На парозе самастойнага жыцця

Сённяшні госць нашага «квартала» — школьнік, навучэнец выпускнога класа віцебскай гімназіі №7 Яўген Кузьміч. З’яўляючыся актыўным парафіянінам парафіі Езуса Міласэрнага, ён, як і многія яго равеснікі, не застаецца ўбаку ад мерапрыемстваў і акцый, звязаных як з жыццём касцёла наогул, так і  з аб’яўленым Годам веры. Пра карані веры, пра тое, як адчувае сябе малады католік на парозе самастойнага жыцця — наша размова.

— Жэня, дык як жа ўсё пачыналася? Хто ў найбольшай ступені паўплываў на станаўленне і мацаванне тваёй веры?
— У першую чаргу, думаю, — гэта ўплыў традыцыі. Але ж носьбіты любой традыцыі — людзі. Усе мае сваякі паходзяць з пераважна каталіцкага краю — Пастаўшчыны, вось яны і паўплывалі. А найбольш, праз узор малітвы і адданасці Богу, — бабуля маёй мамы, а мая прабабуля Вацлава. Гэтаксама, як і бабуля Надзея, якая вадзіла мяне малога ў капліцу ў Янчуках, брала мяне і сястру Кацю з сабою на фэсты, вучыла маліцца. Ды і наогул асяроддзе, дзе людзі так паважліва ставяцца да веры, вядома ж, не магло не паўплываць.  

— А які час ты сам лічыш перыядам свайго найбольш актыўнага далучэння да веры, да Касцёла?
— У сувязі са спецыфікай працы бацькі наша сям’я даволі часта мяняла месца жыхарства. Мяне хрысцілі ў Дунілавічах. Потым былі Паставы, Шуміліна, Віцебск. Але найбольш актыўным вернікам я стаў, мабыць,  у Шуміліне, дзе тады  толькі-толькі пачыналася будоўля касцёла, будучага санктуарыя Маці Божай Фацімскай. Заняткі катэхезы, малітвы, размовы пра сутнасць веры, малітоўныя спатканні  — усё гэта было вельмі важна, таму і вельмі запомнілася.

— А што ў Віцебску?
— Мы прыехалі ў Віцебск у 2004 годзе. Аднойчы, ідучы па вуліцы паблізу свайго мікрараёна, я ўбачыў невялікі будынак з каталіцкім крыжам. Гэта была капліца. Прыйшоўшы дадому, сказаў пра яе маці — і так пачалося наша каталіцкае жыццё ў Віцебску. Цяпер на месцы той капліцы — катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага, які стаў для нашай сям’і другім домам. Тут таксама шмат было добрага ў сэнсе мацавання веры. Напрыклад, не магу не ўзгадаць у гэтым плане сястру служабнічку Ніколю, якая дала падчас заняткаў шмат тэарэтычных ведаў, і не толькі мне, а і ўсім, хто яе заняткі наведваў.

— Маеш сталыя абавязкі ў касцёле?
— З 2007 года, ад часу прыняцця Першай Камуніі, з’яўляюся міністрантам. Дапамагаю ксяндзам падчас святой Імшы. У якасці валанцёра ўдзельнічаю ў акцыях, якія ладзіць дыяцэзіяльны «Карытас» у дзіцячым псіханеўралагічным дыспансеры ў прыгарадным пасёлку «Віцьба». У вольны ад вучобы час бяру ўдзел у добраўпарадкаванні касцёла і прыкасцёльнай тэрыторыі. Часта — разам з бацькамі. І заўважыў, між іншым, што такія супольныя справы вельмі аб’ядноўваюць сям’ю.

— Маладыя людзі нярэдка цураюцца фізічнай працы, а вось старэйшыя вернікі парафіі Езуса Міласэрнага заўважылі, што ты, апроч таго, што чалавек выхаваны і тактоўны, яшчэ і любіш працаваць фізічна. Гэта так?
— Так. Напэўна, такі характар: увесь час хочацца нешта добраўпарадкоўваць, рабіць і ў горадзе, і ў вёсцы Заўлічы на Пастаўшчыне, дзе я праводжу частку летніх канікулаў. Парадкаваць сена, палоць
гароды, даглядаць статак, штосьці наогул рабіць па гаспадарцы — усё гэта мне вельмі падабаецца.

— З сельскай гаспадаркай далейшы лёс не збіраешся звязаць?
— Не. Мару займацца лагістыкай, а як атрымаецца — паглядзім. На жаль, у вучобе не заўжды хапае неабходных для найлепшага выніку вытрымкі і цярплівасці. Але працую над сабой, ва ўсялякім разе імкнуся да гэтага.

— Якое з хрысціянскіх святаў найбольш любіш?
— Як і многія — Божае Нараджэнне. Гэта прыгожае свята, і нездарма ўсе яго любяць, шануюць. Бог нарадзіўся, Бог сярод нас…

— Падарожнічаць паспяваеш?
— Нячаста, але паспяваю. Тры гады запар, у 2010-м, 2011-м і 2012-м, па лініі «Карытаса» ездзіў з групай моладзі ў Польшчу. Але гэта не была якаясь бязмэтная прагулянка. Займаліся фатаграфіяй, знаёміліся пад кіраўніцтвам вопытных прафесіяналаў з азамі журналістыкі. А самае галоўнае — набывалі досвед дабрачыннай працы з людзьмі, якія маюць патрэбу ў апецы, дапамозе.     

— Што для цябе аб’яўлены Год веры?
— Думаю, што найперш — гэта нагода для роздуму над сутнасцю паняцця веры наогул і ацэнкі глыбіні веры ўласнай. Але разам з тым і выдатны шанц мацавання веры праз добрыя ўчынкі і справы, якіх чакае ад кожнага з нас Бог. 

Размаўляў Францішак Дубраўскі.
    

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла