Сredo: «Веру ў Духа Святога...»

Хачу спачатку прывесці прыклад. Калі Караль Вайтыла быў яшчэ малым хлопчыкам, ягоны бацька сеў з ім пры стале, узяў у рукі малітоўнік і раскрыў яго на старонцы, дзе была змешчаная малітва да Духа Святога. Бацька паказаў сыну пальцам на гэтую малітву і сказаў, каб ён штодзённа і ўсё сваё жыццё горача і з верай маліўся да Духа Святога. Пра гэты ўрок бацькі Караль памятаў усё сваё жыццё. Нават калі Вайтыла стаў папам Янам Паўлам II, ён узгадваў: «Да сённяшняга дня я памятаю палец бацькі, які паказвае мне ў малітоўніку радкі малітвы да Духа Святога, і яго словы». 

Няхай гэты прыклад навучыць нас падтрымліваць штодзённы кантакт з Духам Святым, каб Ён, трэцяя Асоба Святой Тройцы, перамяняў нашыя шэрыя будні ў будні шчаслівыя. Да гэтага ж нас заахвочвае і папа Францішак. «Нельга зразумець хрысціянскае жыццё без прысутнасці Духа Святога — гаворыць Папа. — Без Яго жыццё не было б хрысціянскім. Гэта было б рэлігійнае жыццё, язычніцкае, пабожнае, з вераю ў Бога, але без той жыццёвасці, якой Езус прагне для сваіх вучняў. А гэтую жыццёвасць нам дае Дух Святы. Будзем жа прасіць аб ласцы, каб нам заўжды ва ўсім спадарожнічаў Дух Святы, сведка Езуса, які падказвае, дзе Езус, як знайсці Яго, што Ён кажа. Трэба, каб мы пасябравалі з Духам Святым. Езус сказаў: “Я не пакіну цябе ў самоце, я пакіну табе Яго”. Ён пакідае нам Духа Святога як сябра. Мы павінны выпрацаваць у сабе звычку напрыканцы дня пытацца: “Што сёння ўчыніў ува мне Дух Святы? Якое сведчанне Ён даў мне? Якім чынам Ён прамаўляў да мяне? Што падказваў?” Гэта — знак Божай прысутнасці, якая дапамагае нам рухацца наперад у хрысціянскім жыцці. Будзем жа сёння прасіць аб гэтай ласцы. А Ён учыніць, што, як і прасілі ў малітве, на працягу ўсяго жыцця мы будзем бачыць плён пасхальнай таямніцы. Няхай жа будзе так» (Ватыканскае радыё, гамілія Папы ад 6 траўня 2013 года). 

Пра неабходнасць набажэнства да Духа Святога вельмі прыгожа казала малая арабка, благаслаўлёная Марыя ад Укрыжаванага Езуса, босая кармэлітка, якая нарадзілася ў 1848 годзе ў Абеліне, што ў Палестыне, і памерла ў стане святасці ў 1878 годзе. Яна была беатыфікаваная папам Янам Паўлам ІІ у 1984 годзе. Благаслаўлёная асабліва любіла набажэнствы да Духа Святога, яна была адораная ласкаю стыгматаў і дарам глыбокай містычнай малітвы, атрымлівала надзвычайныя ласкі і святло. Аднойчы Збаўца звярнуўся да яе са словамі: «Калі хочаш знайсці Мяне, пазнаць і пайсці за Мною, звярніся да Духа Святога, які асвяціў Маіх вучняў і асвячае ўсіх, хто заклікае Яго ў малітве. Сапраўды кажу вам, хто будзе заклікаць Духа Святога і будзе шукаць Мяне, знойдзе Мяне і прыйдзе да Мяне праз Яго. Яго сумленне будзе чыстае, як палявая кветка, калі ж гэта будзе бацька ці маці, у іх сям’і запануе супакой. І ў сэрцах гэтых людзей будзе спакой у гэтым і будучым жыцці. Я горача прагну, каб ты абвясціла, што ўсе святары, хто раз на месяц цэлебруе святую Імшу аб Духу Святым, ушаноўваюць Яго гэтым, а тыя, хто ўшаноўвае Яго і прымае ўдзел у святой Імшы аб Духу Святым, будуць Ім ушанаваныя, супакой запануе ў іх сэрцах, і яны не памруць у цемры. Людзі шукаюць навізны нават у набажэнствах, занядбоўваючы такое істотнае набажэнства да Духа Святога. Таму яны жывуць у памылках і разладзе, не маючы ні супакою, ні святла. Людзі не заклікаюць Духа Святога так, як павінны: Духу Святы, натхні мяне, Любоў Божая, паглыні мяне, скіруй мяне верным шляхам. Маці Марыя, узглянь на мяне, з Езусам благаславі мяне. Ад усяго злога, ад усяго памылковага, ад кожнай небяспекі захавай мяне. Амэн» (паводле матэрыялаў сайта http://www. katolik.pl/).

Гэтаму закліку Дух Святы навучыў сваю слугу сястру Марыю ад Укрыжаванага Езуса. Замест слова «мяне», казала яна, можна гаварыць у множным ліку «нас» альбо называць сваю Айчыну, напрыклад, Беларусь.

Давайце звернем увагу на ўрывак з Вызнання веры папы Паўла VI, які датычыць Духа Святога. У ім мы знаходзім навучанне аб Духу Святым, Асвяціцелю: «Верым у Духа Святога, Пана і Жыватворцу, якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала, які прамаўляў праз прарокаў. Гэта Ён быў спасланы нам Хрыстом пасля Яго Уваскрасення і Унебаўшэсця да Айца, Ён асвячае, ажыўляе, сцеражэ Касцёл і кіруе ім, ачышчаючы яго членаў, калі яны толькі не супраціўляюцца ласцы. Дзякуючы Яго дзеянню, якое сягае глыбіняў душы, чалавек у пакоры, зачэрпнутай ад Хрыста, можа стаць дасканалым, як Айцец, які ў нябёсах». Прымушаюць задумацца словы «калі яны толькі не супраціўляюцца ласцы». Каб не супраціўляцца ласцы Духа Святога, трэба весці з Ім супрацоўніцтва, а на практыцы гэта значыць, што трэба ведаць спосабы Яго дзеяння. Хрысціянская традыцыя на памежжы стагоддзяў вылучыла спосабы дзеяння Духа Святога. Нам трэба ведаць іх, каб умець супрацоўнічаць з Духам Святым. Гэтак жа важна ведаць і спосабы дзеяння злога духа, метады яго спакусы, каб вучыцца супрацьстаяць яму. Вось дзесяць спосабаў дзеяння Духа Святога і злога духа, апісаныя ксяндзом Эдвардам Станекам.

1 спосаб:

Вораг чыніць так, што грэх прыносіць чалавеку асалоду.

Дух Святы будзіць згрызоты сумлення.

2 спосаб:

Вораг пазбаўляе ахвоты чыніць дабро, перабольшваючы цяжкасці. Гасіць дух.

Дух Святы дае сілы, каб чыніць дабро, надзяляе моцай пераадолення.

3 спосаб:

Вораг зачароўвае любоўю да стварэнняў і прымушае затрымацца на ёй, каб не дапусціць любові да Бога.

Дух Святы заклікае любіць Бога і ў Ім — стварэнні.

4 спосаб:

Вораг развівае ў людзях комплексы, паказваючы ім іх недахопы і хібы.

Дух Святы дапамагае прыняць сябе саміх.

5 спосаб:

Вораг закалыхвае чуйнасць чалавека, каб ад добрых намераў прывесці яго да злых мэтаў.

Дух Святы дбае пра добрыя намеры, добрыя мэты і добрыя сродкі.

6 спосаб:

Вораг напаўняе бояззю, чыніць нясмелымі.
Дух Святы напаўняе адвагаю.

7 спосаб:

Вораг вядзе звілістымі сцежкамі, дзейнічае прыхавана.

Дух Святы вядзе шляхамі праўды і шчырасці. Споведзь.

8 спосаб:

Вораг уцякае ад адказнасці за дрэнныя ўчынкі. Змушае абмываць рукі — як Пілат.

Дух Святы заклікае браць на сябе адказнасць за зробленыя злыя ўчынкі.

9 спосаб:

Вораг замыкае чалавека ў самоце.

Дух Святы адкрывае чалавека іншым людзям, адорвае любоўю.

10 спосаб:

Вораг закідвае чалавека працаю і вядзе да цалкавітай змучанасці.

Дух Святы клапоціцца пра мудры адпачынак.

Завяршаючы разважанне, паслухаем парады кардынала Дэзірэ-Жазэфа Мерсье: «Прагну адкрыць табе таямніцы святасці і шчасця. Штодзённа на пяць хвілін затрымай сваё ўяўленне, заплюшчы вочы на ўсё, што прыцягвае думкі, закрый вушы на ўсе галасы свету так, каб схавацца ў санктуарыі сваёй душы, якая ёсць святыняю Духа Святога, і звярніся да Духа Святога словамі: “О Духу Святы, душа маёй душы, узвялічваю Цябе. Асвяці, кіруй, узмоцні і суцеш мяне. Скажы мне, што я павінен рабіць, і загадай мне гэта зрабіць. Я ахвотна згаджаюся
на ўсё, чаго Ты хочаш ад мяне, я прагну прыняць усё, што Ты спашлеш мне, дай мне толькі спазнаць Тваю святую волю. Амэн”. Калі выканаеш гэта, тваё жыццё будзе шчаслівым і радасным. Ты атрымаеш суцяшэнне нават у цярпенні. Ты атрымаеш ласку ў меру сваіх цяжкасцяў і моц вытрываць іх і такім чынам заслужана дойдзеш да брамаў неба. У такім адданні сябе ў рукі Духа Святога — таямніца святасці».

Падрыхтаваў айцец Раман Шульц ОР.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла