З «Дзённіка»

Агульны змест

325 1934 год. У дзень Унеба­ўзяцця Маці Божай я не была на святой Імшы — доктар1  мне не дазволіла — але я горача малілася ў келлі. Праз хвіліну я ўбачыла Маці Божую, невыказна прыгожую, якая мне сказала: «Дачка мая, я чакаю ад цябе малітвы, малітвы і яшчэ раз малітвы за свет, і асабліва за тваю Айчыну. На працягу дзевяці дзён прымай уміласціўляльную святую Камунію, цесна яднайся з ахвяраю святой Імшы. Гэтыя дзевяць дзён ты будзеш стаяць перад Богам як ахвяра; усюды, заўсёды, у кожным месцы і часе — удзень ці ўночы — калі ні абу­дзішся, маліся духам. Духам заўсёды можна трываць на ма­літве».

326 Аднаго разу Езус сказаў мне: Мой позірк з гэтага абраза такі ж, як і з крыжа.

327 Аднаго разу спаведнік2  запытаў мяне, дзе павінен быць надпіс, бо ўсё гэта не змяшчаецца на абразе. Я адказала, што памалюся і адкажу на наступным тыдні. Калі я адышлася ад канфесіянала, праходзячы каля Найсвяцейшага Сакрамэнту, 

атрымала ўнутранае разуменне таго, дзе павінен быць гэты над­піс. Езус мне нагадаў, як Ён мне казаў першы раз: гэта значыць, што павінны быць бачныя тры словы. Словы гэтыя такія: Езу, давяраю Табе. Я зразумела, што Езус жадае, каб была змешчана ўся фраза, але не дае яснага ўказання на гэтыя тры словы.

Я даю людзям начынне, з якім яны павінны прыходзіць па ласкі да крыніцы міласэрнасці. Гэтым начыннем з’яўляецца гэты абраз з надпісам: Езу, давяраю Табе.

328 О Найчысцейшая Любоў, ва ўсёй паўнаце валадар у маім сэрцы і дапамажы мне выканаць як найвярней Тваю святую волю.

329 [139] Напрыканцы трох­дзённых рэкалекцый я ўбачыла, што іду па няроўнай дарозе і кожную хвіліну спатыкаюся, і бачу, што ідзе за мною нейкая постаць, якая мяне ўвесь час падтрымлівае, а я гэтым незадаволеная і прашу, каб гэтая пос­таць ад мяне адкаснулася, бо я хачу ісці сама. Аднак постаць, якой я не магла пазнаць, не па­кідала мяне ні на хвіліну. Гэта вывела мяне з раўнавагі, я павярнулася да яе і адпіхнула ад сябе. І ў той жа момант я пазнала, што гэта — маці настаяцельніца3 , і тут жа бачу, што гэта не маці настаяцельніца, а Пан Езус, які пранікнёна паглядзеў на мяне і даў мне зразумець, як Яго за­смучае, калі я не стараюся і ў найменшых дробязях выконваць волю настаяцельніцы, якая ёсць Маёю воляю. Я горача пера­прасіла Пана і глыбока прыняла ў сваё сэрца гэтую перасця­рогу.

330 + Аднаго разу спаведнік сказаў мне, каб я памалілася ў яго інтэнцыі і распачала навэнну да Маці Божай. Гэта навэнна складалася з дзевяціразовага чытання «Прывітана будзь, Валадарка». Напрыканцы навэнны я ўбачыла Маці Божую з Дзіцяткам Езусам на руках і таксама ўбачыла свайго спаведніка, які стаяў перад Ёю на каленях і размаўляў з Ёю. Я не зразумела, аб чым ён размаўляў з Маці Божаю, бо была занятая размоваю з Дзіцяткам Езусам, якое сы­шло з рук Маці Божай і наблізілася да мяне. Я не магла наглядзецца на Яго прыгажосць. Я пачула некалькі словаў, якія Маці Божая сказала яму, але пачула не ўсё. Словы тыя такія: «Я — не толькі Валадарка неба, але і Маці Міласэрнасці, і твая Маці». І ў той момант Яна выцягнула правую руку, у якой трымала плашч, і атуліла ім гэтага святара. І ў тую ж хвіліну візія знікла.

331 О, якая вялікая ласка — мець духоўнага кіраўніка. Хутчэй узрастаеш у цнотах, ясней спа­знаеш волю Божую, больш да­кладна яе выконваеш, ідзеш пэўным і бяспечным шляхам. Кі­раўнік умее абмінуць скалы, аб якія ты магла б разбіцца. Бог даў мне гэтую ласку даволі позна, але я ёй вельмі рада, бачачы, як Бог схіляецца да пажаданняў кіраўніка. Я прыводжу адзін факт з тысячы, якія мне выпадаюць. Як звычайна, вечарам, я прасіла Пана Езуса даць мне тэму для заўтрашняга разважання4 . Я атрымала адказ: Разважай аб прароку Ёну і аб яго місіі. Я падзякавала Пану, але ў душы пачала раздумваць, што гэта за разважанне, адрознае [140] ад іншых. Аднак я ўсёй сілай душы старалася разважаць і знайшла сябе ў гэтым прароку — у тым сэнсе, што і я часта адгаворваюся перад Богам, што хтосьці іншы лепш бы выканаў Яго святую волю, не разумеючы, што Бог можа ўсё, і тым лепш прая­віцца Яго ўсемагутнасць, чым горшая прылада. Бог мне гэта растлумачыў. Пасля абеду была споведзь кангрэгацыі. Калі я сказала свайму духоўніку пра страх, які мяне ахоплівае з прычыны гэтай місіі5 , для якой Бог мяне выкарыстоўвае як няўмелую прыладу, духоўны айцец адказаў мне, што хочам мы таго ці не, аднак павінны выканаць Божую волю, і прывёў мне ў пры­клад прарока Ёну. Пасля заканчэння споведзі я задумалася, адкуль спаведнік ведае пра тое, што Бог загадвае мне разважаць пра Ёну, я ж яму пра гэта не казала. Тады я пачула словы: Святар, калі Мяне замяняе, не сам дзейнічае, але Я праз яго, ягоныя пажаданні з’яўляюцца Маімі пажаданнямі. Я бачу, як Езус абараняе сваіх намеснікаў. Ён сам уваходзіць у іх дзеянні.

332 + Чацвер. Распачаўшы святую гадзіну, я хацела патанаць у муках Езуса ў Гетсіманскім садзе. Тады ў душы я пачула голас: Разважай пра таямніцу Уцелаўлення. І нечакана з’явілася перада мною Дзіцятка Езус, ззяючае прыгажосцю. Яно кажа мне, як падабаецца Богу прастата душы. Хоць веліч Мая неспасцігальная, Я кантактую толькі з малымі — Я па­трабую ад цябе маленства душы.

333 Цяпер я бачу ясна, як Бог дзейнічае праз спаведніка і наколькі Ён верны сваім абяцанням. Два тыдні назад спаведнік загадаў разважаць над гэтым духоўным маленствам. Напачатку гэта давалася мне крыху цяжка, аднак спаведнік, не зважаючы на мае цяжкасці, загадаў мне і далей разважаць над гэтым маленствам душы. «Няхай на практыцы гэта маленства праяўляецца так: дзіця не цікавіцца ні мінулым, ні будучыняю — яго займае цяперашні момант. У табе я хачу вылучыць гэта маленства душы і звяртаю на гэта асаблівую ўвагу».

334 Я бачу, як [Езус] схіляецца да пажаданняў спаведніка, бо ў гэты час Ён не паказваецца мне як настаўнік у паўнаце сілы і чалавечнасці — дарослым, але паказваецца мне як малое дзіця. Гэты неспасцігальны Бог прыніжаецца да мяне ў вобразе маленькага дзіцяці. Аднак позірк маёй душы не затрымліваецца на гэтай паверхні. — Хоць Ты прымаеш аблічча малога дзі­цяці, я бачу ў Табе несмяротнага, неспасцігальнага Пана над панамі, якога праслаўляюць [141] днём і ноччу чыстыя душы, для якога палаюць агнём найчысцейшай любові сэрцы Серафімаў. О Хрыстэ, о Езу, я прагну пераўзысці іх у любові да Цябе. Перапрашаю вас, чыстыя духі, за смеласць параўнання сябе з вамі. Я — бездань мізэрнасці, прорва мізэрнасці, але Ты, о Божа, які з’яўляешся неспасцігальнаю безданню міласэрнас­ці, паглыні мяне, як сонечны жар паглынае адну кроплю расы. Твой любячы позірк пераадольвае ўсялякую прорву. З-за велічы Бога я адчуваю сябе бязмежна шчасліваю. Бачыць веліч Бога — мне гэтага цалкам хапае, каб я была шчасліваю цэлую вечнасць.

 

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

Працяг будзе.

1 Д-р Хэлена Маціеўская (1888–1965) у той час была доктарам віленскага дому кангрэгацыі.
2 Кс. Міхал Сапоцька.
3 Маці Ірэна Кшыжаноўская.
4 «Разважанне» — мысленная малітва, заснаваная на разважанні над Божымі праўдамі, завершаная практычнаю па­становаю. У Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці сёстры робяць што­дзён­нае паўгадзіннае разважанне. Веча­рам сёстры рыхтуюць так званыя пун­кты або тэму для ранішняга разва­жання.
5 Пашырэнне культу Божай Міласэрнасці (гл. Дз, 47–50).
 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла