Стагоддзе з Богам у сэрцы

Па службовым абавязку мне часта даводзіцца бываць у пенсіянераў, запаўняць дакументы па месцы пражывання. Калі, падыходзячы да дзвярэй, бачыш напісаныя зверху  крэйдаю запаветныя літары «+C+M+B+...», адразу становіцца неяк спакойна і прыемна на душы, бо ў гэтым доме мяне напэўна ж прымуць ветліва і цёпла, з разуменнем паставяцца да маёй працы. Прыкладна такімі былі мае думкі, калі я ў чарговы раз ішла ў дом да пенсіянераў з абследаваннем матэрыяльна-побытавага стану.

У нашым горадзе наўрад ці можна налічыць больш за 10 чалавек, якія адзначылі стогадовы юбілей. Толькі ў Першамайскім раёне — самым густанаселеным у Бабруйску — афіцыйна зарэгістравана 6 стогадовых пенсіянераў. Усе яны стаяць на ўліку ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аднак, як паказала практыка, у паслугах сацыяльнага работніка ніхто з нашых доўгажыхароў патрэбы не мае, бо ўсе жывуць з дзецьмі або ўнукамі. У сям’і такой доўгажыхаркі мне па­шчасціла пабываць як работніку сацыяльнай службы і між іншым даведацца, у чым жа сакрэт яе доўгажыхарства.

Селіванава Казіміра Якаўлеўна жыве цяпер у дачкі, у кватэры. Яшчэ дзесяць гадоў таму яна трымала на вуліцы Брэсцкай вялікі дом, каля якога разбіла шыкоўны квет­нік, мела таксама агарод. Але дом давялося прадаць... Цяжка ў ім стала без гаспадара, без моцнай мужчынскай рукі — так здарылася, што шмат гадоў таму Казіміра Якаўлеўна засталася ўдавою...

Яна паходзіць са старажытнага шляхецкага роду Вайніловічаў, якому больш за 700 гадоў. Адзін са сваякоў Казіміры Якаўлеўны, Эдвард Вайніловіч, быў актывістам беларускага адраджэння і фундатарам Чырвонага касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску. У савецкія часы сям’і Казіміры Якаўлеўны давялося вельмі няпроста. У яе бацькоў было 10 дзяцей: чатыры дзяўчынкі і шэсць хлопчыкаў. Жылі яны ў вёсцы Дзяменка (цяпер у Асіпо­віц­кім раёне). Святыні ў Дзяменцы не было, таму хрыс­ціць дзяцей ездзілі ў Бабруйск. Адзін з яркіх успамінаў таго часу — бабруйскі касцёл Беззаганнага Зачац­ця Найсвяцейшай Панны Ма­рыі. Казіміра Якаўлеўна па­мятае святыню яшчэ да таго, як разбурылі яе званіцу і зрабілі каля яе пачварную «каробку»-прыбудову — ад­міністрацыйны будынак будаўнічага трэста, а ў самой святыні зрабілі клуб ад буд­трэста. Тады Казіміра Якаўлеўна была маленькаю дзяўчынкаю... У гэтым касцёле яна прымала першую святую Камунію і ў святочнай працэсіі, у белай прыгожай сукеначцы, ішла Крыжовым шляхам праз увесь цэнтр старога горада да Белай царквы.

Казіміра Якаўлеўна памятае, як у пачатку ХХ стагоддзя ў сям’і рабочых святкавалі вігілію Божага Нара­джэння. Крупнік і адмыслова згатаваная пярловая каша абавязкова павінны былі стаяць на стале сярод іншых посных страваў. Усе члены вялікай сям’і збіраліся за святочным сталом, чыталі малітву. Пасля вігілійнай вячэры ішлі на святую Імшу — пастэрку.

Цяжкая фізічная праца з дзяцінства станавілася нормаю для ўсіх у сям’і. Маленькая Казіміра паспела адвучыцца ў школе толькі паўтара навучальнага года. Потым на вучобу проста не хапала часу — дапамагала маці па гаспадарцы. З 12-ці гадоў яна пачала працаваць у полі нароўні з дарослымі: жаць, вязаць снапы... Дзякуючы сваёй працалюбівасці Вайніловічы абзавяліся добраю гаспадаркаю і пабудавалі вялікі дом. Але нядоўга давялося радавацца плёну сваёй працы: калектывізацыя зраўняла ўсіх — і гультая, і рабацягу. Бацьку раскулачылі, выслаўшы ўсю сям’ю з «воўчым білетам» на «вольнае пасяленне» ў Бабруйск.

У той час сям’і кулака было вельмі складана знайсці працу, а тым больш утрымацца на ёй. Кім толькі ні была Казіміра: рабочай на фабрыцы, у краме, кухаркаю ў піянерлагерах, швачкаю, рознарабочаю... Але як толькі даведваліся, што яна дачка кулака, адразу ж звальнялі. Аднаго з братоў закляймілі як «ворага народа» і адправілі ў высылку. У 1937 г. ён знік без вестак... Ужо шмат гадоў Казіміра Якаўлеўна шукае брата Гвідона Вайніловіча праз перадачу «Чакай мяне», але да гэтай пары пра яго і яго на­шчадкаў няма ніякай інфармацыі...

Свой жаночы лёс Казіміра сустрэла ў 24 гады. Пазнаёміліся проста на вуліцы і з таго часу не расставаліся. Гэта было каханне з першага позірку. Леанід быў вайсковым афіцэрам, гордасцю бабруй­скага гарнізона. Аднак і тут зрабіў сваю справу «воўчы білет». Як толькі ў камандаванні даведаліся, што афіцэр ажаніўся з дачкою кулака, звольнілі яго з Савецкай Арміі. Давялося ўладкавацца на працу шафёрам. Хоць Леанід і быў з дынастыі вайсковых, за паўстагоддзя сумеснага жыцця з Казімірай Якаўлеўнай ніводнага разу не па­пракнуў жонку за тое, што яе сям’я стала прычынаю яго няўдалай кар’еры.

Дзяцей Казіміра і Леанід хрысцілі яшчэ ў маленстве: пры немцах зноў адчынілі касцёл і ў гады акупацыі там праводзіліся набажэнствы. Самім удалося павянчацца ў 1953 годзе — тады вянчаць, хрысціць і адпяваць ксёндз прыходзіў дадому.

Сужэнцы Селіванавы выхавалі траіх дзяцей. Казіміра Якаўлеўна ўсё жыццё працавала звычайнаю рабочаю, пра адукацыю і кар’еру не задумвалася — толькі б дзяцей на ногі паставіць. І дзеці выраслі годнымі сваіх клапатлівых бацькоў. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, маюць свае сем’і. Цяпер Казіміра Якаўлеўна — багатая бабуля, у яе пяцёра ўнукаў і чатыры праўнукі. 

У родзе Вайніловічаў не было доўгажыхароў, таму мне стала асабліва цікава, у чым жа сакрэт доўгажыхарства Казіміры Якаўлеўны. Яна ўпэўнена, што доўгае жыццё дае штодзённая фізічная праца. А яшчэ... «Жыць трэба з дабрынёю ў сэрцы, не адмаўляць у дапамозе людзям. І толькі добрае рабіць усім. Шмат працаваць, фізічную працу рабіць», — з усмешкаю гаворыць Казіміра Якаўлеўна.

14 сакавіка па старым сты­лі ёй споўнілася 100 гадоў. 

Такая дата стаіць у пашпарце і пенсійнай справе. Насамрэч паводле сучаснага календара Казіміра Якаўлеўна нарадзілася 27 сакавіка. Але ці настолькі ўжо важныя гэтыя два тыдні... Хочацца ад усяго сэрца павіншаваць Казіміру Якаўлеўну з юбілеем. Моцнага здароўя Вам і Божага благаслаўлення яшчэ на шмат гадоў!

Алена Стрыгунова, 

г. Бабруйск.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла