Мая парафія — мой дом

Вось ужо 25 гадоў служыць Богу і людзям пробашч мёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата, біскупа і мучаніка, канонік капітулы віцебскай катэдры кс. прэлат Крыштаф Мянкіна. Аддаючы належнае заслугам святара ў справе душпастырства менавіта ў Мёрах, не абыдзем увагаю і зробленае ім падчас працы ў іншых парафіях, а разам даведаемся, наколькі спраўдзіліся за чвэрць стагоддзя спадзяванні і мары кс. Крыштафа адносна яго святарскага паклікання, як ён пачуваецца  ў часе сённяшнім, на ажыццяўленне якіх планаў і новых справаў з Божае апекі і ласкі ўскладае надзею ў будучыні.

— Ксёндз Крыштаф, Вы трапілі ў Беларусь для выканання святарскай паслугі у 1990-м — за 10 гадоў да стварэння Віцебскай дыяцэзіі. А што было перад тым?

— Як звычайна: школа, ліцэй, паралельна — міністранцтва, лектарства, кантарства ў парафіі касцёла Святога Духа ў Жабне, паблізу самага прыгожага, прынамсі, для мяне, горада ў свеце — Кракава. Затым 6 гадоў вучобы ў Чэнстахоўскай вышэйшай духоўнай семінарыі, куды паступіў, маючы ў якасці ўзору паводзінаў і стаўлення да справы святароў роднай парафіі. Пасля семінарыі — 3 гады працы ў Чэнстахоўскай дыяцэзіі.

— А як трапілі ў Віцебскую дыяцэзію?

— Гэта асобная гісторыя. Неяк падчас чацвёртага года вучобы да нас у семінарыю прыехаў  ксёндз з  Эквадора. Ад яго, мабыць, і падхапіў я «бацылу» місіянерства. Зрэшты, і заўжды яе, здаецца, меў. Памятаючы словы Яна Паўла II пра тое, што ёсць на свеце краіны, дзе людзі моляцца ў касцёлах без святароў, марыў працаваць у адной з такіх краінаў. Але найбольш чамусьці вабілі мяне Літва і Украіна. Пра Беларусь тады і не ведаў нічога. І вось па адкрыцці межаў выклікае мяне біскуп і кажа, што біскуп Тадэвуш Кандрусевіч з Гродна просіць прыслаць для працы ксяндзоў з Польшчы. 26 жніўня 1990 года, акурат у дзень урачыстасці Маці Божай Чэнстахоўскай, я выехаў у Опсу, у парафію, дзе ажно 40 гадоў не было пастаяннага святара.

— Шмат было працы?

— Так. Усё давялося перарабляць, рамантаваць, даводзіць да ладу, добраўпарадкаваць — ад даху да прылеглай тэрыторыі. Апроч самой Опсы, апекаваўся яшчэ і парафіямі ў Дрысвятах, Пеліканах. У Далёкіх, дзе людзі на той час, як у згаданым выказванні Яна Паўла II, маліліся без святара, да 2004 года, да прызначэння туды пробашчам кс. Андрэя Бочара, штодзень служыў святую Імшу. Увогуле 10 гадоў аддаў Опсе і ваколіцам. У верасні 2000 года, амаль дабудаваўшы па даручэнні кардынала Свёнтка касцёл Божай Міласэрнасці ў Пагошчы, быў накіраваны на душпастырскую працу ў Мёры…

— На змену ксяндзу Уладасу Пятрайцісу?

— Так. І хачу з асаблівай удзячнасцю падкрэсліць ролю ксяндза Уладаса ў падрыхтоўцы парафіі да таго, каб яна прыняла новага святара, у дадзеным выпадку — мяне, належным чынам.

— З чаго пачыналі працу ў Мёрах?

— Вядома з чаго — з элементарнага знаёмства. Парафія ж не маленькая — каля 5 тысяч вернікаў. Будынак касцёла патрабаваў рамонту — ім найперш з парафіяльнаю радаю і заняліся. Шмат чаго давялося мяняць у абсталяванні і дэкоры, але да 100-годдзя з дня заснавання святыні, якое ў прысутнасці гасцей з усёй Беларусі, а таксама з Украіны і Польшчы ўрачыста адзначылі 15 жніўня 2007 года, усё было зроблена. Як і падчас працы ў Опсе, давялося таксама ездзіць для правядзення службаў у іншыя, часам даволі адлеглыя ад раённага цэнтра населеныя пункты: у Дзісну, Лявонпаль, Завуцце. Адпрацаваўшы ў Мёрах тры гады, распачаў рамонт драўлянага касцёла ў Пераброддзі, куды з таго часу ездзім з вікарыем раз на месяц для цэлебрацыі святой Імшы.

— Што на сённяшні дзень уяўляе мёрская парафія?

— Любая парафія мусіць быць сям’ёй. Дык наша парафія — якраз такая. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы плённай супольнай працы святароў і парафіяльнай рады на чале з яе старшынёй Рычардам Голубам. Другі наш значны плюс — вялікая колькасць вернікаў сталага веку, сапраўдных католікаў, якія не толькі свядома перажываюць сваю веру і заўжды гатовыя адгукнуцца на любую справу, але і з’яўляюцца прыкладам для моладзі як у паўсядзённым жыцці,  так і ў служэнні Богу. Гэта тое, што найперш  выхоўвае ў маладых адказнасць і ініцыятыўнасць. Адышоў у вечнасць папа Ян Павел II, і наша моладзь, не чакаючы нейкіх заклікаў, адразу ж арганізавала малітоўнае чуванне ў інтэнцыі яго хутчэйшай беатыфікацыі.  Вельмі актыўна, самааддана працуе парафіяльная супольнасць сем’яў пад кіраўніцтвам Эдварда Шэнды, якая, апроч наладжвання штомесячных спатканняў, дзейсна займаецца іншымі справамі, да прыкладу, арганізацыяй тых жа пілігрымак да святых месцаў. Што да працаў фізічных, то тут не магу не адзначыць стараннасці і дбайнасці Аляксандра Грыбача, на якога заўжды можна разлічваць у справах рамонтных ці будаўнічых. Упэўнены, што важнае і нашае ўзаемаразуменне з вікарыем парафіі Аляксандрам Піваварам.

— Вядома, што мёрская парафія — самая паспяховая ў дыяцэзіі ў плане ажыццяўлення святарскіх пакліканняў.

— Так. На сённяшні дзень маем 12 святароў і 3 сёстраў законных, якія паходзяць менавіта з нашай парафіі. Мяркую, не ў апошнюю чаргу дзякуючы той часам незаўважнай штодзённай працы, якая праводзіцца ў парафіі.

— Маеце на ўвазе — працы катэхетычнай?

— І катэхетычнай таксама, але не толькі, бо апроч некалькіх катэхетычных групаў і згаданай супольнасці сем’яў маем яшчэ 6 колаў Жывога Ружанца, адно з якіх, дарэчы, паводле складу мужчынскае, адно — моладзевае; апостальства добрай смерці; міністранцкую групу; два спеўныя моладзевыя гурты; хор «Фіят» пад кіраўніцтвам арганісткі Анжэлы Кіпрушавай, які, дарэчы, існуе ўжо 10 гадоў. Важным кірункам працы лічым сведчанне веры, якое найбольш поўна і дасканала дэкларуем падчас урачыстай працэсіі па горадзе ва ўрачыстасць Божага Цела.

— У касцёле ёсць свае рэліквіі?

— Для кожнага з касцёлаў, дзе мне даводзілася працаваць, я набываў не толькі рэліквіі, але і рознае адмысловае начынне. Напрыклад, у Пагошчы пакінуў прэзентаваныя аж з Гвадэлупы выявы стацыяў Крыжовага шляху. У Опсе — абраз Божай Міласэрнасці працы вядомага кракаўскага мастака і рэліквіі святой Фаўстыны. У Мёрах маем перададзеныя нам былым арцыбіскупам з Чэнстаховы Станіславам Новакам рэліквіі апекуна нашай дыяцэзіі св. Язафата Кунцэвіча, якія ўшаноўваем па пятніцах, і ад нядаўняга часу — рэліквіі Яна Паўла II, ушанаванне якіх адбываецца ў першую суботу кожнага  месяца.

— На пачатку нашай размовы Вы сказалі, што яшчэ падчас вучобы ў семінарыі марылі выконваць святарскую паслугу дзе-небудзь у Літве ці Украіне, але ўжо больш за 12 гадоў Вы працуеце ў Беларусі. Не расчараваліся?

— Ні ў якім разе! Наадварот, лічу, што, даўшы магчымасць трапіць сюды, Бог даў мне шматкроць больш за тое, аб чым марылася. Палюбіў гэтую краіну. Захапляюся дабрынёй і спагадлівасцю тутэйшых людзей, іх удзячнасцю, зычлівасцю. Люблю сваю парафію і сваіх парафіянаў, якіх і на самых найлепшых у свеце, калі б такія знайшліся, не памяняў бы. Мёрская парафія — мой дом, дзе мне заўсёды добра, заўсёды ўтульна.

— А парафіянам, наколькі ведаю, добра і ўтульна з Вамі, і яны вельмі цэняць Вашыя спагадлівасць і ўважлівасць да іх клопатаў і праблемаў. Што ж, няхай і надалей так будзе. Моцнага Вам здароўя і заўсёднае Божае апекі ў душпастырскай працы.


Францішак Дубраўскі.

Фота з архіва парафіі.


 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла