Вянок з дванаццаці зорак для Маці Божай

У пушчу глухую, з далёкае Вільні
Чатыры манахі прыйшлі, каб пачаць
Драўніну на кляштар ракою сплаўляць.
У цёмную ноч заблудзіўся адзін.
Холадна... Страшна... Хоць бы якое жытло...
Маліўся ў роспачы. Раптам — святло!
У ззянні дзівосным,
Якога няма ў прыродзе,
Прыйшла Дзева Маці!
Таму ўжо чатыры стагоддзі...

Краявідаў прыгожых — вачэй не адвесці —
Так шмат навакол. Там, дзе Сэрвач цячэ, —
Астравок, побач Турак і Зуйка яшчэ,
Стаў месцам абраным для Дзевы Святой.
Манахі, майстры, просты люд пачалі
Будаваць Божы храм, каб мог кожны хвалу
Дзеве Маці і Божаму Сыну
Штодзённа узносіць.
Сталася так. Доўжыцца
Ужо чатыры стагоддзі...

Высока ў неба ўзнесліся вежы,
І птушкай паўсюль разляцелася ўраз
Вестка, што ёсць цудадзейны абраз.
Праз бары і лясы, амшары, палеткі
З-за далёкай мяжы і суседніх фальваркаў,
Хто пешшу спакойна, хто конна і шпарка,
Неслі надзею да Дзевы
У журбе і самоце.
Ручаінкам людскім
Ужо чатыры стагоддзі...

Добрае, чулае сэрца ў Маці!
Хто голасна плакаў прад абліччам Тваім,
Слёзы сушыла паглядам сваім.
Толькі не кожны мог так галасіць.
Хтосьці зубы сціскаў, аж да болю ў скронях,
Боль фізічны трываў, што ўсё цела скаваў.
Нябачнай рукою
Пяшчотна праводзіш...
Малітвы падзякі гучаць
Ужо чатыры стагоддзі...

Толькі спакойна не можа пражыць чалавек.
Болю, трывог ўсім хапала спаўна.
Не, яму мала! Патрэбна вайна!..
Сонца на небе сабой засланіў чорны дым...
Святары, старыя і дзеткі ў гумнах гараць,
І страшны прысуд: «Храм у Будслаўі ўзарваць!».
Хто толькі мог,
Да першае зоркі на ўсходзе
Малілі: «О Божа, ратуй
Храм наступным стагоддзям!».

У новай хаце смяецца дзіцятка.
Пра перамогу гаворку вядуць, гераізм.
А пра веру? Веры няма. Атэізм.
Пад склады і клубы аддалі святыні...
Ціха ў Будслаўі. Бабулечак жменька
Збіралася разам маліцца ў нядзельку.
Дзяцей гадавалі
У бязвер’я прыгнёце.
Маўчалі званы ў касцёле
Амаль паўстагоддзя...

Іх мала было, хто сваёю малітвай
Горача Дзеву Марыю прасіў:
«Ратуй, Літасцівая, няма болей сіл!
Касцёлы закрыты, няма ні вянчання, ні хросту,
Сэрца баліць, мала месца слязам». —
«Стукайце, будзе адчынена вам».
Умее Заступніца
Сэрцы лагодзіць.
Вярнулі касцёл
На зыходзе стагоддзя...

Спявала зіма калыханку сівую,
У халодным касцёле стаяў чалавек,
То ўперад глядзеў, то кудысьці наверх.
Шаптаў: «Колькі ж спатрэбіцца сродкаў і сіл?».
На алтары з пазалотай, на сценах —
Зацёкі страшныя, зялёная плесень...
І Двое — Маці і Сын —
У глухой адзіноце...
Іх веліч без межаў!
Вечна! Стагоддзі!

Маўчаў рэстаўратар прад веліччу Божай,
І ўжо ўяўляў, як адну за другой
Ён адновіць з нябыту ўмелай рукой
Гэтыя сцены, калоны, алтар.
Супольнай малітвай, ахвярай і працай
Храм Унебаўзяцця пачаў адраджацца.
Зноў ліпень і фэст,
Пры вялікім народзе
Хор гімны спявае
Праз шмат стагоддзяў.

Ізноў пацяклі ручаінкі людскія,
Ішлі пілігрымы да Маці Святой,
Заходзілі ў Будслаў жывою ракой,
У кожнай — і радасць, і боль, і надзея:
Душа набалела, як ратаваці,
Паслухае Дзева; вылечыць Маці.
Каб не згінулі душы
У грахоўным балоце,
Ратуе ўсіх нас
Чатыры стагоддзі...

Пашыралася праўда, як промні на ўсходзе,
Куды б ні вяртаўся дамоў пілігрым,
Вестка пра цуды ішла разам з ім.
Нарэшце настала хвіліна прызнання!
З далёкага Рыма, ад папскага трону
Над Дзевай і Сынам заззялі кароны!
З зор абрамленне
У святым карагодзе
Яшчэ так не ззяла
Ніколі ў стагоддзях.

О Беззаганная Брама ў неба!
Найпрыгажэйшая Кветка зямлі!
Падтрымка святых, што ў вечнасць пайшлі.
Хор анёлаў пяе праслаўленне Табе.
О Каралева! Апякунка гаротнага краю!
Сэрца Тваё хай трыумфам заззяе!
І веліч квітнее
У небе заўсёды,
У часе імклівым
З стагоддзя ў стагоддзе!

Алена Татун,
парафія св. Язафата
ў в. Канстанцінава на Глыбоччыне.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла