Перэгрынацыя абраза Маці Божай Будслаўскай

Чакае сэрца міг сустрэчы,
З касцёла вернікі выходзяць,
Супольна, годна і дарэчы
Напеў-малітву небу ўзносяць.
І вось душою адчуваю
(Аўто спынілася ля брамы),
Што побач чыстая, святая
Матуля гоіць сэрца раны.
Яна яшчэ не бачна воку,
А міласэрнасць рассыпае.
І вось міг шчасця! Дзякуй Богу!
Абраз плыве, людзей вітае.
А тыя кленчаць са слязамі,
Вітаюць Каралеву неба.
Благаслаўлёныя дарамі,
Яе падтрымкай у патрэбах,
Яны грамадкаю ўзнёслай
Натоўпам спешна ўваходзяць
У храм, дзе музыкай дзівоснай
Пяе святыня, ласку родзіць.
На лаўкі вернікі сядаюць,
Схіляюць голавы прад Ёю
І пільна-пільна разглядаюць
Абраз, гавораць з ім душою.
О Будслаў! Твой абраз цудоўны
Упершыню па Беларусі
Пілігрымуе, сонцу роўны,
Яднае тых, хто сэрцы ў скрусе
Айчыне мілай прысвячае,
Нясе ахвяру той любові,
Што на Крыжы. Вітай, Святая
Матуля Божая! У слове
Радзімым мы Цябе праславім!
Ты Сына Бога ахінаеш,
У горы, радасці ўявім,
Як Ты з любоўю пазіраеш.
Твой твар — як смуглая вяргіня,
Мадонна роднай Беларусі!
За нас Ты просіш свайго Сына,
Заўсёды з грэшным плакаць мусіш.
У строях бела-залацістых
Глядзіш, наміткаю прыбрана,
Пагляд Твой велічны і чысты,
Адзенне кветкамі заткана.
Хто да Цябе душой хінецца,
Таго любоўю атуляеш,
Спакой, надзею даеш сэрцу
І ў нядолі суцяшаеш.
Ты Апякунка Беларусі,
Дзяцей яе ўсіх збіраеш
І годнасць кожнага ўзносіш.
О, як Ты мудра пазіраеш!
Я захапляюся Табою,
Бо цудадзейныя імгненні,
Якія зведала душою,
Калі стаяла ў маленні,
Перажыла, я адчувала,
Як Твой праменіўся пагляд.
Ты ж цудадзейна ўзрастала,
Нібы сягала да ўсіх хат.
Благаславі ж Ты тых вазніцаў,
Што з Будслава абраз вазілі
Па ўсёй краіне, каб званіцы
Любові светлай абудзілі
Счарсцвелых душы, родных, блізкіх.
І міласць, шчырасць, дабрыню
З малітвай Матачкі Будслаўскай
Прынеслі ў кожную сям’ю.

Таццяна Трафімчык,
парафія св. Андрэя ў Слоніме.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла