Агляд пошты

 

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Галоўным у нашай пошце апошняга часу стаў ліст, якога мы, можна сказаць, даўно чакалі, таму што вельмі рэдка прыходзяць у рэдакцыю допісы з гэтага рэгіёна Беларусі. Так рэдка, што мы ўжо сталі сумнявацца — а ці чытае нас хто там? Аказваецца — чытаюць. Але дадзім слова аўтару ліста Вандзе Іосіфаўне Дзенісенцы з горада Ельска Гомельскай вобласці: «Звяртаюся да вас, каб праз часопіс «Ave Maria» павіншаваць свайго дарагога і шаноўнага ксяндза Вінцэнта Сеўрука з касцёла Узвышэння Святога Крыжа, што ў Нароўлі, з днём нараджэння, які прыпадае на 28 лістапада. Вернікі з Ельска і навакольных вёсак, куды ён прыязджае да хворых і адпраўляе святую Імшу на святы, ад шчырага сэрца віншуюць дарагога ксяндза Вінцэнта і жадаюць яму даўгалецця пры добрым стане здароўя, Божай апекі і ўсялякіх поспехаў у яго нялёгкай, але такой пачэснай святарскай службе. Сёлета спаўняецца тры гады, як ксёндз Вінцэнт ступіў на гэтую гаротную, засыпаную чарнобыльскім попелам зямлю. Няхай Маці Божая Ружанцовая, якая паклікала яго сюды ў кастрычніку 2007 года, дае яму вытрымку і апты­мізм. Сваёй дабрынёй, шчырасцю і адкрытым сэрцам ксёндз Вінцэнт заслужыў любоў і павагу ў сваіх парафіянаў. Яго любяць і людзі старэйшага ўзросту, і дзеці, бо ён умее кожнага выслухаць і, калі патрэбна, суцешыць і даць параду. Мне цяжка пісаць пра ксяндза Вінцэнта, бо ён не любіць, каб яго хвалілі, але ж і сказаць праўду трэба».

Прыгадала Ванда Іосіфаўна і падзеі мінулага года, а менавіта Свята Божага Нараджэння: «...24 снежня 2009 года. Перад Святам Божага Нараджэння ксёндз Вінцэнт спытаў у адзінокіх пажылых людзей, хто будзе дома адзін вечарам у вігілію Божага Нараджэння, і запрасіў усіх да сябе, сказаўшы: «Вы адны і я адзін, то давайце будзем разам сус­тракаць Нованароджанага Хрыста». Не магу выказаць на паперы ўражанняў, што атрымалі вернікі ў той святы вечар. Спачатку разам з ксяндзом прыгатавалі вігілійны стол. Пасля куцці мы спявалі, маліліся, затым з ксяндзом Вінцэнтам паехалі ў грушаўскі касцёл на святую Імшу, пасля якой вярнуліся ў Нароўлю, дзе ў касцёле ўжо сабралася вельмі шмат вернікаў — усе чакалі святара. І вось начную цішыню горада і наваколля абудзілі касцёльныя званы — гэта было прывітанне Наро­джанаму Хрысту. Мабыць, такога начнога звону Нароўля яшчэ ніколі не чула. Хто мог падумаць у 1986 годзе, што праз 23 гады пасля аварыі на ЧАЭС у Нароўлі зазвіняць званы з касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў вігілію Божага Нараджэння? Можа, Бог дасць, мы яшчэ дажывём і пачуем касцёльныя званы ў сваім Ельску...»

Ну вядома, з Божай дапамогай магчыма ўсё. І мы шчыра жадаем, каб мара ельскіх вернікаў здзейснілася. І ўсім нашым чытачам жадаем таго ж — здзяйснення запаветных мараў і жаданняў, ажыццяўлення планаў і задумак. Хай усё збудзецца, і Пан Бог вам у гэтым дапаможа.

А пакуль што мы развітваемся з вамі. Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.

Вера Галубовіч

Цэтлікі: Агляд пошты

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней