Пра нашых бліжніх

Рубрыку вядзе псіхолаг Наталля Пан

Калі б хтосьці спытаў у Вас пра тое, якіх людзей Вы называеце сваімі сябрамі, як бы Вы іх апісалі? Паспрабуйце пералічыць рысы, якімі павінен валодаць чалавек, каб у яго з’явіўся шанец стаць Вашым сябрам. І не саромейцеся даўжыні спісу, какецтва тут недарэчнае, бо размова сапраўды сур’ёзная.

І якіх рысаў дакладна не павінна быць у тых, хто побач з Вамі? З якімі праявамі Вы змагаецеся або збіраецеся змагацца ў Вашых дзецях? Адным словам, якіх людзей Вы не любіце?

Думаючы пра любоў да бліжняга, непазбежна сутыкаешся з двума пытаннямі: хто мне бліжні, а хто не, і што значыць любіць, а што — цярпець, часам нават сціснуўшы зубы? Паспрабуем чарговы раз паглядзець на сябе, і, па магчымасці, аб’ектыўна.

Ці задумваліся Вы калі-небудзь над тым, чым прынцыпова адрозніваецца асяроддзе, у якім жыве дзіця, ад асяроддзя дарослага чалавека? Ці былі Вы шчаслівыя ў коле сям’і і сваякоў у дзяцінстве? На самай справе, калі чалавек нараджаецца, гэта значыць, трапляе ў гэты свет як навічок, ён тут зусім чужы, або, хутчэй, усе чужыя яму. Зразумела, яго бацькі, іх сваякі і сябры з нецярплівасцю чака­лі гэтага дзіцяці (што таксама, зрэшты, бывае не заўсёды), але ці ведае само дзіця пра гэта? Толькі падумайце, ці можа дзіця за суткі да свайго нараджэння (правёўшы ўсё сваё «свядомае» жыццё ў матчыным улонні) ведаць пра тое, што існуе яшчэ нейкі знешні свет і іншыя — у параў­­нанні з ім гіганцкія і магутныя — істоты з рукамі, нагамі і галавою. Інакш кажучы, ці ведаюць дзеці да нараджэння, што ў іх ёсць мама і як яна выглядае?

Такім чынам, трапляючы ў гэты свет, дзіця сустракае мноства чужых, але, на шчасце, яно яшчэ настолькі малое, што не можа ў поўнай меры ацаніць такой небяспекі. Паступова, знаходзячыся ў па­стаянных стасунках з маці, дзіця пазнае ў ёй першага і галоўнага на доўгія гады бліз­кага чалавека. Так у нас з’яўляюцца першыя адносіны і першы бліжні. Мы як дарослыя людзі разумеем, што асноўным ініцыятарам і будаўніком гэтых адносінаў з’яўляецца не само дзіця, а яго мама. Менавіта яна часцей ахвяруе сабой і саступае дзеля таго, каб іх сяброўства ўзмацнялася. І вось аднойчы дзіця проста заўважае, што ў яго ўжо ёсць бліжні, і ўсё адбылося само па сабе. Праходзіць яшчэ крыху часу, і бліжніх стано­віцца больш: тата, бабулі і дзядулі, браты і сёстры, цёткі і дзядзькі, адным словам — сваякі. Іх мы таксама не выбіраем, яны проста з’яўляюцца ў нашым жыцці — часам з падарункамі, часам без іх, і чакаюць увагі да сябе, патрабуюць нашага часу. Аднак пакуль дзіця яшчэ малое, час і ўвагу бліжніх хутчэй спажывае яно, мяркуючы па сваёй нясталасці, што гэта і ёсць сапраўдныя адносіны.

Аднак час ідзе, і паступова дзеці пачынаюць разумець, што ім цікава ў іншых людзях. Першае — гэта тое, чым іншы чалавек можа быць карысны для іх, што ён можа даць. А другое — гэта індывідуальнасць іншага, яго асаблівасці, яго непадобнасць да ўсіх астатніх людзей. Перш чым дзі­ця пачне адрозніваць гэтыя два бакі, яно, само таго не разумеючы, бачыць у іншых толькі карыснасць і ўспрымае бліжніх у большай ступені як узаемазамяняльных. Таму яно больш любіць, напрыклад, тую бабулю, якая дорыць падарункі і гуляе з ім, але калі праз некаторы час увагі і падарункаў прыходзіць больш ад цёткі, то дзіця пачынае цяг­нуцца да яе. На мове дарослых гэта значыць цікавіцца не столькі самім чалавекам (яго настроем, планамі, мара­мі, талентам, страхамі, ідэямі), колькі тымі карыснымі фу­нк­цыямі, якія ён можа выконваць у нашым жыцці (любіць нас, суцяшаць, карміць, за­рабляць грошы, дарыць па­дарункі, абараняць у выпадку небяспекі і г. д.). Сакрэт такіх адносінаў хаваецца ва ўзаемазамяняльнасці — не той, дык іншы, і калі ты дрэнна вы­конваеш свае функцыі, то для мяне не важная твая асоба.

Аднак сталеючы і пачынаючы адрозніваць у іншым чалавеку два бакі, функцыянальны і індывідуальны, дзі­ця ўжо здольнае даражыць не толькі карыснасцю іншага, але і яго асобаю. Адсюль выні­кае важная заканамернасць пабудовы чалавечых адносінаў: чым больш функцый мы можам выконваць самі для сябе (самі ўмеем сябе супакойваць, абараняць, карміць, забаўляць, зарабляць грошы), тым менш важным для нас бывае карысны, безасабовы, механістычны бок іншага чалавека, тым больш нас ціка­віць у ім яго індывідуальнасць. Любіць функцыю — значыць пазбаўляць іншага яго асабістасці, чалавечнасці, ператвараючы яго ў «побытавую тэхніку».

Так, падрастаючы, чалавек сутыкаецца з дзвюма праблемамі ў адносінах з бліжнімі. Першая праблема звязаная з тым, што сваякі, бачачы перад сабою ўжо не такое і малое дзіця, пачынаюць прэтэндаваць не толькі на тое, каб быць выкарыстанымі, але і на аса­бістыя адносіны. Напрыклад, тата хоча, каб дзіця пачало заўважаць яго стому, а бабулі патрэбныя спачуванне і дапамога. Адносіны паступова мяняюцца, і дарослыя больш не хочуць быць абслугаю, а патрабуюць асабістых адно­сінаў. Напачатку дзеці ўспрымаюць новыя ўмовы як вялікую несправядлівасць, часта ўспрымаючы бацькоў як здраднікаў, і, паколькі гэта адбываецца прыкладна ў падлеткавым узросце, у сям’і нарастае напружанне. Другая праблема з’яўляецца тады, калі дзіця разумее, што цётка шмат робіць для яго, але па сваіх індывідуальных, чалавечых якасцях не вельмі прываблівае яго. З гэтага моманту яму даводзіцца выбіраць: або выкарыстоўваць бліжняга і цярпець нудоту і раздражненне, або навучыцца самому сябе абслугоўваць і... 

А цяпер самае галоўнае. Падрастаючы і самастойна клапоцячыся пра сябе, мы атрымліваем магчымасць самастойна выбіраць і кола сваіх бліжніх. Цяпер нашымі бліж­німі могуць быць не толькі бліз­кія па крыві, «падораныя» нам пры нараджэнні, але і тыя, хто яшчэ ўчора быў нам чужы і каго мы самі захочам зрабіць роднымі для сябе, часам нават раднейшымі, чым кроўныя сваякі. Гэта той цуд, які кожны чалавек можа здзяйсняць з Божай ласкі: па ўласным жаданні ператвараць чужых у родных і любімых. І гэты цуд здзяйсняецца толькі ў сэрцы.

Больш за тое, незалежна ад таго, што робіць і чаго не ро­біць для нас іншы, мы можам будаваць блізкасць на розных падставах, мы можам не баяцца любіць людзей.

Аднак часцей бывае не так. На жаль, большая частка дарослых людзей не праходзіць да канца той шлях, на пачатку якога ўсе ўспрымаюцца як чужынцы і ад выкарыстання іншых людзей неабходна прый­сці да іх ачалавечвання. Многія затрымліваюцца ў дарозе. І мы з вамі не вы­клю­чэнне.

Дык каго са сваіх бліжніх Вы любіце за функцыянальнасць? Ці ўмееце Вы ў сваім сэрцы ператвараць чужых у сваіх, інакш кажучы, ці шмат Вы маеце сяброў? А за што Вы любіце Пана Бога?

І чаму гэтак адбываецца да сённяшяга дня?

Наталля Пан

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла