Стань перад Богам (частка I)

Унутраная малітва. Што гэта такое? Яна даступная толькі выбраным, асабліва адораным, альбо ўсё ж і кожны вернік можа ўвесці яе ў практыку свайго духоўнага жыцця? І што яна дае яму? Вось што на гэтую тэму кажа доктар тэалогіі айцец Анджэй Мушаля з Кракава.

Унутраная малітва — гэта не імправізацыя, бо вельмі важна, што ты ў часе яе робіш, як сябе паводзіш. Не разумеючы гэтага, ты рызыкуеш зрабіць малітву яшчэ адной праявай свайго эгаізму. Малітва — гэта ўзыходжанне на вяршыню гары Любові па крутой сцежцы поўнага забыцця сябе і адкрытасці на Божае дзеянне.

На гэтым шляху патрэбны план і дакладныя ўказальнікі, дзякуючы якім ты можаш быць упэўнены, што не сыдзеш з абранага шляху. Акрэсліў іх для цябе і для мяне святы Ян ад Крыжа на схематычным малюнку «Шлях на гару Кармэль». Паглядзі на гэты малюнак.

Справа — шлях зямных дабротаў.

Па ім ідуць тыя, хто ў малітве «навязвае» Богу сваю волю, жадаючы атрымаць асабістую матэрыяльную выгаду, здароўе, зямныя даброты, якія можна вымераць. Карацей кажучы, гэта шлях ДУМАК ПРА СЯБЕ.

Злева — шлях нябесных дабротаў.

Па ім ідуць тыя, хто шукае ў малітве перажыванняў, радасці, Божага адкрыцця, прыемных адчуванняў, асалоды, задавальнення, суцяшэння ад Бога і Яго натхнення. Карацей, гэта дарога тых, хто ДУМАЕ ПРА СЯБЕ.

А пасярэдзіне?
«Вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе!» (Мц 7, 14).

Гэта сцежка пяцікратнага «НІШТО», альбо адмаўлен-ня ўласных уяўленняў і паняццяў пра Бога.

Гэта шлях для цябе і для мяне, калі толькі мы хочам дасягнуць яднання з Богам.

Гэта шлях для адважных і для тых, хто здольны рызыкаваць, — для тых, хто не шукае нічога, апроч Самога Бога і Яго волі.

Гэта шлях, на якім ты можаш сустрэцца ў сапраўднай унутранай малітве з Тым, Каго палюбіла твая душа. Вось гэтая малітва, крок за крокам.

1. Першае «НІШТО»
Стань у Божай прысутнасці

Пастарайся ўсвядоміць, што Езус жыве ў табе!

Больш за тое — уся Найсвяцейшая Тройца жыве ў табе!

«Слова, Сын Божы, разам з Айцом і Духам Святым утоена ў найглыбейшай сутнасці душы. Таму душа, якая прагне здабыць Яго, павінна ўвайсці ў сябе з дапамогай глыбокай засяроджанасці» (святы Ян ад Крыжа, «Духоўная песня»; 1, 6).

На пачатку малітвы зрабі намаганне першага «НІШТО»; забудзь пра свае справы, пастарайся засяродзіцца і сканцэтравацца толькі на гэтай найважнейшай праўдзе: БОГ ЖЫВЕ ЎВА МНЕ!

Супакой свае ўнутраныя здольнасці — памяць, уяўленне, розум, волю, пачуцці — і павярні іх са знешняга свету да Бога.

2. Другое «НІШТО»
Духоўнае чытанне

У малітве дзейнічаеш не ты, а Езус.

Таму адкрый цяпер Евангелле і чытай…

Не спяшайся… Рабі паўзы… Чытай сэрцам…

Ты чытаеш пасланне ад Яго — упітвай у сябе Ягоную прысутнасць!

3. Трэцяе «НІШТО»
Заплюшчы вочы

Гэта — практычная парада святой Тэрэзы Авільскай.

Такое, здавалася б, звычайнае дзеянне вельмі карыснае для таго, каб не глядзець на тое, што адцягвае тваю ўвагу, – на знешні свет, але вачыма сэрца ўвайсці ў Божы свет.

Каб увайсці ў глыбіню душы і знайсці на самым яе дне Таго, Каго ты любіш.

4. Чацвёртае «НІШТО»
Глядзі на Езуса

Тут ідзе гаворка пра «ўзіранне сэрцам» на Езуса ў канкрэтнай сітуацыі, пра якую ты прачытаў у Евангеллі (напр., калі Ён знаходзіцца ў пустыні альбо ў Кане Галілейскай, альбо размаўляе з Нікадэмам і г.д.).

Глядзі на Яго як на Таго, Каго любіш. Глядзі, каб быць з Ім. Каб устанавіць з Ім кантакт.

5. Пятае «НІШТО»
Здзейсні АКТ ВЕРЫ

Гэта азначае — выкажы Яму сваю веру праз:
– адданне сябе (акт веры);
– любові, якая ні ў чым не адмаўляе (акт любові);
– удзячнасці за тое, што ты імкнешся да Яго;
– поўнай самааддачы, якая не спыняецца ні перад чым.
Цяпер ты на вяршыні.
Цяпер ты з’яднаны з Хрыстом, якога любіш, а праз Яго — з усёй Найсвяцейшай Тройцай.
Заставайся ў гэтым стане столькі, колькі зможаш.
Калі твая ўвага ўсё ж будзе рассеяная, не дакарай сябе за гэта, а спакойна вяртайся да акту веры.

* * *
Такі вось план і парадак гэтай малітвы.
Гэта не нейкая там новая тэхніка, а імкненне ісці за Езусам Ягоным шляхам.

Пяцікратнае «НІШТО» адварочвае нас ад саміх сябе і адчыняе дзверы Езусу, каб Ён мог у нас дзейнічаць.

Каб Ён маліўся ў нас да Айца.

Каб Ён змяніў нас настолькі, наколькі захоча.

Заканчэнне будзе.
Падрыхтавала
Ірына Жарнасек.
Паводле сайту terramariana.org

Працяг у №6 за 2013 г.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла