«Таямніцы Фацімы» — выйсце з «Лабірынту»

«Лабірынт» (амерыканскі рэж. Джэйсан А. Шмідт) і «Таямніцы Фацімы» (італьянскі рэж. Элізабэта Кастанья) — так называюцца фільмы-ўдзельнікі мінулых кінафестываляў хрысціянскіх фільмаў «Magnificat», у якіх закранаюцца перыяды самых трагічных і, калі можна так сказаць, апакаліптычных падзеяў ХХ стагоддзя. Менавіта апакаліптычных, бо на такія разважанні скіроўваюць гэтыя стужкі. Адзін фільм распавядае пра фацімскія аб’яўленні Панны Марыі і трагічныя падзеі ХХ ст., другі («Лабірынт») — пра жахі Другой сусветнай вайны.

«Лабірынт» — гэта ўспаміны паляка Мар’яна Каладзея аб сваіх пакутах у фашысцкім канцлагеры Асвенцім. Усё жыццё ён насіў у сваім сэрцы памяць аб гэтым пекле, а ў сталым узросце, пасля апаплексічнага ўдару, ён адчуў, што трэба распавесці пра ўсё іншым. Гэты мужчына пачаў маляваць і распавядаць. Асвенцім — гэта праяўленне пекла на зямлі і... гэта ўсё ж такі чысцец, бо ў такіх жорсткіх умовах вязні станавіліся больш чалавечнымі. У асобных кадрах у фільме з’яўляецца постаць Максімільяна Кольбэ. Гэта ўражвае, бо разумееш, што яго ў Асвенціме ведалі ўсе. Не таму, што ў пэўным месцы, у пэўным бараку жыў гэтакі святар, а таму што ён выклікаў павагу ва ўсіх, незалежна ад таго, веруючыя гэта былі людзі ці не. Для ўсіх гэта быў чалавек з вялікай літары, для ўсіх ён быў большы за гэтае пекла, для многіх ён быў выратавальным якарам, які падтрымліваў у сэрцы надзею і веру, а самае галоўнае — у ім было жыццё. Ён жыў сярод смерці.


...З адной знаёмай у мяне адбылася цікавая размова. Ганна — чалавек з вельмі справядлівай душой; яна пакутуе ад несправядлівасцяў у свеце, часта наракае на цяжкасці, а таксама вельмі любіць а. Максімільяна. Неяк, убачыўшы яе зноў са складзенымі крыламі пасля чарговых праблемаў на працы, кажу:

— Ганна, а ці ведаеш ты, дзе працаваў а. Максімільян?

— Дзе?

— У Асвенціме. І праца яго была трошкі цяжэйшая...

— ???

— А яшчэ ён там і адпачываў. Ну і ўмовы для адпачынку ў яго там былі трошкі горшыя...

— ???

— І больш за тое, ён там жыў! Жыў у поўным сэнсе гэтага слова. Ведаеш, аднойчы дазволіўшы Езусу пасяліцца ў сваім сэрцы, ён навучыўся ніколі Яго ўжо не губляць, а дакладней, ён вучыўся гэтаму ў Панны Марыі, якая, знайшоўшы аднойчы ласку ў Пана, ніколі ўжо яе не губляла, а змагла захаваць і падараваць кожнаму з нас.

Слоўнік тлумачыць: лабірынт — гэта нейкая структура, складзеная з заблытаных шляхоў да выйсця. У больш шырокім сэнсе гэта слова можа азначаць тупіковую сітуацыю ці справу, з якой вельмі складана знайсці выйсце. Айцец Максімільян Кольбэ і паказаў нам тое адзінае выйсце з лабірынтаў ХХ стагоддзя, у якіх ужо даўно заблыталася чалавецтва. Гэта выйсце — у Езусе праз поўную адданасць і прысвячэнне сябе і ўсяго свайго жыцця Беззаганнай Панне Марыі, бо толькі над Ёю гэтыя лабірынты не маюць улады і толькі Яна ў самых складаных умовах і спакусах сённяшняга свету можа паказаць сапраўдны шлях да Бога.

Другі фільм — «Таямніцы Фацімы» — якраз і распавядае пра жаданне Божай Маці дапамагчы кожнаму з нас знайсці выйсце з тых лабірынтаў, у якія злы дух загнаў у ХХ стагоддзі чалавецтва. Гэта выйсце — Яе Беззаганнае Сэрца. Яна так і сказала Люцыі: «Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога». Яна хоча ўсіх уратаваць і просіць аб прысвячэнні свайму Беззаганнаму Сэрцу. Так заўсёды было ў гісторыі чалавецтва: калі яно спынялася ў нейкім тупіку, Езус пасылаў на дапамогу сваю Маці.

У кнізе «Меджугор’е: дзевяностыя гады» с. Эмануэль распавядае пра адзін эпізод з жыцця вядомай французскай містычкі Марты Робен.

«1947 год. Францыя знаходзіцца на краі бездані. Камуністы імкнуцца да ўлады. Катастрофа была непазбежная. Неяк раніцай а. Фінэ (духоўнік Марты), гартаючы газеты, зусім упаў духам. Было 8 снежня. Як заўсёды, ён скіраваўся на ферму, каб пагаварыць і памаліцца разам з Мартай Робен. Ён падрабязна распавёў ёй пра трывожны стан Францыі і зрабіў выснову:

— Марта, Францыя загінула!

— Не, ойча мой! — запярэчыла Марта радасным голасам. — З Францыяй не будзе таго, пра што Вы гаворыце! Бо найсвяцейшая Панна Марыя аб’явіцца малым дзецям і Францыя будзе ўратавана.

Было 10 гадзін раніцы. У той жа дзень у гадзіну дня Найсвяцейшая Панна Марыя аб’явілася чатыром маленькім дзяўчынкам у касцёле ў вёсцы Іль-Бушарэ. „У гэтыя дні Францыя знаходзіцца ў небяспецы, — сказала Яна ім, — маліцеся!“

Праз дзесяць дзён сутычкі былі спыненыя, камуністычная пагроза мінула, краіна магла вярнуцца да нармальнага жыцця».

Фільм «Таямніцы Фацімы» заканчваецца аповедам пра тое, што апошнім часам Маці Божая аб’яўляецца ўсё часцей у шматлікіх месцах. Праз увесь фільм праходзіць думка пра тое, што трэцяя фацімская таямніца не адкрытая поўнасцю, і што згодна з ёю чалавецтва чакае пакаранне за шматлікія грахі, і Марыя выпрошвае ў свайго Сына магчымасці для новых аб’яўленняў на зямлі, каб уратаваць як мага больш душаў.

У Фаціме Маці Божая прасіла аб прысвячэнні Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы праз гэта навяртанне чалавецтва да Бога і трыумф свайго Беззаганнага Сэрца.

13 чэрвеня 1929 года ў прыватным аб’яўленні сястры Люцыі Яна сказала: «Час настаў. Бог просіць у Святога Айца, каб у адзінстве з усімі біскупамі свету прысвяціць Расію Майму Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы такім чынам уратаваць яе». Гэта просьба была перададзена папу Пію ХІ, які абяцаў падумаць. Але, на жаль, просьба не была выкананая. Як вынік, у 1932 годзе ў Расіі і ў Германіі ўсталёўваюцца жорсткія таталітарныя рэжымы і гэтыя дзяржавы распачынаюць фарсіраваную падрыхтоўку да вайны, якая пачынаецца ў 1939 го-дзе. Просьба Маці Божай не пачутая, чалавецтва патанае
ў крыві...

31 кастрычніка 1942 года ў пасланні, адрасаваным Партугаліі з нагоды заканчэння юбілейнага году фацімскіх аб’яўленняў, папа Пій ХІІ прысвяціў Касцёл і ўсё чалавецтва Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

У 1943 годзе с. Люцыя расказала пра адну сваю размову з Панам Езусам: Ён абяцае хуткі канец вайны ў адказ на здзейснены акт, якога Ён чакаў ад Яго Святасці. Але паколькі той акт не быў даведзены да канца, навяртанне Расіі адбудзецца пазней.

Настае пералом у вайне. У Расіі спыняецца пераслед Царквы. У верасні 1943 года адбываецца знакамітая сустрэча Сталіна з мітрапалітам Сергіем Старагародскім. З лагераў выпускаюць біскупаў і святароў. Аднаўляецца праца цэркваў.

7 ліпеня 1952 года ў апостальскім лісце «Sacro Vergent Anno» папа Пій ХІІ прысвяціў народы Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі. 5 сакавіка 1953 года памірае Сталін. Наступае перыяд так званай «адлігі». Але ў хуткім часе Хрушчоў распачынае пераслед Царквы. 25 лістапада 1964 года папа Павел VI, закрываючы ІІІ сесію Другога Ватыканскага Сабору, «прысвяціў увесь род чалавечы» Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Амаль адначасова ў Савецкім Саюзе адбываецца змена ўлады. Пераслед Праваслаўнай Царквы зноў спыняецца.

25 сакавіка 1984 года папа Ян Павел ІІ здзейсніў прысвячэнне Беззаганнаму Сэрцу Марыі. У СССР распачалася перабудова.

У адным з эпізодаў фільма ў с. Люцыі спыталіся, ці прыняло неба гэтае прысвячэнне? Яна адказала: «Калі б не было прысвячэння 1984 года, то ў 1985 годзе ўспыхнула б сусветная атамная вайна».

Мы не ведаем, што нас чакае ў будучыні, але бачна, што... неба крычыць! У ХХ ст. сілам зла ўдалося збудаваць на зямлі сваю імперыю. Імперыю граху. Чалавецтва ўсё больш заблытваецца ў лабірынтах гэтай імперыі. І Пан Езус пасылае нам на дапамогу сваю Маці, бо толькі Яна заўсёды паказвае і накіроўвае да Бога. Гэта можа азначаць толькі тое, што без Яе дапамогі чалавецтва ўжо не здольнае выблытацца з гэтых лабірынтаў зла.

Марыя аб’яўляецца ўсё часцей, каб дапамагчы ўратавацца як мага большай колькасці душаў. Марыя хоча дастукацца да кожнай душы. І для гэтага Ёй патрэбныя мы, каб у еднасці з намі Яна ўвайшла ў кожны дом.

Якраз падчас фацімскіх аб’яўленняў у Касцёле нарадзіліся два апостальскія рухі, заснаваныя на поўнай адданасці і прысвячэнні Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Гэта Рыцарства Беззаганнай, створанае Максімільянам Кольбэ
ў кастрычніку 1917 года, і Легіён Марыі, які пачаў фармавацца ў жніўні таго ж года. Абодва рухі — гэта як бы працяг Яе фацімскіх аб’яўленняў. Гэта Яна, Маці Божая, працягвае аб’яўляцца праз душы тых, хто прысвячае сябе, сваё жыццё і ўсё, што мае, Ёй.

Фільм «Таямніцы Фацімы» заканчваецца аповедам пра Меджугор’е. Там гаворыцца, што ў Меджугор’і Панна Марыя аб’явілася для таго, каб завяршыць распачатае ў Фаціме.

У сваім аб’яўленні 25 жніўня 1991 года Яна сказала: «Любыя дзеці, сатана моцны, ён намагаецца перашкодзіць справам спакою і шчасця. Я запрашаю вас зразумець, наколькі важны Мой прыход і наколькі сур’ёзнае становішча. Я хачу выратаваць усе душы і паказаць іх Богу, таму і запрашаю вас, любыя дзеці, яшчэ больш актыўна маліцца і пасціцца, пакуль з вашай дапамогай і праз пачатыя Мною ў Фаціме таямніцы не збудзецца ўсё, чаго Я хачу дасягнуць».

Уладзімір Вайцяховіч

Цэтлікі: Фаціма

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней