Дзіцячая вёска ў Гомелі

«Калі б нават бацька і маці пакінулі мяне, то Пан мяне прыме» (Пс 26, 10). Гэтыя словы Святога Пісання можна сказаць і пра дзяцей, якіх вы бачыце на здымках.

Усе яны — інваліды. Многія маюць вельмі цяжкі дыягназ: алігафрэнія ў стадыі імбіцыльнасці (калі дзіця практычна нічога не разумее). Амаль усе яны — сіроты. Бацькі адмовіліся ад іх яшчэ ў раддоме ці пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Некаторыя афіцыйна маюць маму і тату, але амаль ніколі іх не бачаць. І вось гэтых гаротных малых пакутнікаў Пан Бог сабраў у цудоўным месцы, якое можна без перабольшвання назваць райскім куточкам на зямлі, — гэта ўнікальная дзіцячая вёска-хоспіс, якую пабудавала ў Гомелі дабрачынная каталіцкая місія «Карытас».

У гэтым дзіцячым цэнтры пакуль што пяць дамоў, і жыве там 58 дзяцей. Апякуюцца дзецьмі сёстры з ордэну бэнэдыктынак-самаранак ад Святога Крыжа. Сёння іх чацвёра — гэта с. Уршуля,
с. Каміла, с. Юзэфа і с. Шымона. Сёстры прыехалі ў Беларусь з Польшчы ў 1998 годзе і адразу ж узялі апеку над хворымі дзецьмі з Журавіцкага дзіцячага дома для інвалідаў. Менавіта адсюль пераехалі тыя 58 дзяцей у вёску-хоспіс, калі 12 кастрычніка 2011 года яна гасцінна адчыніла свае дзверы.

Дзецям вельмі пашчасціла, бо яны трапілі не толькі ва ўнікальны дзіцячы цэнтр, а ў сапраўдную сям’ю. Дзейнасць сясцёр бэнэдыктынак-самаранак грунтуецца на сістэме сямейнага тыпу, дзе пануюць любоў і цеплыня бацькоўскага дому. Кожны дом — гэта асобная сям’я, у якой жыве больш за дзесяць дзяцей. Галавою кожнай такой сям’і з’яўляецца манашка, якую дзеці называюць мамай. Дапамагаюць сёстрам таксама свецкія жанчыны выхавацелькі. Як і ў звычайнай сям’і, старэйшыя дзеці апякуюцца малодшымі. Па магчымасці, дапамагаюць па гаспадарцы: памыць посуд, падмесці падлогу, засцяліць ложак.

У кожнай сям’і — дзеці рознага ўзросту, рознай ступені інваліднасці, ёсць ляжачыя і тыя, хто не ходзіць, але можа сядзець. Удзень іх пераносяць у агульную залу, дзе яны ляжаць і сядзяць на падлозе ў спецыяльна прыстасаваных для гэтага матрацах. Вакол кіпіць жыццё,  і яны не выключаныя з гэтага жыцця, а наадварот, знаходзяцца ў цэнтры ўвагі. Гэта дае ім адчуванне таго, што яны патрэбныя, што іх любяць. І яны шчаслівыя! Вядома, што шчасце любога чалавека, малога ці дарослага, здаровага
ці хворага, залежыць ад таго, хто яго акружае, ад таго, наколькі ён любімы і сам любіць. Дастаткова паглядзець, як дзеці сустракаюць сясцёр, сваіх мамаў, каб усё зразумець. Сапраўдны феерверк радасці! Ён кранае да слёз...

Скажу шчыра, я нават і не ўяўляла, што на свеце ёсць дзеці з такімі цяжкімі калецтвамі. Падыходжу да ложка, дзе звычайна спяць дзеці трох-чатырох гадоў, а ў ім ляжыць маленькая дзяўчынка з вялікімі карымі вачыма. Яе ручкі цянюткія, нібы нітачкі, на месцы ног — невялікія пакручаныя адросткі, схаваныя пад адзеннем. Я паспрабавала пазабаўляць яе цацкамі-бразготкамі, але ў адказ убачыла здзіўлены позірк дзіцяці. Сёстры потым сказалі мне, што гэтай дзяўчыне, імя якой Заліна, ужо 20 гадоў. Яна не размаўляе, нават не варушыцца, але ўсё разумее. І вось так 20 гадоў!

Падумалася, што карысна было б хоць зрэдку бываць тут здаровым і паўнаспраўным людзям, якія наракаюць на свой лёс і заўсёды нечым не задаволеныя, а таксама тым, хто перажывае ўсялякага роду дэпрэсіі, не пашкодзіла б наведаць хоць раз такі дзіцячы дом, каб дакрануцца да крыжа, які нясуць малыя пакутнікі.

З новай сілай тут таксама адчуваеш моц Божай міласэрнасці да гэтых дзяцей, атуленых Яго любоўю, пяшчотай і апекай праз сваіх выбраных слугаў, у першую чаргу — сясцёр бэнэдыктынак-самаранак ад Святога Крыжа. Нізкі паклон ім за гэтае высакароднае служэнне!

Галіна Калевіч.
Фота аўтара.

P.S. Магчыма, хтосьці з дзяўчат адчувае ў душы пакліканне да манаскага жыцця і служэння менавіта такім дзецям. Сёстры бэнэдыктынкі-самаранкі шчыра запрашаюць да сябе ў госці. Адрас і кантактны тэлефон — у рэдакцыі.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла