Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі

Падчас святкавання юбілею 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Божай Маці ў Будслаў

 Будслаў, 6 ліпеня 2013 г.


О велічная і ласкавая Маці Божая Будслаўская, наша Валадарка!

Сёння, калі прамінула чатыры стагоддзі з моманту Твайго прыбыцця ў гэтае святое месца, мы як Твае духоўныя дзеці ў гэтым Годзе веры стаім перад Табою з удзячнасцю за прыклад жывой веры, надзеі і любові, за апеку над намі і за выпрашаны ў Бога дар свабоды веравызнання. Стаім з пачуццём віны за грахі нашага народа і за нашыя асабістыя правіны. Мы ўсведамляем, як моцна нам патрэбна пакаянне за іх, за парушэнне абяцанняў, дадзеных падчас хросту, за адыход ад веры, і просім прабачэння ў міласэрнага Бога і бліжніх.

Маці нашай веры, Маці міласэрнасці і суцяшэння, Пасрэдніца ўсіх ласкаў, мы стаім перад Табою ў гэты складаны час, напоўнены небяспечнымі выклікамі. Стаім з бязмежным даверам і надзеяй, што Ты, наша нябесная Матуля, і надалей выслухаеш нас і дапаможаш, як гэта было на працягу мінулых чатырох стагоддзяў.

Да Твайго трону мы прыносім незлічоныя ахвяры мучанікаў за веру, яе сведкаў і вызнаўцаў. Табе, наша Валадарка і Апякунка, ахвяруем і даручаем саміх сябе і ўсё, што маем: нашу Айчыну — сінявокую Беларусь, наш народ і ўсе яго справы, Касцёл, які адраджаецца і развіваецца, сем’і, народжаных і не народжаных яшчэ дзяцей, моладзь, хворых, церпячых; ахвяруем і давяраем Табе нашы думкі і клопаты, кожнае біццё нашых сэрцаў і кожны парыў волі. 

Пакорна просім міласэрнасці і дапамогі, каб мы заўсёды заставаліся вернымі Богу, Касцёлу, Крыжу, Евангеллю і Бацькаўшчыне.

Памятай, спагадлівая і ласкавая Пані, пра свой народ, які прысвячае сябе Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Узглянь на яго сваім міласэрным позіркам і выслухай.

— Маці Божая! Абяцаем учыніць усё дзеля таго, каб наша Айчына была сапраўдным Валадарствам Тваім і Твайго Сына Езуса Хрыста, каб яна знаходзі­лася пад Тваім панаваннем і апекаю ў асабістым, сямейным, нацыянальным і грамадскім жыцці ўсіх яе жыхароў.
— Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!

— Маці нашай веры! Абяцаем бараніць, берагчы і ўмацоўваць нашу веру, каб у выпрабаваннях сучаснасці яна была арыенцірам нашага жыцця!
— Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!

— Маці верная! Абяцаем вернасць Твайму Сыну Езусу Хрысту і Яго Евангеллю.
— Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!

— Маці Божай ласкі! Абяцаем сцерагчы дар ласкі, каб заўсёды аднаўляць у сабе вобраз і падабенства Бога, паводле якіх мы створаны, і быць святынямі Духа Святога.
— Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!

— Маці добрай рады! Паводле Тваёй рады абяцаем чыніць толькі тое, што Твой Сын нам наказаў, а менавіта — жыць праўдаю Яго Евангелля.
— Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!

— Святая Багародзіца! Абяцаем па Тваім прыкладзе берагчы Божы дар жыцця як самы каштоўны скарб.
— Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!

— Залаты доме! Абяцаем захоўваць еднасць створанага Богам інстытуту сям’і як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, які з’яўляецца галоўнаю часткаю кожнага грамадства, а таксама атуліць належнаю апекаю дзяцей і моладзь і выхоўваць іх у вернасці Хрысту і Яго Евангеллю.
— Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!

— Люстра справядлівасці! Абяцаем уладкоўваць сваё жыццё паводле прынцыпаў Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла, каб мы ўсе жылі ў любові і справядлівасці, згодзе і супакоі.
— Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!

— Ахоўніца маральнага ладу! Абя­цаем змагацца з нашымі заганамі: адступленнем ад веры і маральных законаў, распустаю, занядбаннем сямейных адносінаў, з рознага роду залежнасцямі, асабліва з п’янствам і наркаманіяй, а таксама з сацыяльнаю несправядлівасцю і ўсялякім нешанаваннем годнасці іншага чалавека.

Абяцаем змагацца з нашымі заганамі і залежнасцямі, у жыцці практыкаваць хрысціянскія каштоўнасці і шанаваць годнасць кожнага чалавека.
— Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!

— Наша Маці і Валадарка! Абяцаем пашыраць у нашых сэрцах і на нашай зямлі хвалу Тваю і Твайго Беззаганнага Сэрца, а таксама захоўваць у нашым жыцці Твае цноты.
— Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!

О Марыя, праслаўленая ў цудатворным будслаўскім абразе, прымі гэтыя нашыя абяцанні і нашае ахвяраванне Твайму Беззаганнаму Сэрцу, умацуй іх у нашых сэрцах і занясі да трону Твайго Сына.

Табе і Твайму Беззаганнаму Сэрцу давяраем сябе, у Твае рукі складаем нашу сучаснасць і будучыню, наша асабістае жыццё і лёс нашай Бацькаўшчыны.

Тваёй абароне аддаемся і верым, што Ты нас ніколі не пакінеш і заўсёды дапаможаш, каб мы ў свабодзе дзяцей Божых будавалі новую і шчаслівую Беларусь на падмурку Евангелля.

Марыя, наша Будслаўская Валадарка і Маці, вядзі нас шляхамі Божага Провіду і выпрасі ў свайго Сына ласку, каб нашае жыццё было напоўнена нястомным выкананнем волі Бога і стала гімнам Яго праслаўлення. Просім Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Прачытаны Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла