Даручэнне сябе Беззаганнай

Змест кнігі

Рэлігійныя практыкі

Малітва

Для таго, каб рухацца наперад у справе даручэння сябе Беззаганнай, трэба ўвесь час ізноў звяртацца да гэтых праўдаў пра Яе і асвяжаць у сабе адпаведныя адносіны да Яе — праз чытанне кніг Марыйнай тэматыкі, праз разважанні і г.д. Але лепш за ўсё нас прывядзе да гэтага сама Беззаганная ў пакорнай малітве (Konf. OMK, 60).

Калі хтосьці перастане есці, ён страціць сілы. Гэтаксама, калі чалавек будзе нядбайным у малітве, ён аслабне ў духоўным жыцці. Давайце клапаціцца пра тое, каб нашы бліжнія зразумелі, што ад гэтага залежыць усё. А хто звернецца да Беззаганнай, усё атрымае (Konf. OMK, 132).

Вартасць нашага жыцця і нашай дзейнасці цалкам грунтуецца на ўнутраным жыцці. Гэта павінна быць жыццё, напоўненае любоўю да Бога ў Беззаганнай — не толькі тэарэтычна і пачуццёва, але і практычна, што азначае яднанне нашай волі з воляю Беззаганнай. Калі жадаць, каб штосьці было так ці інакш, то толькі таму, што так хоча або не хоча Беззаганная. Гэта вобраз душы, у якой жыве Беззаганная, а ў Беззаганнай — Пан Бог. У такім унутраным жыцці заключаецца сутнасць усяго.

Перш за ўсё і больш за ўсё мы павінны паглыбляць гэтае ўнутранае жыццё.

Калі гутарка ідзе пра сапраўдную прычыну звышнатуральнага жыцця, то для таго, каб чэрпаць з яе, патрэбны надзвычайныя сродкі. Малітва, малітва і толькі малітва неабходна для падтрымання ўнутранага жыцця і яго развіцця.

Што такое малітва? Гэта ўзнясенне душы да Бога. Хтосьці можа быць захоплены працаю, але калі выконвае яе дзеля Беззаганнай, то ён моліцца. Пры гэтым трэба як мага часцей абуджаць у сабе кароткія малітоўныя заклікі да Маці Божай. Чым больш хтосьці будзе знаходзіцца ў малітоўным кантакце з Беззаганнай, тым глыбейшае будзе яго ўнутранае жыццё (Konf. OMK, 88).

Такім чынам, малітва мае вялікую сілу, і нават бязмежна вялікую, калі мы звяртаемся да Беззаганнай: Яна, не маючы ніводнай заганы, з’яўляецца ўсемагутнаю Каралеваю нават Божага Сэрца (VII, 1219).

Гэта я хацеў бы падкрэсліць вельмі моцна (Konf. OMK, 88).


Святая споведзь

Калі цябе прыгнятае думка пра мінулае жыццё і грахі, калі ты не адважваешся зазірнуць у будучыню, якая чакае цябе пасля смерці, аддайся Ёй цалкам, бязмежна, даручы Ёй усю справу збаўлення, усё жыццё, смерць і вечнасць, шчыра паспавядайся і цалкам Ёй даверся, тады спазнаеш, што такое супакой і шчасце, салодкае прадчуванне нябеснай радасці, і будзеш марыць пра неба.

Калі ты ніколі не спазнаваў гэтага, то правер, ці праўда гэта, і ўбачыш сам (VI, 1016).

Для святой споведзі ёсць умовы: 1) рахунак сумлення; 2) жаль за грахі; 3) цвёрдае пастанаўленне выправіцца; 4) шчырая споведзь; 5) выпраўленне крыўды, учыненай Богу і бліжняму.

Рахунак сумлення не павінен быць доўгім. Найважнейшае ў ім — жаль за грахі, які залежыць толькі ад волі. Нават калі пачуццёвага жалю зусім няма, жалю волі будзе дастаткова, ён знішчае нават смяротныя грахі. Калі хочацца мець жаль за грахі, то ён ужо ёсць, і вельмі добры. Гэтак жа і іншыя рэлігійныя практыкі залежаць толькі ад волі, таму не трэба непакоіцца ў стане пачуццёвай абыякавасці, трэба радавацца, бо радасць вельмі спрыяе руху наперад (V, 841).

Аднак перш за ўсё рыцары Беззаганнай добра памятаюць, што з’яўляюцца прыладаю ў Яе руках. Таму ні на хвіліну не церпяць граху ў сваім сэрцы, а калі часам злашчасна ўпадуць у яго, адразу змываюць яго дасканалым актам жалю, пастанаўляючы паспавядацца пры першай магчымасці. Яны памятаюць таксама пра тое, што трэба прынамсі раз на месяц прыняць у сэрца Бога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара (VI, 1001).


Святая Камунія

Вяршыняю малітвы з’яўляецца святая Камунія. Яна даступная для ўсіх без выключэння. Той перыяд, калі Пан Езус застаецца ў нас пад сакрамэнтальнымі знакамі, — самы дарагі час за ўвесь дзень. Давайце старацца выкарыстоўваць гэты час найлепшым чынам. Ён працягваецца прынамсі пятнаццаць хвілін пасля прыняцця Пана Езуса. Тады душа з’яўляецца жывым табэрнакулюмам, хаця сказаць «табэрнакулюм» — гэта замала, яна з’яўляецца чымсьці большым. Тады душа Пана Езуса яднаецца з нашаю душою, Яго душа становіцца душою нашай душы. Зразумець гэтага мы не можам,
можам толькі адчуць вынікі (Konf. OMK, 237).

Няма нічога лепшага, як рыхтавацца да святой Камуніі, аддаўшы ўсю гэтую справу Беззаганнай, безумоўна, таксама робячы са свайго боку ўсё, што магчыма. Яна лепш за ўсё падрыхтуе нашыя сэрцы, і мы будзем упэўненыя, што прынясем Езусу надзвычай шмат радасці, праявім да Яго найбольшую любоў. Гэтак жа і ў шматлікіх іншых справах.

Хоць — паўтараю — і без гэтага, адноўленага ў канкрэтным часе аддання, мы ўсё роўна належым Ёй, бо ўжо аддаліся Ёй і ні разу ад гэтага не адмовіліся (III, 565).

Не будзем таксама забывацца пра духоўную Камунію. Духоўныя айцы параўноўваюць яе са срэбрам, у той час як сакрамэнтальную Камунію — з золатам. Гэтыя параўнанні трапныя ў большай ці меншай ступені, бо вынікі залежаць ад таго, як настроена сама душа (Konf. OMK, 237).


Наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту

Той, хто цалкам, бязмежна адданы Беззаганнай, ідучы наведаць Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, яшчэ больш яўна аддае гэтае наведванне Беззаганнай, нават праз адзін заклік «Марыя!», бо ведае, што прынясе Езусу вельмі вялікую радасць, і ў такім выпадку Беззаганная тым больш здзейсніць гэтыя адведзіны ў ім і праз яго, а ён — у Ёй і праз Яе (III, 565).


Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.

Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла