Дарагія чытачы! Нарэшце, пасля доўгай дакучлівай зімы, мы з вамі прычакалі вясны. На парозе — май, месяц, прысвечаны Марыі. Да Яе, Маці Касцёла і нашай Маці, мы ўзносім свае малітвы, падзякі і просьбы, праз Яе, Пасрэдніцу ласкаў, звяртаемся да Езуса Хрыста і да Бога Айца, «багатага міласэрнасцю». А 13 мая асаблівым чынам кіруемся ў думках на самы ўскраек Еўропы, у Фаціму, дзе ў 1917 годзе Марыя аб’явілася тром партугальскім дзецям — Люцыі, Францішку і Гіяцынце, каб праз іх перадаць свету пасланне-заклік да навяртання і пакаяння...

Цяпер у Касцёле праходзіць Вялікая фацімская навэнна, якая была распачатая ў 2009 годзе і завершыцца 13 мая 2017 года, у дзень стогадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў. Гэтыя дзевяць гадоў — час асаблівай малітвы да Беззаганнага Сэрца Марыі, якая паказвае нам просты і плённы шлях да свайго Сына; шлях, акрэслены ў словах Анёла з Фацімы: «Маліцеся! Шмат маліцеся!». Гэты заклік да малітвы скіраваны да кожнага з нас, дзяцей Марыі, і гучыць асабліва актуальна ў Год веры, калі мы імкнемся ажывіць свой кантакт з Богам і больш цесна паяднацца з Хрыстом.

Але як жа часта за навалаю працы, абавязкаў, праблемаў і штодзённай мітусні мы забываем пра свае духоўныя памкненні і добрыя намеры. Асабліва цяпер, вясною, калі да звыклага клопату ў многіх гараджанаў дадаецца яшчэ і праца на лецішчы, а ў вяскоўцаў распачынаецца праца ў полі. І менавіта ў гэты час здараецца так, што нам, хоць плач, не хапае шасці дзён у тыдні і не раз прыходзіць спакуса прыхапіць сёмы — нядзелю, дзень, ахвяраваны Богу. Як жа важна ў такія моманты ўмець спыніць сябе і з хрысціянскаю разважлівасцю, мудра і правільна вызначыць іерархію каштоўнасцяў у сваім жыцці, паставіўшы Бога на належнае Яму, — першае месца. І тады нам хопіць часу на ўсё: і на маёвае набажэнства, і на ўдзел у нядзельнай святой Імшы, і на штодзённую жывую размову з Богам... І, не сумнявайцеся, уся праца таксама будзе зроблена: без мітусні, спакойна, па-Божаму і з Яго дапамогаю...

У гэтым нумары мы змясцілі праграму перэгрынацыі рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, каб даць вам магчымасць, дарагія чытачы, загадзя спланаваць свой час і духоўна падрыхтавацца да такой незвычайнай і важнай падзеі. Няхай жа гэтая «кветачка, перасаджаная на гару Кармэль», якой было наканавана расквітнець у засені Хрыстовага Крыжа і якая жывілася, нібы расою, слязьмі і кроўю Збаўцы, дапаможа сваім прыкладам бязмежна-га даверу да Бога аднавіць і ажывіць нашу веру, каб шэрая штодзённасць расквітнела новымі дарамі Духа Святога і напоўнілася ахвярнаю любоўю да Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці.

Крыстына Лялько

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней