«Непераможны герой Хрыста»

«Непераможны герой Хрыста» — такімі словамі распачынаецца энцыкліка Invicti athletae Christi (1957 г.), якую папа Пій XII выдаў у 300-ю гадавіну мучаніцтва св. Андрэя Баболі. У гісторыі Касцёла няма больш такога выпадку, калі пераследавалі нават рэліквіі святога, якімі ў розныя часы апекаваліся езуіты, базыліяне, піяры, дамінікане.

 

«Непераможны герой Хрыста» — такімі словамі распачынаецца энцыкліка Invicti athletae Christi (1957 г.), якую папа Пій XII выдаў у 300-ю гадавіну мучаніцтва св. Андрэя Баболі.

У гісторыі Касцёла няма больш такога выпадку, калі пераследавалі нават рэліквіі святога, якімі ў розныя часы апекаваліся езуіты, базыліяне, піяры, дамінікане. Св. Андрэй Баболя і пасля смерці не даваў спакою розным уладам — савецкім (якія забралі яго цела з Полацка на выставу ў Маскву і толькі пасля дапамогі Ватыкана галадаючым дазволілі забраць рэліквіі святога ў Рым, вызначыўшы «свой маршрут» — праз Адэсу і Канстанцінопаль, а не праз Еўропу), і нават гітлераўцам, якія шукалі рэліквіі Баболі ў Варшаве.

Сёлета споўнілася 75-я гадавіна кананізацыі святога Андрэя Баболі. Асаблівыя ўрачыстасці адбываліся ў Пінскай дыяцэзіі, у былым Янаве Палескім (цяпер Іванава), дзе Андрэй Баболя прыняў мучаніцкую смерць, і ў Варшаве, у санктуарыі святога, дзе спачываюць яго рэліквіі.

Урачыстасці ў Пінску распачаліся 15 мая канферэнцыяй, на якой былі прачытаныя даклады, прысвечаныя гісторыі пінскага катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (дакладчык а. Юзаф Макарчык OFMConv) і жыццю і дзейнасці святога Андрэя Баболі (кс. Аляксей Раманчук).

У сваім прывітальным слове Пінскі біскуп Антоні Дзям’янка адзначыў вялікую ролю св. Андрэя Баболі і ягоны ўплыў на захаванне веры людзей многіх пакаленняў: «Праз акт кананізацыі Касцёл, заснавальнікам якога з’яўляецца Езус Хрыстус, паказвае нам, што, выкарыстоўваючы звышпрыродныя дары — сакрамэнты, распарадчыкамі якіх з’яўляюцца святары, — пілігрымы на зямлі могуць шчасліва дасягнуць святасці нават пры такіх вонкава неспрыяльных умовах, як гэта сталася са св. Андрэем Баболем… У Год веры і ў 75-ю гадавіну кананізацыі святога, які таксама з’яўляецца апекуном нашай Пінскай дыяцэзіі, мы хочам праславіць Бога і падзякаваць Яму за такога вялікага апекуна. Няхай ён нястомна заступаецца за нас перад Божым тронам».

Гамілія, якую прамовіў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, была прысвечана незвычайнасці мучаніцтва Апекуна Палесся: «Слухаючы гісторыю гэтага святога, глыбока адчуваеш цярпенне, бо здаецца, што Андрэй Баболя памёр двойчы. Першая яго смерць — тая, што ён прыняў за адданасць сваёй веры, якую абвяшчаў, вандруючы па вёсках гэтай зямлі. Другая смерць — тая, якую выказвае малітва сённяшняга дня і выбраныя чытанні: гэтая смерць вынікае з таго, што рукамі хрысціянаў забіваюцца іншыя хрысціяне. Гэта выглядае так, быццам мы хочам адкінуць малітву Хрыста, якою Ён маліўся перад сваёй смерцю, просячы, каб усе былі адно».

Апостальскі нунцый нагадаў пра папскую місію дапамогі галадаючым у СССР, якую ў рамках гуманітарнай дапамогі ўчынілі папа Бэнэдыкт XV і яго наступнік папа Пій ХІ, — дзякуючы ёй было выратавана каля 160 тысяч чалавек. Менавіта тады цела святога А. Баболі, якое знаходзілася ў маскоўскім музеі гігіены, было перададзена савецкімі ўладамі ў Ватыкан. Гэта быў час, — зазначыў нунцый, — калі Касцёл у СССР перажываў жорсткі пераслед, многія іерархі, святары і вернікі былі дэпартаваныя, рэпрэсаваныя ці нават забітыя. «Але парадаксальным чынам пераслед яднае католікаў і праваслаўных. У той момант, калі хтосьці імкнецца знішчыць хрысціянства, гісторыя дзвюх Цэркваў становіцца адной гісторыяй мучаніцтва. Мы дзякуем Богу за гэты шлях выпрабавання, пройдзены ў пошуках еднасці, які дазваляе нам з большай дыстанцыяй глядзець на тое, што нас падзяляла ў гісторыі», — зазначыў арцыбіскуп К. Гуджэроцці.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы падкрэсліў: «Моц Касцёла ў тым, што ён ніколі не прадаецца ніводнай палітычнай сіле. Спадзяюся, улада будзе ўдзячная Касцёлу, калі ён зможа ўнесці ў грамадства тое асаблівае, што можа ўнесці толькі ён, не будучы звычайным інструментам на службе палітычных сілаў… Усе мы будзем адказваць перад Богам не за абавязкі, якія выконвалі, а за тое, наколькі ўмелі любіць. Андрэй Баболя і ўсе забітыя за сваю веру няхай зведаюць таго Бога, імя якога — Любоў».



16 мая ўрачыстасці працягваліся ў Іванаве. Ад крыжоў, устаноўленых на месцы мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі, адбылася працэсія з рэліквіямі святога, якія нёс пробашч мясцовай парафіі кс. Павел Кручак.

Святая Імша адбылася ў парафіяльным касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Мітрапаліт Шчэцінска-Каменскі арцыбіскуп Анджэй Дзенга, які прамаўляў гамілію, сказаў, што «ў Іванаве Неба дакранулася да зямлі, бо зямля праз веру святога мучаніка Андрэя дакранулася да Неба… Трэба заўсёды памятаць пра гэтае святое месца. Няхай яно будзе благаслаўленнем не толькі для Палесся, для Беларусі, але і для ўсёй Цэнтральнай Еўропы, для ўсяго свету, бо святы Андрэй Баболя ўводзіць нас у новы час, калі вызнаванне веры мае асаблівае значэнне».

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, завяршаючы ўрачыстасці, абвясціў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Іванаве санктуарыем.

Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел біскупы і святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі ўлады і дыпламатычнага корпусу, а таксама пілігрымы не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Літвы і Германіі. Сёлета прысутнічалі і прадстаўнікі Таварыства распаўсюджвання культу св. Андрэя Баболі з Варшавы, якія на працягу 20 гадоў прыязджаюць у Іванава ў гэты дзень. Падчас урачыстасцяў адбылася таксама прэзентацыя кнігі Я. Янушкевіча «Апостал Палесся: Святы Андрэй Баболя ў паэмах Янкі Купалы» («Pro Christo», 2013), выдадзеная дзякуючы падтрымцы біскупа Антонія Дзям’янкі.

У гэты дзень у Нацыянальным санктуарыі св. А. Баболі ў Варшаве адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя Апекуну Польшчы і Варшаўскай архідыяцэзіі. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімеж Ныч. Арцыбіскуп Варшаўска-Пражскі Генрых Гозэр, нагадваючы ў гаміліі пра гісторыю мучаніцтва, беатыфікацыі і кананізацыі св. А. Баболі, а таксама пра трыумфальнае вяртанне яго рэліквій у Польшчу, заклікаў наследаваць вялікага святога ў веравызнанні, а таксама да захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў і  еднасці хрысціянаў.

Напрыканцы св. Імшы ў санктуарыі прамовіў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які падкрэсліў, што «хрысціянства не з’яўляецца лёгкай рэлігіяй, яно вельмі патрабавальнае. Часам даводзіцца за гэта плаціць крывёю і ў нашыя дні. Св. Андрэй Баболя быў забіты сваімі братамі хрысціянамі. Гэта паказвае, да чаго можа прывесці падзел хрысціянства. Кроў мучаніка на гэтай акропленай ёю зямлі дала, аднак, вялікі плён мучанікаў і пераследаваных за веру, як, напрыклад, двойчы асуджаны на смерць кардынал Казімір Свёнтэк, які стаў легендай.

Кроў мучанікаў з’яўляецца пасевам хрысціянаў, але таксама і экуменізму, еднасці хрысціянаў. Запавет Хрыста выконваў таксама св. Андрэй Баболя. Сёння мы бачым гэтыя вынікі: Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, які прыбыў у Польшчу ў мінулым годзе, гаварыў аб еднасці хрысціянаў і народаў і заклікаў да сумеснай абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў. Гэта важна, бо еўрапейскія парламенты прымаюць законы, якія супярэчаць закону Божаму. Паколькі св. Андрэй працаваў на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, Расіі і Польшчы, ён можа быць названы апекуном гэтых трох краінаў. Няхай жа святы Андрэй Баболя выпрасіць нам ласку адраджэння веры, каб Евангелле змяняла нас, а не мы — яго».

У актуальнай і сёння энцыкліцы Invicti athletae Christi папа Пій ХІІ падкрэслівае, што прыклад св. А. Баболі, яго непахіснасці ў веры мае асаблівае значэнне ў сучасным свеце, калі вера ў Бога слабее, калі яе не толькі адкідваюць, але і жорстка змагаюцца з ёю. Папа перакананы ў тым, што прынцыпы Евангелля і дактрына Касцёла — асноўны лек ад хваробаў чалавека і свету, рэкамендуе духавенству і свецкім мужна прапаведаваць хрысціянскія каштоўнасці і абараняць каталіцызм ад нападаў нават коштам цярпення і смерці.

Падрыхтавала Аліна Лукашэвіч.
Фота з урачыстасцяў Рамана Сушы
і  Андрэя Сантоцкага.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла