Святы Крыштаф

Св. Крыштаф — адзін з самых папулярных святых. Яго ўспамін адзначаецца 24 ліпеня. Св. Крыштаф — гэта той, хто нясе Хрыста, дапамагае пераадольваць перашкоды, апякуецца падарожнікамі. Легенда апавядае, што спачатку яго імя было Рэпробус, а гэта значыць «пракляты». Ён хацеў адшукаць наймагутнейшага валадара свету, каб паступіць да яго на службу. Спачатку ён прыходзіць да караля, які, здавалася, меў вялікую моц. Але аднойчы, калі жанглёр, спяваючы, успомніў сатану, Рэпробус заўважыў страх на твары караля. Тады ён накіроўваецца на пошукі сатаны. Ён знаходзіць яго і пачынае яму служыць. Калі яны праходзілі каля крыжа, сатана хацеў зрабіць шырокі круг, каб абмінуць яго. У адказ на пытанне Рэпробуса сатана пакутліва прызнаўся, што баіцца крыжа, бо на ім памёр Хрыстус. Тады Рэпробус накіроўваецца ў дарогу, каб шукаць Хрыста. У гэты час ён сустракае пустэльніка і пытаецца ў яго: «Што я па­вінен рабіць, каб убачыць Хрыста?». Пустэльнік звяртае яго ўвагу на пост, але гэты моцны мужчына адчувае сябе няздольным на гэта. Тады пустэльнік накіроўвае яго да небяспечнай ракі ў даліне. Ён павінен спускацца на бераг і пераносіць падарожнікаў на другі бок. «Будзь слугой кожнаму і так зможаш убачыць Караля каралёў, Езуса Хрыста». Такім чынам на працягу многіх гадоў ён служыць лю­дзям, і вось аднойчы дзіця просіць перанесці яго праз раку. Дзіця, якое спачатку здавалася вельмі лёгкім, на яго плячах становіцца ўсё цяжэйшым, і, зняўшы яго на беразе, ён сказаў: «Гэта было так, быццам я нёс на сваіх плячах увесь свет». А дзіця яму ад­казала: «Крыштаф, ты нёс больш, чым свет, ты нёс Творцу свету. Я — Валадар Езус Хрыстус». Гэтае дзіця дало яму новае імя — «той, хто нясе Хрыста».

Св. Крыштаф дапамагае пераадольваць перашкоды. У Сярэднявеччы яго абраз, які быў заўсёды надзвычай вя­лікіх памераў, малявалі каля ўваходу ў касцёлы альбо на сцяне ў ажыўленых частках горада. Верылі, што калі на яго паглядзець, то да вечару не згубіш сваёй жыццёвай сілы. Ёсць дзве вельмі важныя сітуацыі, калі гэтая вера і гэтая выява вельмі запатрабаваныя: па-першае, калі маеш страх страціць сілы ў што­дзённай працы, па-другое — калі стра­шна пераадольваць перашкоды. Першы страх сёння ахоплівае многіх лю­дзей. У іх такое ўражанне, што яны не адпавядаюць патрабаванням штодзённасці. Яны адчуваюць сябе спустошанымі, вычарпанымі, выгараўшымі. Св. Крыштаф нагадвае ім пра ўнутраную крыніцу, якая струменіцца ў іх саміх. Ка­лі яны чэрпаюць з яе, яна не апусцее. Страх перад пера­шкодамі азначае не толькі страх увайсці ў новыя абставіны альбо пераадолець цяжкасці, калі мы накіроўваемся да людзей. Перашкоды, наадварот, з’яўляюцца важнымі жыццёвымі пераходамі [альбо падзеямі. — А.Ш.], як мяжа паміж дзяцінствам і юнац­твам, юнацтвам і дарослым жыццём, як крызіс сярэдняга ўзросту, пераход ад працы да пенсіі і, нарэшце, пераход ад жыцця да смерці. Кожны пераход звязаны са страхам, таму ўсе рэлігіі распрацавалі рытуалы пераходу, каб пера­адолець страх перад новым. Св. Крыштаф — апякун такіх пераходаў. З яго гісторыі мы бачым, што пераход можа прыгнятаць. Мы думаем, што памром, бо не ў стане больш несці цяжар. Мы баімся што­сьці рабіць, баімся загінуць у дарозе. У кожным пераходзе спантанна ўзнікаюць нязнаныя да гэтага часу сілы, якія пагражаюць нас затапіць, таму мы часта бачым у сне паводкі. Св. Крыштаф з’яўляецца абяцаннем таго, што мы справімся з гэтым пераходам, што мы не загінем. Ён паказвае нам, што ў выніку — гэта сам Хрыстус, якога мы нясём.

Многія трымаюць у сваіх машынах абразок св. Крыштафа. Калі яны едуць праз шчыльную плынь гарадскога руху ці па перапоўненых дарогах, яны заўсёды маюць перад вачыма св. Крыштафа. Сузіраючы яго выяву, яны давяраюць абяцанню шчасліва дасягнуць мэты свайго падарожжа. Знаходзячыся ў пробках, мы штодня чуем пра не­шчаслівыя здарэнні, і ў гэтым выпадку кожны вадзіцель думае, што такое можа напаткаць і яго. Хто кіруе машынай, баючыся, той хутчэй трапляе ў няшчасныя здарэнні. Але небяспечным з’яўляецца і кіраванне нядбайнае, рызыкоўнае.

Мы не маем ніякіх гарантый таго, што нашае жыццё доўга застанецца без няшчасных здарэнняў, але хто разважае пра гісторыю св. Крыштафа, той ведае, што давер мацнейшы за страх. 

Легенда пра св. Крыштафа — гэта гісторыя даверу, якая заклікае да ўважлівасці: будзь уважлівым на сваім шляху, не толькі знешнім, але таксама і ўнутраным. Так, ёсць небяспекі для пераадольвання. Звярні ўвагу на ўнутраныя папярэджванні, якія дае табе сэрца. Уважліва рабі кожны крок. І звярні ўвагу на тое, што Хрыстус ідзе з табою. Ён суправаджае цябе на ўсіх тваіх шляхах, нават на апош­нім шляху, які прывядзе цябе праз парог смерці ў славу вечнага жыцця.

Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.

Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

Працяг будзе. 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла