Вершы

Віншуем нашага шаноўнага аўтара і шчырага сябра з юбілеем.
Жадаем новых творчых поспехаў, шчодрай Божай ласкі і дароў Духа Святога. Чакаем новых твораў на старонках нашых выданняў.


Рэдкалегія

Дзе Маці...

Ранкам настылым,
зняветленым
напрасткі
паўз прысады
да хаты
спяшаешся,
дзе
МАЦІ
на покуці
з вачамі нямымі,
ад студні
прадоння
глыбейшымі, —
начной тэлеграмы
пазоў.

Чужых на падворку,
як бобу ў струку,
да цікавостак
і вохкання
сквапных.
«Як стане
паводзіць сябе
гэты фацэт
счужэлы?
Заплача ці не?» —
пытальнік
у позірках.
 
Дзверы кранеш
даланёй анямелаю
і зачыніш,
быццам няўзнак,
за сабой
(далей ад паглядаў
уніклівых)
ды прымроіш,
як ранкам вясёлым,
шчаслівы,
напрасткі
паўз прысады
да хаты ляціш,
дзе
МАЦІ...
          
НЕ БУДЗЕ
ВІДОВІШЧА.



***
Вераломства
вострая стрэмка
ў скроню
кальне неспадзеўна
і вочы расчыніць
нібыта...
Яе,
як у пашчы варан
таемную зброю сваю,
фузорый,
у памяці нетрах
схаваеш да часу
і будзеш насіць
пры сабе,
у сэрцы,
атручаным помстай,
аж пакуль
не згалееш душою
дарэшты
ад гэткае ношы.
Ці аж покуль
не вымкнецца
голкаю дзесь
і не ўджаліць
знячэўку наўзаем
самога цябе
тая стрэмка
атрутная.

Як гукнецца,
так і аддасца –
не з лёгкіх
навука
для невідушчых.


***
Не ўмею
ўрабляць зямлю,
як умеў дзед.
Не ўмею
аддана маліцца,
як умела бабуля.
Не ўмею
элементарна цяслярыць,
як умеў бацька.
Не дам рады
распаліць у печы
ці спячы хлеб,
як умела маці.
Не ўмею спраўдзіць
назовы траваў і зёлак,
як умее Панізьнік.
Нічога
не ўмею
з вясковага,
апроч як касіць
ды даіць карову.

Як дзед і бабуля,
як бацька з маці –
не ўмею:
сялянскі сын...


                                         Франц Сіўко

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла