Сведчанне: я адчула сябе Божым дзіцем

13 красавіка — своеасаблівы дзень, успамін пра які заўсёды адгукаецца трапяткім хваляваннем у маім сэрцы. Гэта — дзень пералому, аднаўлення, руйнавання старога жыцця і майго нараджэння для жыцця новага, дзень «паўстання з граху няволі». Гэта дзень майго навяртання.

Я памятаю вочы. Блакітныя, працятыя невымоўнай пакутай, неразуменнем. Я памятаю вочы на акрываўленым твары з бясконцым жахам і болем. Можа, менавіта ўспамін пра іх прымусіў мяне пайсці ў царкву. А можа…

Тады, у красавіку 2011 года, амаль за тыдзень мне давялося перажыць дзве трагедыі: асабістую і нацыянальную. 5 красавіка памерла мая любая бабуля, а 11 красавіка здарылася трагедыя ў мінскім метро. Той страшны панядзелак не знікне з маёй памяці ніколі. На метро я даехала дадому, пасля — на курсы. Усё як заўжды, і думкі не было, што штосьці можа змяніцца…  І раптам: выццё машын хуткай дапамогі, шквал тэлефанаванняў, хваляванне за бацькоў і сяброў, жахлівыя кадры ў навінах, істэрыя, якая ахапіла тады  горад. Той дзень змяніў многіх беларусаў назаўсёды: хтосьці так і не даехаў дадому, хтосьці на ўсё жыццё застаўся інвалідам, хтосьці расчараваўся ў людзях, а хтосьці пачаў шукаць сэнс жыцця. Так ці інакш, але трагедыя ў многім перамяніла нашае грамадства, змяніла яго ранейшы светапогляд.

У той дзень я зайшла ў бліжэйшую царкву памаліцца за загінулых. Гэта ўжо было вельмі дзіўна і незразумела, бо на той момант я трымалася прынцыпаў «ваяўнічага атэізму». Юнацкі максімалізм і бязбожная кніга «Авадзень» Э. Войніч зрабілі сваю справу. Мне цяжка і сорамна ўзгадваць цяпер, якімі словамі я абражала Бога, Яго вернікаў і святых. Я, нічога не ведаючы пра Касцёл, дазваляла сабе казаць пра яго несусветныя рэчы. І ўсё гэта тады, калі мне найбольш быў патрэбны менавіта Бог. І Ён адказаў на маю патрэбу. Там, у маленькай царкве, Бог паклікаў мяне. Я ўпершыню адчула сябе дзіцём Божым, якое Ён так бязмежна любіць, што памёр за яго ў невыносных муках. А чым я адказвала на гэтую любоў? Здзекам, знявагамі і нянавісцю. Ад гэтай думкі я расплакалася, слёзы цяклі па твары, і разам з імі сыходзілі туга і адчай — усё тое, што цягнула мяне ўніз, у бездань. У мяне не хапае словаў, каб перадаць тое, што я перажыла. Ці знаёмае вам пачуццё, калі быццам нешта цяжкае, тыя ланцугі, якія прыціскалі вас да зямлі, раптам спадае? Калі душа вырываецца з скляпення і напаўняецца святлом? Калі адчуваеш, што яна здольная паляцець далёка-далёка, ажно да блакітнага неба, да Таго, Хто цябе бязмерна любіць...

З таго часу мінула два гады. Ці магла я тады, 11 красавіка 2011 года, уявіць, што буду маліцца ў касцёле і, укленчыўшы, прымаць святую Камунію? Ці магла я ўявіць, як моцна зменіцца маё жыццё? І, пакуль не скончыцца зямная пілігрымка, я буду славіць Бога за тое, што нават праз чалавечыя грахі, нянавісць, каменныя сэрцы і страшныя трагедыі Ён здзяйсняе цуды, неспасцігальныя для чалавечага розуму. Слава Яму, слава! Аллелюя!

Прашу вас аб малітве за ўсіх няверуючых людзей, якія зневажаюць Бога, бо яны не спазналі яшчэ дзівоснага дару Ягонай любові. Амэн.


Кацярына Парыжаская

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла