Калі маліцца за памерлых?

Сярод разнастайных адметнасцяў нашага грамадства звяртае на сябе ўвагу мірнае суіснаванне самых парадаксальных і часам супярэчлівых звычаяў і традыцый. Іх перапляценне ў амаль кожнай сям’і навучыла беларусаў калі не адзначаць, то прынамсі шанаваць альтэрнатыўныя святы і традыцыі. Пры гэтым кожная сустрэча з «іншым» спосабам перажывання той ці іншай падзеі для многіх становіцца добраю нагодаю даведацца, чаму нехта так, а не інакш адзначае важную для яго дату. 


Асаблівую цікавасць заўсёды выклікаюць звычаі, якія закранаюць пытанні жыцця і смерці. Сярод іх асаблівае значэнне маюць пахавальныя традыцыі. Клопат аб пасмяротным лёсе блізкай асобы заўсёды стварае пэўнае напружанне сваякоў, якія хочуць добра і правільна выканаць усе абрады, каб памагчы памерламу на шляху да Неба. У беларускіх рэаліях, дзе часта ў адной сям’і пераплятаюцца каталіцкія і праваслаўныя традыцыі, часам узнікае пытанне адносна датаў малітоўнага памінання памерлых. Найбольш распаўсюджанае пытанне: чаму католікі адзначаюць трыццаты, а праваслаўныя — саракавы дзень пасля смерці? Адкуль увогуле ўзяліся памінальныя дні?

Каб знайсці адказ пра паходжанне пахавальных звычаяў, неабходна звярнуцца да гісторыі. У старажытных крыніцах з розных рэгіёнаў даўнейшага хрысціянскага свету ўзгадваюцца самыя розныя даты ўспаміну памерлых. Гэта трэці, сёмы, дзявяты, пятнаццаты, трыццаты, саракавы дзень, а таксама паўгода і гадавіна. Старажытнахрысціянскія дакументы («Апостальскія канстытуцыі» (IV), «Каноны Памфілія», «DeobituTheodosii» св. Амброзія) сведчаць аб наяўнасці з першых вякоў існавання Касцёла дзвюх традыцый памінання памерлых: грэчаскай (адзначэнне 7-га і 40-га дня пасля смерці) і сірыйска-лацінскай (адзначэнне 3-га і 30-га дня). Гэтыя традыцыі прывялі да таго, што сёння мы называем каталіцкім і праваслаўным звычаем памінання памерлых. У сучаснай Беларусі сярод католікаў найбольш папулярная традыцыя малітвы за памерлых на 3, 7, 30 дні, а таксама ў кожную гадавіну.  Сярод праваслаўных найбольш папулярны звычай памінання на 3, 9, 40 дні і ў гадавіну.

Традыцыя памінання памерлых на трэці дзень звязаная з евангельскім і гістарычным фактам уваскрасення Хрыста на трэці дзень. На практыцы, калі пахаванне адбываеца на наступны (другі) дзень пасля смерці, то трэці адзначаецца як дзень пасля пахавання. Сям’я і блізкія памерлага прыходзяць на св. Імшу не толькі ў дзень пахавання, але і на наступны. 

У некаторых рэгіёнах Беларусі захаваўся каталіцкі звычай малітоўнага памінання памерлых на сёмы дзень пасля смерці. Ён звязаны з біблійнай сімволікай лічбы 7, якая адносіцца да ўсяго, што звязана з Богам, звышнатуральнасцю, пераўзыходжаннем часовасці (зямной рэчаіснасці). З гэтаю лічбаю ў Бібліі звязанае завяршэнне Стварэння і  Патопу (Быц 7), ачышчэння Наамана (1 Вал 5), старазапаветных прадпісанняў (Святарская кніга) і апакаліптычных падзеяў (кніга Адкрыцця). 

Шырока папулярны ў праваслаўным асяроддзі звычай адзначэння дзявятага дня бярэ пачатак ад дахрысціянскага (старажытнарымскага) лічэння дзён. У католікаў звычай дзевяцідзённага малення (навэнна) прыняў форму інтэнсіўнай духоўнай падрыхтоўкі да вялікіх урачыстасцяў.

Паўсюдна прыняты ў католікаў звычай памінання памерлых на трыццаты дзень звязаны з біблійным перыядам аплаквання памерлых.  Менавіта столькі дзён у старазапаветным народзе аплаквалі смерць Майсея, Аарона (пар. Дрг 34, 8) і ўвогуле нябожчыкаў.

Уласцівы для праваслаўных звычай памінання памерлых на саракавы дзень звязаны з біблійнаю сімволікаю лічбы 40 як перыяду асаблівай Божай ласкі: столькі дзён Майсей размаўляў з Богам на Сінаі, а Езус Хрыстус узышоў на Неба на саракавы дзень пасля Уваскрасення.

Агульная для католікаў і праваслаўных традыцыя малітоўнага памінання нябожчыкаў у гадавіну пасля адыходу ў вечнасць звязана са старажытнахрысціянскай традыцыяй святкавання даты смерці святых мучанікаў як дня іх нараджэння для Неба. Натуральным чынам гэты звычай перайшоў на памінанне дня адыходу ў вечнасць не толькі святых, але і кожнага памерлага хрысціяніна.

Каталіцкую і праваслаўную традыцыі малітоўнага ўспаміну памерлых нельга зразумець па-за хрысціянскім веравучэннем аб пасмяротным лёсе чалавека. Вера ў тое, што вернікі на зямлі могуць малітвамі дапамагчы сваім братам і сёстрам у вечнасці (у чыстцы), спрыяла выпрацоўцы канкрэтных датаў асаблівых памінальных малітваў.

Як бачым, і Касцёл, і Царква адгукаюцца на аднолькава важныя біблійныя падзеі і сімвалы. Акрамя таго, звычайная патрэба парадку ў малітоўным і літургічным жыцці падштурхоўвала нашых продкаў да таго, каб вызначыць канкрэтныя дні малітваў. Культурная розніца і аўтаномнасць рэгіёнаў свету прывялі да фармавання розных датаў у розных рэгіёнах, а пасля — у канфесіях. Але для ўсіх вернікаў сфармаваўся падрабязны адказ на пытанне аб тым, як і калі сустрэцца на супольнай малітве за памерлых.

Звычай памінальных дзён, як і кожная іншая традыцыя веры, — гэта вялікі практычны дапаможнік у хрысціянскім жыцці, таму нам трэба шанаваць здаровую спадчыну продкаў. Яе пазнанне адкрывае шырокія магчымасці для больш свядомага і глыбокага перажывання шматвяковага духоўнага вопыту Касцёла. Гэта тая каштоўнасць каталіцкай веры, якую варта адкрываць, карыстацца ёю і дзяліцца, асабліва з братамі і сёстрамі па веры. 

Кс. Андрэй Рылка
Фота Веранікі Скрабатун


 

Ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла