Для Хлеба з Неба адкрывайма сэрцы

Як падрыхтаваць дзіця да першай святой Камуніі

Падчас першай святой Камуніі бацькі прыводзяць сваё дзіця да Хрыста, каб у дзіцяці ажыццявіўся адзін з першых свядомых крокаў, каб з гэтага моманту сам Бог карміў яго сваім Целам, даваў яму сілу і адвагу. Як павінны бацькі падрыхтаваць дзіця і падрыхтавацца самі да такой важнай падзеі? Пазнаёміўшыся з парадамі знакамітага тэолага і пісьменніка Яцэка Салія, дамініканіна, а таксама з досведам Евы Розкрут, маці пяцярых дзяцей і аўтара кнігі „Jak dobrze przygotować dziecko do I Komunii Świętej»(«Як добра падрыхтаваць дзіця да першай святой Камуніі») прапануем некалькі асноўных парадаў, якія дапамогуць больш плённа перажыць гэты важны перыяд.

Айцец Яцэк Салій падкрэслівае, што з рэлігійнага пункту гледжання для дзяцей і для бацькоў гэты час выключны. Таму вопытны тэолаг заклікае бацькоў, каб «гэты благаслаўлёны час бацькі не прапусцілі, бо ён ужо ніколі не вернецца». Час падрыхтоўкі з’яўляецца для бацькоў цудоўнай нагодай для таго, каб ажывіць і паглыбіць іх уласную веру, а таксама для таго, каб дзіця адчула сябе братам ці сястрой у веры для свайго таты і мамы, бо вера «нармальна жыве» і развіваецца толькі ў супольнасці вернікаў. Бацькі, якія павінны быць прыкладам у вызнаванні веры, абавязаны дапамагчы свайму дзіцяці, каб вера для яго стала чымсьці вельмі важным і асабістым. Менавіта ў перадкамунійны перыяд дзіця вучыцца ўсведамляць, што абавязкі, звязаныя з вераю, могуць быць сапраўднаю радасцю, і што клопат пра ўласную веру з’яўляецца перадусім ягоным заданнем, хоць бацькі яшчэ доўга будуць яму дапамагаць у гэтым.

Як лепш падрыхтаваць дзіця да першай споведзі? Першая споведзь — вельмі важны момант у жыцці кожнага дзіцяці. Найперш, яно павінна зразумець, чым з’яўляецца рахунак сумлення, жаль за грахі і пакаянне. Як растлумачыць дзіцяці, што такое грэх? Нават тады, калі дзіця ўжо ведае на памяць дзесяць запаведзяў, яно яшчэ не ў поўнай меры разумее значэнне ўсіх грахоў, — напрыклад, «не чужалож» ці «не пажадай жонкі бліжняга свайго». Для таго, каб не патрапіць у пастку непатрэбных тлумачэнняў, важна, каб дзіця зразумела, што грахом з’яўляецца ўсё тое, што прычыняе іншым людзям смутак, боль ці крыўдзіць іх. Варта прывесці прыклады з вашага жыцця — што здаралася ў сям’і ці ў школе, — а таксама такія прыклады, як высмейванне школьных калегаў, асуджэнне або непаслухмянасць у адносінах да бацькоў, бабулі і дзядулі, неадпаведныя адносіны да малодшага брата ці сястры. Трэба таксама сказаць пра розніцу паміж грахом, які з’яўляецца свядомым выбарам, і ненаўмысным выпадкам ці памылкай.

Трэба зазначыць, што дзеці, якія рыхтуюцца ўпершыню прыступіць да Стала Пана, перажываюць лёгкі стрэс. Яны будуць хвалявацца, каб не забыць пра тое, чаму іх вучылі перад урачыстасцю. Таксама і першая ў іхнім жыцці споведзь часта выклікае стрэс у дзіцяці. І тут трэба растлумачыць дзіцяці, што пры вызнаванні грахоў не мае вялікага значэння дакладнае прамаўленне формулаў споведзі ці пералік грахоў дакладна, адпаведна чарговасці запаведзяў. Самае важнае — быць шчырым, гэта значыць, не затойваць ніякага граху. Трэба растлумачыць дзіцяці, што прыняцце святой Камуніі з утоеным грахом з’яўляецца цяжкім грахом. Безумоўна, трэба, каб дзіця ўсвядоміла, што калі яно забудзе на споведзі сказаць пра нейкі грэх, то ў такіх выпадках грэх будзе прабачаны, бо забыць — гэта не значыць наўмысна ўтаіць. Вельмі важна, каб дзіця зразумела, што Бог — не суровы суддзя, а наш любячы Айцец і грэх не змяншае любові Бога да чалавека.

Рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдая пастанова выправіцца, шчырая споведзь і выкананне прызначанай пакуты — трэба нагадаць дзіцяці яшчэ раз пра гэтыя пяць умоваў сакрамэнту пакаяння. Перад першай споведдзю варта прачытаць іх разам з дзіцем, бо можа аказацца, што некаторыя з іх цяжкія для зразумення. Спачатку трэба прыгадаць дзіцяці, чым ёсць рахунак сумлення. Варта падкрэсліць, што ўсе людзі грэшныя і споведзь — гэта не кара, а момант шчырасці перад Богам, які адпускае грахі. Дастаткова таго, што дзіця заўважыць свае грахі і іх прызнае. Дзіця павінна адчуваць, што бацькі яго любяць, што нават калі яно ўчыніць штосьці дрэннае, вы ўсё роўна не перастанеце яго любіць. Пан Бог таксама так чыніць — Ён любіць нас і прабачае нават самым вялікім грэшнікам. І тут варта таксама падкрэсліць, што і дзіця, і бацькі таксама прыступаюць да споведзі, каб атрымаць ад Бога прабачэнне за іх грахі і правіны. Аднак тым бацькам, якія прыходзяць да канфесіянала, як кажуць, гады ў рады, будзе складана растлумачыць дзіцяці, што сакрамэнт споведзі вельмі патрэбны і з’яўляецца асабістай сустрэчай з міласэрным Айцом.

Тлумачачы, чым з’яўляецца жаль за грахі, трэба дбаць, каб дзіця ўсвядоміла, як уплываюць грахі, учыненыя ім, на іншых людзей, колькі непрыемнасці прыносіць бацькам ягоная непаслухмянасць і г.д. Бацькі павінны дапамагчы дзіцяці зразумець, што жаль за грахі — гэта адзіны спосаб, каб дзіця і Бог сталі самымі лепшымі сябрамі.

Варта таксама растлумачыць, што для таго, каб з чыстым сэрцам прыняць святую Камунію, трэба выканаць прызначаную спаведнікам пакуту — адпаведныя малітвы і г.д.

Сам дзень першай Камуніі павінен праходзіць спакойна і ў атмасферы дабрыні і любові. Таму не варта спяшацца. Перад выхадам у касцёл паблагаславіце дзіця, — гэтую хвіліну яно ніколі не забудзе, таму няхай яна будзе ўрачыстай. Зробім на чале дзіцяці знак крыжа, прамаўляючы: «Благаслаўляю цябе ў імя Айца і Сына, і Духа Святога», пацалуем, прытулім яго — і ў дарогу, на сустрэчу з Езусам Эўхарыстычным, які цярпліва і радасна чакае нас. Пасля Эўхарыстыі не забудзем падзякаваць нашаму Пану за гэты выключны дзень — Езус разам з дзіцем прыходзіць у наш дом і прыносіць благаслаўленне для ўсёй нашай сям’і, — памятайма пра гэта.

Што датычыць святкавання гэтай вялікай падзеі ў сям’і, то гэта павінна быць сямейным святам са святочным абедам, на якім няма месца алкаголю, — памятайце, што гэты светлы дзень, яго перажыванні застануцца ў памяці дзіцяці на ўсё жыццё. «З таго моманту, як Езус пасяліўся ў душы нашага дзіцяці, мы, бацькі можам крыху адпачыць, — зазначае ў сваёй кнізе Ева Розкрут. — Сам Бог будзе дбаць пра яго. Аднак, так, як мы клапоцімся пра здароўе і фізічнае развіццё нашых дзяцей, так мы павінны дбаць пра іх далейшае духоўнае развіццё». І распачаць шаноўная аўтарка раіць, безумоўна, ад супольнай малітвы. Вельмі важным аспектам з’яўляецца атмасфера любові ў сям’і.

«Можа здавацца, што дапамагаць дзіцяці зрабіць рахунак сумлення трэба толькі пры першай споведзі, — дзеліцца сваім вопытам выхавання Е. Розкрут. — Гэта не так. Дзіцяці і надалей патрэбна падказваць, спадарожнічаць у пастаянным досведзе прабачэння, дапамагчы яму ўбачыць Айца, які прабачае. Аднойчы мой сын запытаўся, адкуль я ведаю, калі трэба мне ісці да споведзі. Я адказала яму, што трэба мне ісці тады, калі я перастаю ўсміхацца...».

І яшчэ: заахвочвайце дзяцей удзельнічаць у «белым тыдні», які з’яўляецца своеасаблівым працягам свята сустрэчы з Езусам. І пажадана, каб бацькі разам з дзецьмі ўдзельнічалі ў святой Імшы і адарацыі, далучаючыся да радасці сустрэчы з Панам, не забываючы дзякаваць Богу за вялікі дар.


Падрыхтавала А. Лукашэвіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла