Абраз Маці Божай Будслаўскай у маім жыцці

Калі я прыйшла да веры, а было гэта гадоў 20 таму назад, сэрцам прыняла Езуса Хрыста, Яго Боскасць, жыццё сярод людзей, збаўленчую місію, але я нічога не ведала пра Яго Маці, Найсвяцейшую Панну Марыю, і абразы Яе мне амаль нічога не гаварылі.

І вось надарылася магчымасць з’ездзіць у Будслаў на свята Маці Божай Будслаўскай. Ужо сама атмасфера дарогі настройвала на адчуванне чагосьці незвычайнага, а тут яшчэ жанчыны ў аўтобусе заспявалі песні, прысвечаныя Марыі. Песні гучалі вельмі прыгожа, пяшчотна. Я была зачараваная іх сэнсам, веліччу жыцццёвай пакоры і цярпення Божай Маці, слёзы самі пасыпаліся з маіх вачэй.

Будслаўскі касцёл сустрэў нас ва ўсёй сваёй грандыёзнасці і ўрачыстасці. Вельмі задушэўна і шчыра гучала прамова кс. Уладзіслава Завальнюка пра гісторыю касцёла, пра абраз Маці Божай Будслаўскай.

Урачыстую Імшу цэлебраваў св. памяці кардынал Казімір Свёнтэк. У сваёй прамове ён гаварыў аб Дзеве Марыі як аб Божай Маці і Маці ўсяго Касцёла, гаварыў, што Ёй пакланяюцца народы свету, Ёй прысвячаюць класічныя творы і народныя песні, Ёй нясуць букеты ружаў і простыя палявыя кветкі, і Яна з удзячнасцю прымае іх. І я зразумела, што таксама належу Марыі, што Яна і мая нябесная Маці. Я звярнулася ў малітве да Марыі і са шчырым сэрцам аддала сябе Ёй у апеку, паведаўшы сваё запаветнае жаданне. І ў хуткім часе яно збылося. Я стала раўнапраўнай удзельніцай жыцця Касцёла, змагла прымаць святую Камунію. І ведаю, што гэта Маці Божая дапамагла мне. З таго часу я стараюся не прапусціць ніводнай магчымасці пабываць у Будславе.

Аднойчы я вярталася з фэсту чымсьці засмучаная, ішла адна да свайго аўтобуса, і мяне дагнаў пілігрым у дарожным касцюме. Ён загаварыў са мною, і пасля нядоўгай гутаркі нашы дарогі разышліся. Але ў мяне адразу стала лёгка і радасна на душы. І я падумала (ды і цяпер так думаю), што гэта быў анёл, якога Маці Божая паслала ўслед за мною, бо Яна не хоча, каб хтосьці з Яе дзяцей вяртаўся з урачыстасці сумны. Яна кожнага бачыць і разумее, кожнага, як Маці, суцешыць.    

Кожны раз, калі я бываю ў Будславе, бачу, як абраз сваім цудоўным ззяннем асвячае ўсё навокал, пакідаючы радасны ўспамін у душы. Ён і цяпер свеціць мне, праз час і адлегласць, дае сілы і надзею, надзяляе цудамі і духоўнымі ласкамі, якімі я спяшаюся падзяліцца з іншымі.

Я ведаю шмат цудоўных абразоў Божай Маці, многія з іх ёсць у мяне дома, але зоркаю першай велічыні для нашага краю з’яўляецца абраз Маці Божай Будслаўскай. Ён, як залатая карона, вянчае нашу зялёную блакітнавокую Беларусь. І як цудоўна, што ў нас ёсць такая магутная абарона, наша Заступніца і Суцяшальніца, да якой мы можам узнесці свае просьбы і малітвы, аддаць сябе ў Яе апеку, Ёй прысвяціць лепшыя памкненні сваёй душы.

Сёння мы з любоўю і ўдзячнасцю схіляем галовы і калені перад Яе тронам у будслаўскай святыні і шчыра віншуем з прыгожым юбілеем — 400-годдзем аб’яўлення ў нашым краі.

О Святая Марыя, Валадарка сусвету,
Ласкі поўная Панна, будзь вітана заўжды!
Ты нябесная Маці — гэта мы, Твае дзеці,
Глянь на нас літасціва,
Радасць сэрца — Марыя.

Ты нязгасная Зорка, свеціш з неба няспынна,
Напаўняеш надзеяй нашы душы малыя,
Суцяшаеш ласкава, сцеражэш ад правінаў,
Вучыш шчыра маліцца,
Радасць сэрца — Марыя.

О Святая Марыя, Каралева анёлаў,
Беззаганнная Панна, усе мы любім Цябе.
Ты прыгожа лілея, кветка райскага саду,
Ты любоў і пяшчота,
Радасць сэрца — Марыя.

Вітай, Марыя…
Хай затрыумфуе Тваё Беззаганнае Сэрца…

Генавефа Дубіловіч,
в. Муляры Пастаўскага раёна
Віцебскай вобласці.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла