З «Дзённіка»

Агульны змест

1120 Выйшаўшы ў сад, я ўбачыла, як усё дыхае радасцю вясны. Дрэвы, прыбраныя ў кветкі, чароўна пахнуць; усё пульсуе радасцю, а птушкі, што спяваюць і шчабечуць, праслаўляюць Бога і кажуць мне: «Цешся і радуйся, сястра Фаўстына», але мая душа — у цемры і мучэннях. Мая душа такая адчувальная да шолаху ласкі, яна ўмее размаўляць з усім, што створана і што мяне атачае, і я ведаю, чаму Бог так аздобіў зямлю… Але маё сэрца не можа радавацца, бо Любы схаваўся ад мяне, і я не супакоюся, пакуль не знайду Яго… Я не ўмею жыць без Бога, але адчуваю, што і Бог не можа спазнаць шчасця без мяне, хоць Ён абсалютна самадастатковы…

1121 06.05.[1937]. Унебаўшэсце Езуса. Сёння з самай раніцы мая душа адчувае дакрананне Бога. Пасля святой Камуніі я хвіліну кантактавала з Нябесным Айцом. Мая душа была ўзнесеная ў самы жар любові, і я зразумела, што ніякія знешнія справы не могуць параўнацца з чыстаю любоўю да Бога… Я бачыла радасць Уцелаўлёнага Слова і заглыбілася ў Божую Траістасць. Калі я вярнулася ў рэальнасць, туга запаланіла маю душу; я сумую па лучнасці [33] з Богам. Мяне атуляла такая вялікая любоў да Нябеснага Айца, што ўвесь гэты дзень я называю бесперапынным экстазам любові. Цэлы сусвет здаўся мне маленькаю кропелькаю перад Богам. Няма большага шчасця, чым калі Бог дае мне ўнутрана зразумець, што Яму мілы кожны ўдар майго сэрца, і калі Ён паказвае мне, што асабліва мяне любіць. Гэта ўнутраная перакананасць, якую Бог мне дае, упэўніваючы мяне ў сваёй любові да мяне і ў тым, што Яму мілая мая душа, напаўняе маю душу глыбокім спакоем. У гэты дзень я не магла нічога есці — я адчувала сябе насычанаю любоўю.

1122 Божа вялікай міласэрнасці, які пажадаў спаслаць нам свайго Адзінароднага Сына як найвялікшы доказ бяздоннай любові і міласэрнасці, Ты не адкідваеш грэшнікаў з-за сваёй бяздоннай міласэрнасці. Ты і ім адкрыў скарб, з якога яны могуць шчодра чэрпаць не толькі апраўдан-не, але й усялякую святасць, якую можа асягнуць душа. Ойча вялікай міласэрнасці, я прагну, каб усе сэрцы з даверам звярнуліся да Тваёй бясконцай міласэрнасці. Ніхто не апраўдаецца перад Табою, калі яго не будзе суправаджаць Твая бяздонная міласэрнасць. Калі Ты адкрыеш нам таямніцу сваёй міласэрнасці, будзе замала вечнасці, каб належным чынам аддзячыць Табе за гэта.

1123 О, як прыемна мець у глыбіні душы тое, у што нам наказвае верыць Касцёл. Калі мая душа заглыбленая ў любоў, то самыя складаныя пытанні я вырашаю дакладна і хутка. Толькі любоў здольная прайсці над прорвамі і праз вяршыні гор: любоў і яшчэ раз любоў.

1124 [34] + 12.[05.1937]. Дзіўная цемра іншы раз засланяе маю свядомасць, і я, насуперак сваім жаданням, апускаюся ў небыццё.

1125 20.05.[1937]. Калі мінуў ужо месяц з таго часу, як я радуюся моцнаму здароўю, да мяне прыйшла думка, што я не ведаю, што лепш падабаецца Пану — ці каб я служыла Яму ў хваробе, ці ў моцным здароўі, аб якім я Яго прасіла. І я сказала Пану: «Езу, рабі са мною тое, што Табе заўгодна», — і Езус вярнуў мяне ў ранейшы стан.

1126 О, як прыемна жыць у кляштары сярод сясцёр, але не трэба забываць, што гэтыя анёлы знаходзяцца ў людскім целе.

1127 У нейкі момант я ўбачыла сатану, які спяшаў і шукаў кагосьці сярод сясцёр, аднак не знаходзіў. Я адчула ў душы натхненне, каб у Імя Бога загадаць яму прызнацца, чаго ён шукае сярод сясцёр.
І ён, хоць і неахвотна, прызнаўся, што шукае бяздзейных душаў. Калі я, зноў жа ў Імя Бога, загадала яму прызнацца, да якіх душаў у кангрэгацыі ў яго ёсць найбольшы доступ, ён — зноў неахвотна — прызнаўся, што да лянівых і бяздзейных душаў. Я заўважыла, што цяпер у гэтым доме такіх душаў няма. Няхай радуюцца спрацаваныя і стомленыя душы.

1128 22.05.1937. Сёння такая гарачыня, што яе цяжка вытрываць; мы хочам даж-джу, але ён не падае. Некалькі дзён неба хмарыцца, а дождж не можа пайсці. Калі я зірнула [35] на расліны, што прагнуць дажджу, мяне агарнула спачуванне і я вырашыла маліцца гэты вяночак да таго часу, пакуль Бог не спашле дажджу. Пасля падвячорка неба ўкрылася хмарамі і на зямлю праліўся спорны дождж; гэту малітву я адгаворвала бесперапынна тры гадзіны. Пан даў мне зразумець, што з дапамогаю гэтай малітвы можна выпрасіць усё.

1129 23.[05.1937]. Дзень Найсвяцейшай Тройцы. У часе святой Імшы я нечакана была з’яднаная з Найсвяцейшаю Тройцаю. Я спасцігла Яе прыгажосць і веліч. Я была злучаная з Трыма Асобамі. І паколькі я з’ядналася з Адною з гэтых Шаноўных Асобаў, то адначасова з’ядналася і з Дзвюма другімі Асобамі. Немагчыма апісаць шчасця і радасці, якія былі ўдзеленыя маёй душы. Мне сумна, што я не магу апісаць словамі таго, што існуе без словаў.

1130 Я пачула такія словы: Скажы генеральнай настаяцельніцы, няхай яна разлічвае на цябе як на самую верную дачку ў кангрэгацыі.

1131 Пасля гэтых словаў да мяне прыйшло ўнутранае зразуменне таго, чым з’яўляецца перад Богам усё створанае. Агромністая і неспасцігальная Яго веліч, а тое, што Ён так ласкава сыходзіць да нас, сведчыць пра бяздоннасць Яго міласэрнасці…


Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла