Грэцкі арэх

 

Грэцкі арэх (лацінская назва — jugans regia)

Пра карыснасць ядраў грэцкіх арэхаў ведае амаль кожны. Але ў гэтай расліны карыснымі з’яўляюцца таксама ўсе яе часткі: кара і карэнне, лісце, унутрыарэхавыя перагародкі і шкарлупіна. У зялёных арэхах ёсць вітаміны С, В1, В2, РР, карацін і хіноны, у спелых — амінакіслоты, вітаміны С, B1, B2, РР, мінеральныя рэчывы і мікра­элементы (фосфар, кальцый, ёд і інш.), карацін, дубільныя рэчывы, хіноны і тлусты алей, у склад якога ўваходзяць лінолевая, алеінавая, пальміцінавая і іншыя ненасычаныя тлустыя кіслоты, а таксама клятчатка, солі жалеза і кобальту. Шкарлупіна мае шмат вітаміну С, правітамін А, а таксама вітаміны В і Р, фенолкарбонавыя кіслоты, амінакіслоты, дубільныя рэчывы і кумарыны; пелікула (тонкая бурая скурка, якая пакрывае плод) — стэроіды і кумарыны.

У якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваюцца недаспелыя плады і лісце арэха, каляплоднікі, зялёныя і спелыя арэхі. Лісце нарыхтоўваюць у чэрвені, калі яно яшчэ не дасягнула поўнага развіцця. Яго хутка, каб не пацямнела і не страціла свае лекавыя ўласцівасці, сушаць на сонцы.

У лісці грэцкага арэха з яго ростам колькасць вітаміну С паступова павялічваецца і дасягае максімуму ў сярэдзіне вегетацыйнага перыяду. Галоўная каштоўнасць лісця — у вялікай колькасці караціну. Акрамя таго, у ім знойдзены вітамін В1, дубільныя рэчывы і фарбавальнае рэчыва юглон, якое валодае бактэрыцыдным дзеяннем, сляды эфірнага масла. Лісце выкарыстоўваюць у якасці сурагату гарбаты і тытуню, для дублення скуры, фарбы для валасоў, тканіны і дрэва.

З зялёных пладоў грэцкага арэха вараць варэнне і робяць ма­рынады (яны — крыніца вітаміну С, якога тут больш, чым у чорных парэчках, у 8 разоў). Спелыя арэхі з’яўляюцца высокаспажыўным харчовым прадуктам. Іх прымяняюць у кулінарыі і кандытарскай вытворчасці, а таксама для харчавання хворых з паніжанай або павышанай кіслотнасцю страўнікавага соку. Па каларыйнасці яны ў 2 разы перавышаюць пшанічны хлеб найвышэйшага гатунку. Іх рэкамендуюць для прафілактыкі і лячэння атэрасклерозу, пры недахопе вітамінаў, соляў кобальту і жалеза ў арганізме (як полівітамін­ны сродак). Шкарлупіны арэхаў выкарыстоўваюць для вытворчасці актываванага вугалю.

Адвар лісця ўжываюць у выгля­дзе прымочак, ён дабратворна дзейнічае на загойванне ранаў, дапамагае пры залатусе і рахіце ў дзяцей. Прэпараты з грэцкага арэха валодаюць бактэрыцыдным, агульнаўмацавальным, супрацьсклератычным, дубільным, слабіцельным (кара каранёў), умерана паніжаючым цукар, кроваспыняльным, супрацьзапаленчым, супрацьгліставым, раназажыўляльным і эпітэлізуючым дзеяннем.

Настой лісця арэха прымаюць пры склерозе мазгавых і сардэчных сасудаў, для паляпшэння абмену рэчываў і зніжэння цукру ў крыві, а таксама для змяншэння кровахаркання пры туберкулёзе лёгкіх. Для прыгатавання настою 2 чайныя лыжачкі лісця заліваюць 1 шклянкай кіпеню, настойваюць 1 гадзіну і працэджваюць. Прымаюць па паўшклянкі 4 разы ў дзень перад ежай.

Пры ангіне адварам з лісця арэ­ха палошчуць горла: 1 ст. лыжку лісця трэба заліць 2 шклянкамі вады, кіпяціць на працягу 15–20 хвілінаў, а потым працадзіць. Паласкаць горла пажадана як найчасцей. Такі ж адвар можна ўжываць для паласкання ротавай поласці і горла пры розных запаленчых захворваннях і крывацечных дзёснах. Замест лісця можна выкарыстоўваць кару каранёў і ствалоў, якая валодае невялікім сла­біцельным дзеяннем.

Гарбату з лісця арэха рэкамендуецца піць пры цынзе і цукровым дыябеце: 1 ст. лыжку парэзанага лісця заліваюць 1 шклянкаю кіпеню, настойваюць 10 хвілін, п’юць 2–3 разы ў дзень.

У народнай медыцыне лісце арэха прымяняюць як глістагонны сродак, пры захворваннях скуры, ад залатухі (у выглядзе настою), пры лячэнні ваўчанкі, экзэмы, пры туберкулёзе скуры, пры ацёках, як патагонны сродак (адвар гатуюць і п’юць гэтак, як пры цынзе — гл. вышэй).

Настой каляплоднікаў і лісця павышае таксама функцыянальную актыўнасць скуры, таму яго прымяняюць пры розных захворваннях скуры (гнойныя высыпанні, лішаі, экзэмы і інш.) у выглядзе прымочак, ванначак, абмыванняў. 5 ст. лыжак каляплоднікаў і лісця заліваюць 0,5 л гарачай вады, кіпяцяць 15 хвілін, астуджаюць, працэджваюць. Выкарыстоўваюць як раназагойны сродак.

Для барацьбы з круглымі глі­стамі ў народнай медыцыне выкарыстоўваюцца няспелыя плады арэ­ха ў спалучэнні з солевым слабіцельным. 4 ст. лыжкі здробне­ных няспелых арэхаў заліваюць шклян­кай злёгку падсоленага кіпеню, настойваюць 30 хвілін і працэджваюць. Настой выпіваюць на працягу дня, а на ноч прымаюць солевае слабіцельнае (дзецям даюць сульфат магнію — з разлікам 1 г на 1 год жыцця). Гэты сродак дапамагае выгнаць саліцёра і іншых глістоў. 

Грэцкі арэх дапамагае пры спазмах страўніка. 30 дробна нарэзаных неачышчаных няспелых грэцкіх арэхаў заліваюць 1 л 40% спірту і настойваюць на сонцы 14 дзён, затым спірт зліваюць. Настойку трэба прымаць па 1 ст.  лыжцы 3 разы ў дзень перад ежай, папярэдне развёўшы вадой. 

Пры цукровым дыябеце п’юць адвар з перагародак арэхаў. Перагародкі ад 40 арэхаў трэба за­ліць шклянкай кіпеню, змясціць на вадзяную «баню» на 1 гадзіну, потым астудзіць і працадзіць. Прымаць па 1 ст. лыжцы 3 разы ў дзень.

Арэхавы алей ужываюць для змазвання апёкаў і ранаў, якія доўга не загойваюцца. Яго выкарыстоўваюць таксама пры лячэнні 

кан’юктывіту і запалення сярэдняга вуха. Каб прыгатаваць алейны настой, трэба ўзяць 50–80 г нарэзанага свежага арэхавага лісця, 

300 г стэрыльнага сланечнікавага алею і настаяць пры пакаёвай тэмпературы 15–20 дзён.

Спелыя арэхі па каларыйнасці ў 2 разы перавышаюць пшанічны хлеб. Іх рэкамендуюць для прафілактыкі і лячэння атэрасклерозу, пры недахопе вітамінаў і жалеза ў арганізме. У арэхах шмат клятчат­кі і алею, якія ўзмацняюць дзейнасць кішэчніка. Яны карысныя жанчынам, якія кормяць дзіця грудзьмі, пры малакроўі, праблемах з кішэчнікам і вантробаю, пры павышаным халестэрыне. Пажадана з’ядаць штодня каля 5 арэхаў, каб наш арганізм атрымаў карысныя вітаміны.

Пры нервовых хваробах прымаюць спіртавую настойку з тонкіх перагародак арэха па 1 ст. лыжцы 3 разы ў дзень.

Вось некалькі парадаў пры некаторых хваробах, у лячэнні якіх прыносіць карысць гэты цудоўны  дар прыроды.

Пры запаленні лімфатычных вузлоў.

1 ст. лыжку лісця або зялёных каляплоднікаў заліць шклянкай кі­пеню, настаяць 2 гадзіны, праца­дзіць. Піць па 1 ст. лыжцы 3 разы ў дзень незалежна ад ежы. Дзецям — па 1 ч. лыжцы таксама 3 разы ў дзень.

Пры полікістозе.

2 ст. лыжкі арэхавых перагародак заліць 1,5 шклянкі кіпеню, кіпя­ціць 20 хвілін, настаяць 1 гадзіну. Піць па паўшклянкі 3 разы ў дзень на працягу месяца. Пры неабходнасці праз 2 тыдні курс паўтарыць.

Кіста яечніка.

Шкарлупіны ад 15–20 арэхаў заліць 0,5 л гарэлкі, настаяць 10 дзён. Не працэджваць. Прымаць адзін раз у суткі: уліць 1 ст. лыжку ў паўшклянкі вады і выпіць раніцай нашча. Праверыць стан захворвання праз месяц.

Адэноіды.

1 ст. лыжку каляплоднікаў за­ліць 1 шклянкай вады, давесці да кіпення, зняць з агню і настаяць пад накрыўкай, пакуль не астыне. Капаць у кожную ноздру па 6–8 кропляў 3–4 разы ў дзень.

Пры гіпертаніі.

Карысна з’ядаць штодня па 100 г арэхаў (можна з мёдам) на працягу 45 дзён.

Пры гастрыце з павышанай кіслотнасцю пажадана з’ядаць штодня па 7–10 арэхаў.

Грэцкі арэх дапамагае вылечыць вугравое гнойнае высыпанне. Для гэтага трэба змяшаць роўныя часткі лісця арэха, кораня дзівасіла і травы трохкаляровай фіялкі. 2 ст. лыжкі сумесі заліць 

0,5 л кіпеню, пракіпяціць 5 хвілін, настаяць, пакуль не астыне, пра­ца­дзіць. Піць 4 разы ў дзень па паўшклянкі незалежна ад ежы.

Але не для ўсіх ужыванне грэцкага арэха будзе карысным, напрыклад, пры хранічных калітах і энтэракалітах. Бялок, якога так шмат у ядрах арэха, часам правакуе алергічныя рэакцыі, стаматыт і дыятэз. Есці грэцкія арэхі непажадана хворым, якія пакутуюць на экзэму, нейрадэрміт, псарыяз і некаторыя іншыя  хваробы скуры, бо нават невялікая колькасць арэхаў можа справакаваць абвастрэнне гэтых хваробаў.

Дарэчы, калі пакласці некалькі арэхаў у вазу ці сподачак, то моль, мухі і камары, якія не пераносяць паху арэха, пакінуць памяшканне. Але трэба памятаць, што ўдыханне паху арэха ў малых дозах чалавеку на карысць, а ў вялікіх дозах можа выклікаць галаўны боль.

Падрыхтавала А. Лукашэвіч.

Паводле матэрыялаў польскіх медыцынскіх дапаможнікаў і часопісаў.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла