Навэнна аб пазнанні і захаванні галоўных праўдаў веры

 
Склаў а. Дамінік Відэр OCD

 

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ

Паколькі я была малою і слабаю, [Бог] схіліўся нада мною, растлумачваў таямніцы сваёй любові. Пан заўсёды быў спагадлівым да мяне і поўным лагоднасці, Ён не спяшаўся пакараць мяне і быў поўны міласэрнасці (пар. Rps A 3v).

Святая Тэрэза, ты моцна верыла ў Бо­жы Провід, і Бог быў для цябе перад­усім любоўю, якая апярэджвае, заўсёды спачувае і поўная міласэрнасці, якая заўсёды выходзіць насустрач чалавеку. Ты верыла, што лёс кожнага стварэння спачывае ў руках добрага Айца, у якога сэрца гарачэйшае за сэрцы ўсіх маці, якія Ён сфармаваў. Выпрошвай нам усім у Бога жывую веру. Перадусім просім за дзяцей і моладзь, каб бацькі і асяроддзе перадавалі ім — гэтак жа, як твае бацькі табе, — трывалае сведчанне веры. Просім цябе, каб ты выпрошвала для падрастаючай моладзі здольнасць праз разважанне і малітву выбіраць веру ў Бога, а для ўсіх, за каго мы молімся, — вернасць Божаму закону. Няхай усе людзі так, як ты, даручаць сябе, усё і ўсіх бацькоўскім рукам Бога Айца.

Кожны дзень навэнны молімся: Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, маліся за нас!


ДРУГІ ДЗЕНЬ

Любоў дала мне ключ да майго паклікання. Я зразумела, што любоў змяшчае ў сабе ўсе пакліканні, што любоў з’яўляецца ўсім, ахоплівае ўсе часы і месцы. Маё пакліканне — гэта любоў! (Rps B 3v)

Святая Тэрэза, Бог адкрыў табе таямніцу сваёй любові і ў ёй — тваё пакліканне ўдзельнічаць у жыцці Бога: пакліканне да выключнай любові ў манаскім жыцці і пакліканне як тваё ўласнае месца ў Касцёле; Ён дазволіў табе верна і радасна рэалізаваць гэтае пакліканне. Выпрасі нам і ўсім, за каго мы молімся ў гэтай навэнне, большае, чым дагэтуль, усведамленне таго, што з самага пачатку свайго існавання мы запрошаныя да з’яднання з Богам, а праз хрост прывітыя да Езуса Хрыста. Дапамажы таксама ўсім людзям знайсці сваё месца ў канкрэтным пакліканні ў свеце: у сям’і, у манаскай супольнасці ці ў святарстве; і, акрамя таго, мець моцнае імкненне, якое мела ты, — быць у сэрцы Касцёла любоўю. Вельмі патрэбна такая ахвярная любоў для ўсёй чалавечай сям’і, бо толькі любоў надае жыццю найглыбейшы сэнс.


ТРЭЦІ ДЗЕНЬ

Заўсёды спачывае ў маім сэрцы Евангелле, з якім я ніколі не расстаюся. Ледзь толькі скірую позірк на Евангелле, адразу ж удыхаю духмянасць Езусавага жыцця і ведаю, якую мне выбраць старонку. Гэтая залатая кніга — мой самы каштоўны скарб (пар. TDL 193).

Святая Тэрэза, табе Бог дазволіў палюбіць Евангелле і паказваў укрытыя ў ім таямніцы. Ты знахо­дзіла ў Евангеллі жывы духоўны пажытак, добры і найчысцейшы, а таксама крыніцу новага святла. Адно слова Евангелля адкрывала табе бясконцыя гарызонты, а на малітве ты знаходзіла ў ім усё, што было патрэбна для тваёй душы. Дапамажы нам усім праз тваё заступніцтва так моцна палюбіць Евангелле — гэта значыць, жыццё Езуса і тое, што Ён чыніў, — каб мы так, як ты, пастаянна мелі Яго перад вачыма і ў Ім знаходзілі святло для розуму, умацаванне для волі, ясны кірунак для дзеянняў, апору пры сутыкненні з перашкодамі і абыякавасцю на малітве. Разам з табою мы просім Езуса: «Езу, пакажы нам і ўсім тым, за каго мы молімся ў гэтай навэнне, таямніцы, укрытыя ў Евангеллі, няхай яно стане для нас самым каштоўным скарбам».


ЧАЦВЁРТЫ ДЗЕНЬ

Хіба ж Езус не быў маім адзіным Сябрам? Толькі з Ім я магла размаўляць; размовы са стварэннямі, нават пабожныя, мучылі маю душу. Я адчувала, што лепей звяртацца да Бога, чым гаварыць пра Бога (Rps A 40v).

Святая Тэрэза, Езус так моцна прыцягваў цябе да сябе і так звязаў сваё сэрца з тваім повяззю сяброўства, што ты амаль пастаянна звяртаешся да Яго, пішаш пра Яго, перадаеш Яго любоў — Ён пастаянна знаходзіцца ў тваіх думках, у тваім сэрцы і на тваіх вуснах. Ты нічога не робіш дзеля сябе, нічога дзеля іншых людзей, усё толькі дзеля Езуса, каб зрабіць Яму прыемнае. Ты на самай справе, па-сапраўднаму закаханая ў Езуса. Выпрасі нам і ўсім, за каго мы молімся ў гэтай навэнне, каб Езус быў для нас так, як для цябе, адзіным сябрам, знойдзеным скарбам, самым дасканалым прыкладам, найлепшым кіраўніком душы, Любоўю, якой падпарадкавана кожная іншая любоў.


ПЯТЫ ДЗЕНЬ

Езус не для таго штодзённа сыходзіць з Неба, каб заставацца ў залатым цыборыі, а каб знайсці іншае Неба, якое для Яго ў сто разоў даражэйшае за тое, — Неба нашай душы, створанай па Яго вобразе, жывую святыню праслаўляемай Тройцы! (Rps A 48v)

Святая Тэрэза, якая з такою вялікаю тугою чакала дня Першай святой Камуніі, а таксама кожнай наступнай, да прыняцця якой заўсёды так доўга рыхтавалася. Так ты рабіла да самай смерці, запрашаючы ў сваю душу Найсвяцейшую Дзеву, святога Юзафа, анёлаў, каб яны ўпрыгожылі яе і ўчынілі годным памяшканнем для Езуса. А пасля святой Камуніі ты прасіла іх, каб яны разам з табою адаравалі прысутнага Пана. Ты так моцна сумавала па штодзённай святой Камуніі, выпрасі ў Езуса для нас, тых, хто мае магчымасць штодзённа прымаць святую Камунію, імкненне з’яднацца з Ім праз удзел у Найсвяцейшай Ахвяры, у частай святой Камуніі, у наведванні Яго, прысутнага ў табэрнакулюме. Няхай Ён учыніць, каб мы самі і ўсе, за каго мы молімся ў гэтай навэнне, будавалі нашае рэлігійнае жыццё на палкім набажэнстве да Найсвяцейшага Сакрамэнту, які яднае нас з жывым Езусам, такім блізкім, бо Ён знаходзіцца сярод нас.


ШОСТЫ ДЗЕНЬ

Для мяне малітва — гэта ўзнясенне сэрца, просты позірк, скіраваны да Неба, вокліч удзячнасці і любові як у цярпенні, так і ў радасці; урэшце, гэта нешта велічнае, звышнатуральнае, што пашырае маю душу і яднае мяне з Езусам (Rps C 25r).

Святая Тэрэза, для цябе малітва не абмяжоўвалася толькі абавязковымі малітоўнымі практыкамі, якія — хоць і былі жаданымі і любімымі — не заўсёды былі лёгкімі і злучанымі з суцяшэннем. З прастатою дзіцяці ўзносячы сваё сэрца да Бога ў кожную хвіліну, ты звяртала свае думкі да Яго ва ўсім, што перажывала, прабывала з Езусам у малітоўным з’яднанні ўсёю сваёй істотаю. Няхай твой прыклад і заступніцтва дапамогуць знайсці час для Бога нам і тым, для каго мы выпрошваем у гэтай навэнне патрэбныя для іх ласкі. Няхай малітва — па тваім прыкладзе — ахопіць усё нашае жыццё, свядома перажытае ў жывой і асабістай сувязі з жывым і праўдзівым Богам.


СЁМЫ ДЗЕНЬ

Хачу знайсці спосаб, каб дайсці да Неба якой-небудзь малою, вельмі простаю і вельмі кароткаю дарогаю. Мне хацелася б знайсці ліфт, каб падняцца на ім да Езуса. Ліфтам, які павінен падняць мяне да Неба, з’яўляюцца Твае рукі, Езу (пар. Rps C 2v-3r).

Святая Тэрэза, кіруючыся натхненнем Святога Духа, ты адшукала малую і вельмі простую дарогу да Неба; гэта дарога даверу і любові. Ты адшукала яе, разважаючы над жыццём Езуса, а менавіта, сузіраючы любоў Хрыста Укрыжаванага, Яго расцягнутыя на крыжы рукі, якія ты назвала адпаведным імем, — яны, сапраўды, з’яўляюцца ліфтам, што ўздымае нас да Неба. Укрыжаваны Адкупіцель чалавека — гэта ўся нашая надзея. Выпрасі нам і ўсім, каго ў гэтай навэнне мы даручаем твайму заступніцтву, перадусім здольнасць паверыць любові, якою Пан Бог палюбіў нас у сваім Сыне, Езусе Хрысце. Ён палюбіў нас такімі, якія мы ёсць. Ён ведаў, што самі мы няздольныя вызваліцца ад граху, таму ўзяў нашыя грахі на сябе. Ад нас Бог патрабуе даверу да Яго, выканання Ягонай волі, прыняцця ўсяго з Ягоных рук. Ён адзіны ведае, што нам патрэбна на самай справе. Дапамажы нам, святая Тэрэза, падчас жыццёвых бураў верыць Езусу, які разам з намі знаходзіцца сярод іх.


ВОСЬМЫ ДЗЕНЬ

Дасканалая любоў да бліжняга заключаецца ў тым, каб зносіць памылкі іншых, зусім не здзіўляцца іх слабасцям, будаваць сябе, заўважаючы ў іх нават самыя дробныя акты цнотаў. Перадусім, аднак, я зразумела, што любоў да бліжняга

не павінна заставацца закрытаю ў глыбіні сэрца (Rps C 12r).
Святая Тэрэза, сваім прыкладам ты вучыла, што сапраўдная любоў заключаецца не ў словах, а ва ўчынках; што любоў, укаранёная ў сэрцы, знешне праяўляецца ў дабрыні, спагадлівасці і цярплівасці, у дапамозе іншаму чалавеку; вучыла, што любоў нікога не выключае са сваёй добразычлівасці. Каб быць такою, яна патрабуе моцнай апоры ў Божай любові і павінна браць пачатак у ёй. Толькі такая любоў можа расшыраць сэрца чалавека. Акрамя прыкладу, святая Тэрэза, нам патрэбна тваё заступніцтва, каб мы ўмелі ўсміхацца іншаму чалавеку тады, калі не маем на гэта ніякай ахвоты, або распачаць з ім цяжкую, непрыемную для нас размову, калі ўсё адштурхоўвае нас ад яго. Ты сама сказала, што такая любоў значыць больш, чым самае страшнае мучаніцтва. Выпрасі нам і ўсім, за каго мы молімся ў гэтай навэнне, любоў, якую мы бачым у Езусе і ў табе.


ДЗЯВЯТЫ ДЗЕНЬ

Тое, што кажуць пра Цябе Евангелля словы,
Дапамагаюць наблізіцца і глядзець на Цябе смела:
Такою простаю была жыцця Твайго аснова —
Ты, Маці Збаўцы, як і я, жыла й цярпела.
                                    З верша св. Тэрэзы «Чаму люблю Цябе, Марыя?»

Святая Тэрэза, пранікаючы на малітве ў таямніцы Евангелля, ты пазнала ўсё жыццё Марыі. І тады ты заўважыла, што Яе жыццё і тваё вельмі падобныя. У вопыце перажывання Бога мы бачым у Марыі вялікія рэчы. Ты прыгадвала сабе пра іх: гэта таямніца ўцелаўлення, але таксама і таямніца ўкрыжавання; давер Марыі і Яе цярпенне разам з Сынам. Перадусім, аднак, ты падкрэсліваеш Яе звычайнае, штодзённае жыццё: чалавечае цярпенне і смутак, штодзённы клопат пра дом, пра Езуса, пра Юзафа. Дапамажы нам і тым, каго мы даручаем Богу ў гэтай навэнне, зразумець, што святасць рэалізуецца ў штодзённасці, у вернасці сваім абавязкам стану. Дапамажы нам так, як ты, углядацца ў Марыю. Дапамажы зразумець Яе fiat даверу, Яе Magnificat праслаўлення. Дапамажы нам разам з Марыяй шукаць і знаходзіць Езуса ў нашым жыцці. А перадусім выпрасі нам апеку Марыі, а таксама ласку вучыцца ад Яе жыць з Езусам і для Езуса ў кожную хвіліну.


Малітва на заканчэнне

Божа, Ты адкрываеш брамы свайго Валадарства пакорным і малым, учыні, каб мы з даверам ішлі па слядах святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і праз яе заступніцтва дасягнулі Тваёй вечнай хвалы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла