Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах. Святая Тэрэза з Лізьё.

Зрабі любоў кірункам свайго жыцця

Св. Тэрэзу з Лізьё называюць «Малой» Тэрэзай у адрозненне ад Тэрэзы Вялікай з Авіла. Нехта можа яе не ўспрымаць, лічыць сентыментальнай, заціснутай у старых формах пабожнасці. На самай справе гэтая маладая дзяўчына мела адвагу, каб зламаць усе духоўныя рамкі, якімі яе хацелі абмежаваць, і пайсці сваім уласным шляхам — быць як дзіця. Быць як дзіця — гэта не азначае быць інфантыльным, але азначае давяраць дзіцяці, якое жыве ў маёй душы, і ўласнаму адчуванню. Падзеі адбываліся якраз у той час, калі духоўнасць дыхала цеснатой і страхам, калі ўвага засяроджвалася на памылках і грахах, і св. Тэрэза імкнулася дасягнуць вялікага поспеху, робячы невялікі рахунак сумлення. Яна, відавочна, мела такую ўнутраную яснасць і моц, што не магла задаволіцца апекаю сваіх духоўных настаўнікаў, яе шлях быў іншым. Успамін св. Тэрэзы адзначаецца ў Касцёле 1 кастрычніка.

Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у горадзе Алансон у Нармандыі (на паўночным захадзе Францыі). Яе тры сястры ўступілі ў Кармэль. Іх маці рана памерла, і старэйшая сястра Паўліна заняла яе месца і выхоўвала маленькую дзяўчынку. Але пасля і Паўліна сама ўступіла ў кляштар. Пакутуючы ад расстання, св. Тэрэза захварэла. У чатырнаццацігадовым узросце яна сама папрасіла прыняць яе ў кармэліцкі кляштар. Але біскуп і папа Леў XII адхілілі яе просьбу. Праз год яна ўсё ж такі атрымала дазвол на ўступленне. Толькі дзевяць гадоў св. Тэрэза была кармэліткаю. І гэта было нялёгкае жыццё. Яна пісала пра сябе: «Я была вымушаная змагацца, я не мела падатлівага характару. Не было дня, каб я не была зраненаю». У той час было звычайным, каб таго, хто праходзіць навіцыят, выпрабоўваць праз розныя практыкаванні, якія маглі не мець глыбокага сэнсу. Але, нягледзячы на знешнюю адаптацыю, св. Тэрэза заставалася паслухмянаю ўнутранаму сумленню. У спрэчным на той момант пытанні аб частым прыняцці святой Камуніі яна стала насуперак сваёй настаяцельніцы, і нават абавязак паслухмянасці не мог гэтаму перашкодзіць.

Многія лічаць, што св. Тэрэза жыла дзіцячаю духоўнасцю. Але перад смерцю яна прайшла праз вялікую цемру. Яна зведала спакусу бязвер’я на самой сабе. Усё было пастаўлена пад пытанне. Яна ішла скрозь гэтую цемру, пакуль у ёй не перамагло святло. Духоўнасць св. Тэрэзы не мела нічога незвычайнага. Яна заключалася, хутчэй, у тым, каб «вытрываць ва ўсім, што прапановаўвае жыццё, ва ўсёй яго будзённасці, не зраджваючы сабе» (Іда Фрэдэрыка Гёррэс). Яна называла гэта малым шляхам: проста рабіць тое, што выпадае на гэтым шляху, сярод дробных рэчаў штодзённасці даць прастору любові. Любоў была яе адзіным кірункам жыцця. «Маё пакліканне — гэта любоў … у сэрцы Касцёла, маёй Маці, я буду любоўю». Гэта надае духоўнасці св. Тэрэзы штосьці прывабнае, свежае, сапраўднае. За кароткі час св. Тэрэза стала для людзей любімаю святою. Яна пражыла толькі 24 гады. Тым не менш, яе жыццё пакінула след, які яшчэ і сёння ўздзейнічае на нас. Яшчэ і сёння людзі прыходзяць у захапленне ад гэтай святой. Яны паддаюцца ўплыву яе хараства, а яе жыццё накіроўвае да Хрыста.

Часта людзі, якія сапраўды знаходзяцца ў духоўным пошуку, лічаць неабходнымі складаныя практыкаванні і канкрэтныя методыкі. Але ты не валодаеш духоўнаю сілаю альбо вопытам. Дастаткова, калі ты зробіш любоў кірункам свайго жыцця. «Любі — і рабі, што хочаш», — так сказаў ужо св. Аўгустын. У маім юнацтве мне таксама заўсёды чыталі натацыі, што я павінен любіць усіх людзей. Але ад гэтай любові я адчуваў нейкае напружанне. Я быў вымушаны кантраляваць усе свае рухі, каб не дапусціць ніводнага няветлівага слова ці позірку, які адштурхоўвае. Нельга любіць праз сілу. Даверся любові, якая жыве ў табе. У табе ўжо ёсць любоў. Ты не павінен выціскаць яе з сябе. Ідзі ўслед за тваёю любоўю. Яна вядзе цябе да Бога. Яна робіць цябе адкрытым для людзей. Яна падштурхоўвае цябе да жыцця. Яна напаўняе цябе радасцю і шчасцем.

 

Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer
in der Not. Die Heiligen
fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла