Сіла малітвы

Разбіраючы свае запісы, я знайшла вельмі цікавы ўспамін пра незвычайную з’яву, якая аднойчы дапамагла мне і маім сяброўкам пазбегнуць граху, а галоўнае — паказала сілу малітвы. Было гэта ў 1959 г. ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана.   

За некалькі дзён да свята вучняў 9–10 класаў (камсамольцаў) запрасілі да дырэктара школы і паведамілі, што ў Вялікдзень яны павінны прыйсці ў касцёл перад ранішняю святою Імшою і не пускаць школьнікаў на набажэнства. Мы з сяброўкаю Рэняю Януковіч расказалі дома пра гэта даручэнне сваім мамам. Мая матуля была абураная, плакала, казала, што не пусціць мяне... Потым, сустрэўшыся з Рэнінаю мамаю, цёткаю Александрынаю, мы вырашылі памаліцца Ружанец да Маці Божай Будслаўскай, каб Яна дапамагла нам у гэтай справе. Нашы матулі прасілі Марыю, каб мы... захварэлі і не змаглі пайсці на грэх. Але мы не захварэлі, і трэба было ісці выконваць загад дырэктара. Рэня, я і яшчэ дзве дзяўчынкі з вёскі Гарадзішча выйшлі з дому, калі сонца яшчэ не ўзышло. Да касцёла было 4 кіламетры. Мясціны ў нас узгорыстыя, і мы то падымаліся ўверх, то спускаліся да ручаёў у нізіну. Узышоўшы на Жукаву гару (так называецца адзін з узгоркаў), мы аслупянелі: з-за анцыпараўскага маяка выглядвала вялікае аранжава-жоўтае сонца, як велікодная булка. Яно не сляпіла вочы, і мы яго добра разгледзелі. Раптам сонца падзялілася на пяць асобных сонцаў: адно вярцелася ў цэнтры, а вакол яго, як бы ў карагодзе, круціліся астатнія чатыры — спачатку ў адзін бок, а потым у другі. У імгненне вока з пяці сонцаў утварыліся чатыры: два рухаліся па вертыкалі і два — па гарызанталі, утвараючы крыж. Потым былі тры сонцы, потым — зноў пяць, а потым — адно, ды такое яснае і асляпляльнае!.. Мы ўпалі на калені і чыталі ўсе малітвы, якія ведалі. Потым усхапіліся і кінуліся бегчы ў школу.

Убачыўшы нас, дырэктар пачала сварыцца з-за нашага спазнення, але мы, перабіваючы адна адну, расказвалі пра дзіўнае здарэнне. Яна нічога не разумела, павяла нас у кабінет, прыкрыкнула і загадала адной спакойна распавесці пра ўбачанае. Прыйшла таксама завуч, якая выкладала фізіку і астраномію, і пачала штосьці гаварыць пра такія з’явы з навуковага пункту гледжання, але нам было нецікава, бо мы хацелі хутчэй расказаць усім пра тое, што бачылі.

Анастасія Фёдараўна, дырэктар школы, папярэдзіла, каб мы нікому не гаварылі пра гэта, прысаромеўшы: «Вас усе засмяюць!». Але нас гэта не стрымала і мы ўсё ж распавядалі іншым пра цуд у тую велікодную раніцу.

Сапраўды, гэта быў цуд: больш нам ніколі ніхто не загадваў хадзіць да дзвярэй касцёла, каб не пускаць туды дзяцей.


Ганна Шылько, Варапаева.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла