У будслаўскай святыні

У будслаўскай святыні абраз цудадзейны.
Пакланіцца прыходзяць пілігрымы здалёк.
Ты для грэшнай душы паратунак надзейны,
Наша Зорачка ясная і святы Аганёк.

Чатыры стагоддзі тут ззяеш, бы сонца,
Ад здрады, бязвер’я народ свой бароніш.
Удзячны, Матуля, Табе мы бясконца,
Што сэрцы і душы збалелыя гоіш.

Віхурылі войны, палалі пажары
І знішчыць святыню хацелі не раз.
Не толькі малітвы, не толькі ахвяры —
Бярог ад бяды цудадзейны абраз.

Гады праляталі, мяняліся ўлады,
Народ жа прыходзіў да Маці з надзеяй.
Быў росквіт святыні, былі заняпады.
А край ратаваўся не роспаччу — верай.

Ласкавая ў Будславе наша Матуля.
Яна для ўсіх Радасць, Яна — Дапамога.
Гаротных да сэрцайка моцна прытуліць,
А грэшных навучыць пакаяцца Богу.

Да Сына свайго асвятляе дарогу
Промнямі ласкі сваёй і апекі.
Памолімся шчыра Магутнаму Богу,
Каб была Яна з намі цяпер і навекі.

Ганна Шылько, г.п. Варапаева, Пастаўскі раён.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла