўзрадавалася нам, неспадзяваным гасцям, у той даўні восеньскі дзень, калі мы шукалі патэнцыяльных парафіянаў у Расонах... Не хавала слёзаў радасці і мая зямлячка з Глыбоччыны Ядвіга (у дзявоц­тве Зубрэвіч), якая жыве ў вёсцы Клясціцы, што схавалася ў лясах паміж Полацкам і Расонамі. Дарэчы, на Імшу ў Расоны прыяз­джаюць вернікі не толькі з Клясціцаў, але і з Селяўшчыны, Дворышча... 

Дзіўна, што няма сярод расонскіх парафіянаў жыхароў агра-гарадка Гарбачэва. Ка­лісь­ці гэта была звычайная, хоць і немалая, вёска, у якой на мяжы ХІХ—ХХ стст. быў узведзены касцёл святога Юзафа, якім апекаваліся айцы езуіты з Полацка. Касцёл гэты быў з чэсанага каменя — з дзвюма вежамі, пабудаваны ў неараманскім стылі. Вядома, што апошнімі святарамі, ужо пры савецкай уладзе, у ім служылі Юзаф Лук’янін 

(1922 г.) і Адольф Філіп (1924–1927 гг.). Яны былі апошнімі святарамі і на расонскай зямлі. Лёс абодвух трагічны — прайшлі праз сталінскія лагеры і ўрэшце загінулі ад кулі энкавэдыстаў. Касцёл пасля арышту ксяндза Адольфа Філіпа зачынілі, а ў вайну ён быў моцна пашкоджаны. Зразумела, што ў пасляваенны час не было каму яго аднаўляць, ды й хто ў партызанскім краі даў бы такі дазвол? Цэглу з ягоных сценаў (добрая, кажуць, была цэгла, моцная) гарбачэўцы разнеслі для сваіх печаў, каменне з падмурка лягло ў падмуркі некаторых дамоў у Расонах, а на адным асобна ўстаноўленым валуне і цяпер яшчэ можна прачытаць словы пра тое, што святыня ў Гарбачэве ўзведзеная на хвалу Божую… Такая вось сумная гісторыя касцёла святога Юзафа ў Гарбачэве, гісторыя ягоных парафіянаў і іх нашчадкаў, якія жывуць цяпер у агра-гарадку і пакуль што не адшукалі сваёй дарогі да святыні. Хто скажа пасля гэтае гісторыі, што дар веры — гэта не вялікая таямніца? Гэтак жа, як вялікая таямніца і тое, чаму гэты дар часам пакідае чалавека... Не сумеў супрацоўнічаць з ім? Не збярог? Не цаніў як найвялікшую каштоўнасць?

Але пакуль ёсць касцёл, пакуль служыць у ім святар і што­дня выходзіць да алтара, каб скласці Найсвяцейшую Ахвяру Пану Богу, у кожнага жыхара і Расонаў, і аддаленых ды блізкіх вёсак ёсць магчымасць знайсці свой шлях да святыні, да Бога. Тым больш, што ў Расонах ужо ёсць хоць і невялікая, але моцная, дружная супольнасць вер­нікаў, тых людзей, якія чакалі ўрачыстасці асвячэння свайго касцёла, шмат працавалі на яго будоўлі, шмат уклалі ў яго ўласных сродкаў. Бо для святой справы не шкада ні часу, ні сродкаў, ні сілаў. На гэтым трымаецца наш Касцёл. Але найбольш ён  трымаецца моцаю Хрыста, свайго Заснавальніка. І пакуль мы, вернікі, належым да Хрыста — мы моцныя.

 

 

Ірэна Задарожная.

Фота Карнэлія Консэка.

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла