Даручэнне сябе Беззаганнай

Развіваць цноты

Любоў
Узаемная любоў заключаецца не ў тым, каб нам ніхто ніколі не рабіў прыкрасцяў, а ў тым, каб мы стараліся не рабіць прыкрасцяў іншым і набіраліся вопыту ў неадкладным і поўным прабачэнні ўсяго, што нас абразіць. Гэтыя ўзаемныя цярплівыя адносіны з’яўляюцца сутнасцю сапраўднай любові. Св. Тэрэза пісала: «Я зразумела, як недасканала люблю сваіх сясцёр законных; о, не так палюбіў іх Пан Езус! Цяпер разумею, што сапраўдная любоў заключаецца ў тым, каб зносіць недахопы і памылкі нашых бліжніх; у тым, каб не дзівіцца з іх недасканаласці, а дабратворна ўплываць кожнаю найменшаю праяваю цноты. Галоўнае, што я зразумела, дык гэта тое, што любоў ніколі не павінна быць на дне сэрца, бо „ніхто, запаліўшы светач, не ставіць яго ва ўкрыцці ці пад пасудзінай, а на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло“. Мне здаецца, дарагая Маці, што гэты евангельскі факел азначае любоў, якая павінна асвятляць і радаваць не толькі найдаражэйшых нам людзей, але і ўсіх, хто знаходзіцца ў доме». І далей пісала наступным чынам: «Мілы мой Езу, я ведаю, Ты не патрабуеш ад мяне нічога, што немагчыма было б выканаць; Ты лепш за мяне ведаеш маю слабасць і недасканаласць; ведаеш, што я ніколі не змагу палюбіць сваіх сясцёр законных так, як Ты іх любіш, калі Ты сам не будзеш любіць іх ува мне і праз мяне. Ты хочаш удзяліць мне гэтую вялікую ласку і таму даў мне сваю новую запаведзь. О, якая ж яна для мяне каштоўная, бо дае заруку таго, што Ты хочаш любіць праз мяне ўсіх, каго любіць наказаў» (IV, 804).

Рупліваcць у практыкаванні ўзаемнай любові павінна развівацца як мага больш. Любоў праяўляецца не тады, калі мы любім тых, хто робіць нам дабро, а тады, калі мы цярпліва зносім прыкрасці і перашкоды, калі дабром плацім за зло, — вось сапраўдная любоў. Трэба развіць яе да такой ступені, каб поўнасцю прабачаць уcялякія крыўды і зусім не адчуваць сябе пакрыўджаным. Гэта настолькі важна, што Пан Езус наказаў нам маліцца: «І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым». Гэта дух усіх хрысціянаў, і давайце старацца, каб не было чагосьці непрабачанага. Справа гэта вельмі важная, бо ў гэтым мы праяўляем любоў да Пана Бога. Мы робім так не з-за таго, што нам не ўчынілі ніякага зла, — мы зносім прыкрасці дзеля Беззаганнай (Konf. OMK, 149).

І любім мы не таму, што бліжні сімпатычны, карысны, багаты, уплывовы ці хаця б удзячны. Гэта занадта мізэрныя прычыны. Сапраўдная любоў узносіцца па-над стварэннямі і заглыбляецца ў Бога. У Ім, дзеля Яго і праз Яго яна любіць усіх: добрых і дрэнных, сяброў і ворагаў, да ўсіх прыязна працягвае далонь, за ўсіх моліцца, за ўсіх пакутуе, усім жадае дабра, для ўсіх прагне шчасця, бо так хоча Бог!.. (VI, 987).

Калі любоў будзе спадарожнічаць вам у жыцці і вы будзеце жыць ва ўзаемнай любові, то ўжо тут, на зямлі, будзеце прадчуваць шчасце неба.

Усё праміне, вера і надзея прамінуць, а любоў застанецца, з любоўю мы ўвойдзем у вечнае жыццё і ў любові будзем радавацца ў небе з Беззаганнаю (Konf OMK, 229).

Паслухмянасць

Найлепшы спосаб любіць Беззаганную — дазволіць Ёй ва ўсім весці вас з дапамогаю святой паслухмянасці. Яе воля цалкам з’яднаная з воляю Божаю, а мы давайце старацца, каб наша воля ўсё больш супадала з Яе воляю. Тады, нават калі мы зусім не будзем адчуваць любові да Яе, насамрэч любоў будзе ўсё больш расці (IV, 635).

Уся справа ў тым, каб кожную хвіліну, у кожнай сітуацыі даць Ёй весці нас. Крытэрыем гэтага [стану] з’яўляецца паслухмянасць. Калі мы кожную праяву Яе волі, увасобленай непасрэдна праз настаяцеляў або ўскосна праз абавязкі, выконваем сумленна, без маруджання і ваганняў, — гэта з’яўляецца доказам таго, што мы хочам выконваць Яе волю. Мы павінны старацца, каб не ўзнікалі канфлікты паміж Яе воляю і нашаю (Konf. OMK, 41).

Праз акт даручэння сябе Беззаганнай мы аддаліся ў Яе поўную ўласнасць. Несумненна, Яна з’яўляецца самаю дасканалаю прыладаю ў руках Бога, а мы павінны быць прыладамі ў Яе беззаганных руках.

Як жа найхутчэй і найпаўней перамагчы зло ва ўсім свеце? Поўнасцю дазволіць Ёй весці нас. І гэта самая важная і адзіная справа.

Я сказаў — адзіная. Сапраўды, ніхто з нас не павінен клапаціцца ні пра што іншае, як толькі пра тое, каб узгадніць, дастасаваць, нібы цалкам з’яднаць сваю волю з Яе воляю — гэтак, як Яе воля цалкам з’яднаная з воляю Божаю, Яе Сэрца — з Сэрцам Яе Сына Езуса.

Гэта адзіная важная справа, бо што б мы ні зрабілі, нават калі гэта будзе больш чым гераічны ўчынак, які скала - не асновы ўсялякага зла на зямлі, ён будзе мець вартасць настолькі, наколькі ў ім наша воля будзе супадаць з Яе воляю, а праз Яе — і з Божаю воляю. Такім чынам, толькі гэта, а менавіта зліццё нашай волі з Яе воляю, мае нейкую вартасць — і абсалютную вартасць. У гэтым сутнасць любові (не ў пачуццях, хоць і гэта прыгожа), якая праз Беззаганную павінна перамяніць нас у Бога, якая павінна спаліць нас, а праз нас ахапіць полымем свет, знішчыць і спаліць у ім усялякае зло. Гэта той агонь, пра які сказаў Збаўца: «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся».

Але мы мусім самі разгарэцца, мусім самі не астыць, а ўсё мацней гарэць, мы павінны «расплавіцца», паяднацца з Богам праз Беззаганную.

Такім чынам, нам неабходна засяродзіць усю сваю ўвагу на тым і толькі на тым, каб цесна з’яднацца, зліцца з рукою нашай Настаўніцы, нашай Пуцяводнай Зоркі, каб Яна магла рабіць з намі тое, што Ёй падабаецца (VII, 1070).


Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.

Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла