800 новых святых

 

12 мая падчас святой Імшы на плошчы святога Пятра ў Ватыкане папа Францішак здзейсніў сваю першую цырымонію кананізацыі, якая стала найбольшай па колькасці абвешчаных святых: Папа Рымскі вынес да хвалы алтара 800 мучанікаў, забітых у канцы XV ст. у Атранта, а таксама дзвюх заснавальніц манаскіх супольнасцяў з Лацінскай Амерыкі — Лаўру ад св. Кацярыны Сіенскай з Калумбіі і Марыю Гвадалупэ Гарсія Савала з Мексікі.

800 новых італьянскіх святых прынялі мучаніцкую смерць за хрысціянскую веру ў 1480 годзе, калі войскі Асманскай імперыі захапілі Атранта (на поўдні Італіі), зняволіўшы ўсіх мужчынаў і хлопцаў, старэйшых за 15 гадоў. Калі тыя адмовіліся прыняць іслам, а рамеснік Антоніо Прымальда ад імя ўсіх заявіў, што яны гатовыя лепш памерці, чым здрадзіць хрысціянству, усе зняволеныя былі забітыя. «Дзе яны знаходзілі сілы, каб вытрываць у вернасці? — разважаў папа Францішак у гаміліі падчас урачыстай Імшы. — Менавіта ў веры, якая дазваляла ім бачыць па-за межамі нашага людскога ўяўлення, па-за межамі нашага часовага жыцця. <...> Бог ніколі не адмовіць нам у моцы і душэўным супакоі. Аддаючы хвалу мучанікам з Атранта, будзем прасіць Бога, каб ён падтрымліваў многіх хрысціянаў, якія ўсё яшчэ спазнаюць пераслед, і адарыў іх адвагаю вернасці і імкненнем адказваць дабром за зло».

Культ 800 мучанікаў з Атранта зацвердзіў папа Клімэнт ХІІ у канцы XVIII стагоддзя. Дэкрэт аб іх мучаніцтве быў зацверджаны Святым Айцом Бэнэдыктам XVI у 2007 годзе.

Жыццё і дзейнасць дзвюх новых святых з Лацінскай Амерыкі разгортвалася ў другой палове ХІХ – ХХ стагоддзях. Лаўра ад св. Кацярыны Сіенскай (1874–1949) стала заснавальніцаю жаночай манаскай Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Беззаганнай Марыі і святой Кацярыны Сіенскай (1914). Разам з некалькімі сёстрамі св. Лаўра вырушыла ў калумбійскія джунглі, каб прапаведаваць хрысціянства індзейцам. На працягу апошніх гадоў жыцця яна моцна хварэла і была прыкутая да інваліднага вазка. «Святая Лаўра Мантойя была <...> духоўнаю маці туземных народаў, якім несла надзею. Яна прымала іх з любоўю, якой навучылася ад Бога, і вяла іх да Яго як умелы педагог, шануючы іх культуру і не супраціўляючыся ёй», — сказаў Святы Айцец у сваёй гаміліі. Гэта першая кананізаваная святая з калумбійскай зямлі. Успамін Лаўры ад св. Кацярыны Сіенскай у літургіі Касцёла адзначаецца 21 кастрычніка.

Па словах папы Францішка, не замыкацца ў сваіх праблемах, а выйсці насустрач тым, каму патрэбна дапамога, заклікае і прыклад другой лацінаамерыканскай святой, Марыі Гвадалупэ з Мексікі (1878–1973). Яна была заснавальніцаю манаскай Кангрэгацыі Сясцёр Служабніцаў святой Маргарыты Марыі і бедных (1901), якая займалася дабрачыннаю дзейнасцю сярод бедных і катэхізацыяй у каталіцкіх парафіях. Падчас мексіканскай рэвалюцыі, якая працягвалася больш за 20 гадоў, сястра Марыя, рызыкуючы, хавала ў сваіх супольнасцях каталіцкіх святароў ад пераследу. Апошнія два гады жыцця Марыя Гвадалупэ правяла ў цяжкай хваробе. Яе дэвізам былі словы: «Любоў да межаў самаадрачэння і вытрываласць ажно да смерці». Успамін св. Марыі Гвадалупэ ў Касцёле адзначаецца 24 чэрвеня.

Пантыфік заклікаў задумацца над яркімі прыкладамі і жыццёвымі ўрокамі, якія далі нам новыя святыя, і па-новаму зірнуць на сваю веру і вернасць Хрысту, сваю хрысціянскую адвагу і чуласць у адносінах да іншых людзей. Вялікую ўвагу Святы Айцец звярнуў на прыклад міласэрнасці новых святых, адзначыўшы, што без міласэрнасці «нават мучаніцтва і місія трацяць свой хрысціянскі смак».


Падрыхтавала
Ганна Шаўчэнка.

Паводле каталіцкіх мас-медыя.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла