Цудадзейныя абразы: міф ці рэальнасць?

Нават у хрысціянскім асяроддзі, сярод веруючых людзей, часта даводзіцца сустракацца са скептыцызмам адносна рэальнасці цудаў. Тым больш, калі гаворка ідзе пра цуды, звязаныя з нейкай іконай. Сумненні падаграюць разнастайныя выпадкі, калі натуральную з’яву або падробку лёгкаверныя людзі ўспрымаюць як цуд. Дык дзе ж праўда? Існуюць цуды ці не? Наколькі сур’ёзныя каталіцкія крытэрыі ацэнкі цудадзейнасці абразоў Маці Божай або іншых святых? 

Ад самага пачатку існавання хрысціянства стварэнне і ўшанаванне выяваў Бога або святых сустракалася з неадназначнай ацэнкай. Па сённяшні дзень у хрысціянскім свеце існуюць дзве крайнія пазіцыі.

Адны з вялікім піетэтам схіляюцца перад разнастайнымі хрысціянскімі святынямі, абразамі, скульптурамі. Вонкава гэта выяўляецца ў трапяткіх адносінах, паклонах, укленчванні, пацалунках. Знешні назіральнік такую форму хрысціянскай пабожнасці можа ўспрымаць як культ прадметаў, малітоўную размову са статуяй ці малюнкам, што тыпова для язычніцкага ідалапаклонства. Аднак хрысціяне лічаць, што ў адрозненне ад язычнікаў яны моляцца не  абразу (фізічнаму прадмету), а Богу. Выява з’яўляецца толькі сродкам (спосабам візуалізацыі), які псіхалагічна і духоўна дапамагае сканцэнтравацца на размове з Богам.

Іншыя хрысціяне, каб засцерагчыся ад ідалапаклонства, або не прызнаюць аніякіх рэлігійных выяваў, або пазбягаюць іх ушанавання. Часам яны прыводзяць нават цытату са Старога Запавету, дзе Пан Бог забараняе старажытным ізраільцянам вырабляць выявы Бога (пар. Зых 20, 2–7), каб яны не паддаліся спакусе пакланення перад Ім як перад рукатворным ідалам.
 
На афіцыйным узроўні спрэчкі паміж двума крайнімі поглядамі на іконы былі вырашаныя Касцёлам яшчэ ў старажытнасці, калі гэтай праблемай заняўся Сусветны Сабор, які праходзіў у 787 г. у Нікеі. У спецыяльным дакуменце айцоў Сабору між іншым напісана: «…паводле вучэння айцоў і паўсюднай Традыцыі Касцёла вернікі могуць ушаноўваць разам з крыжам таксама выявы Маці Божай, анёлаў і святых у касцёлах, у дамах і пры дарогах». У пазнейшыя вякі ў шматлікіх дакументах Касцёла не раз узгадвалася тэма ўшанавання іконаў. Важным аргументам «за» стала тое, што ў Новым Запавеце запісаная цалкам новая сітуацыя: «Слова сталася Целам» (Ян 1, 14), а гэта азначае, што Бог прыняў фізічны выгляд праз уцелаўленне Хрыста. Вядома, у сваім навучанні Касцёл не перастае нагадваць вернікам, што ўшанаванне абразоў нельга ператвараць у ідалапаклонства. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана: «...мы не аддаём пашану абразам, але постаці, якую яны выяўляюць. Нават калі на іх бачныя выявы святых або Маці Божай, праз іх пасрэдніцтва мы аддаём пашану самому Хрысту, які ў іх быў праслаўлены» (паводле ККК, 1161).

Акрамя звычайных хрысціянскіх выяваў Хрыста, святых або анёлаў, існуе катэгорыя надзвычай шанаваных. Гэта цудадзейныя іконы. Неаспрэчны факт іх існавання, а таксама звязаныя з імі выразныя цуды і благаслаўленні сведчаць аб тым, што Пан Бог выбірае канкрэтныя фізічныя месцы і абразы, праз якія жадае адорваць людзей асаблівымі ласкамі.

Кожны цудадзейны абраз — гэта вялікі дар для супольнасці вернікаў, але адначасова і праверка іх веры на хрысціянскую сталасць, бо не кожны цуд паходзіць ад Бога. Цудадзейнасць іконы можа быць падробленая, таму Касцёлу даводзіцца правяраць, ці сапраўды гэта Божы дар, ці прыродная анамалія, ці пастка злога духа? Адначасова неабходна асцерагацца спакусы адносіцца да цудадзейнага абраза як да магічнага цуда-прадмета, татэма, ідала, які выканае любыя пажаданні. На працягу гісторыі існавала нямала падробак цудадзейных абразоў, што ў сваю чаргу аспрэчвала рэальнасць цудаў. Наяўнасць цудадзейных іконаў і месцаў нараджае мноства праблем з верай: ад магічнага і лёгкавернага пакланення перад самім вобразам да адкідвання ўвогуле думкі, што Бог можа тварыць цуды і дзейнічаць праз малітву каля выбранай Ім іконы.

Каб унесці яснасць у праблему з цудамі, Касцёл ва ўсе вякі пільна даследуе кожны факт узнікнення цудадзейнага абраза. Існуюць адпаведныя камісіі вучоных — тэолагаў і прыродазнаўцаў (фізікаў, хімікаў і г. д.), якія падрабязна даследуюць, ці сапраўды дадзены абраз з’яўляецца цудадзейным. Вынікі такіх даследаванняў часта настолькі ўражваюць скептыкаў або вучоных атэістаў, што яны пасля становяцца глыбока веруючымі людзьмі. Гэта жывое сведчанне таго, што Бог пераўзыходзіць законы прыроды, бо цуд, паводле вучэння Касцёла, гэта не нейкі невытлумачальны навукай феномен. Цуд — у хрысціянскім разуменні — гэта навукова сцверджаны і задакументаваны факт не парушэння, а пераўзыходжання дакладна вядомых законаў прыроды. Таму не кожны цуд Касцёл прызнае як Божы.

У санктуарыях — месцах, дзе Бог дзейнічае асаблівым чынам і здзяйсняе розныя цуды, вядзецца адпаведная дакументацыя: збіраюцца ўсе сведчанні аб суб’ектыўна і аб’ектыўна заўважаных цудах. У старадаўніх санктуарыях, дзе шмат стагоддзяў захоўваюцца цудадзейныя іконы, акрамя дакументацыі зберагаецца вялікая колькасць вотаў — мініяцюрных сімвалаў, што пакідаюць вернікі, якія спазналі ад Бога цуд аздараўлення або перамены на лепшае. Сярод вотаў ёсць і знакі аздароўленага цела (мініяцюрныя выявы ног, рук, кастылёў), і знакі духоўнага ацалення (ружанцы, фігуркі, сімвалы складзеных у малітве далоняў), а таксама выразы ўдзячнасці за выратаванне або нараджэнне дзяцей (каштоўныя камяні, каралі, кветкі і да т.п.).

Больш за дзве тысячы гадоў існаванння Касцёла сведчаць пра тое, што кожны цудадзейны абраз і кожны санктуарый — гэта вялікі Божы дар і благаслаўленне, аднак праўда ў тым, што кожная сустрэча з цудадзейным абразом і атрыманне дароў і ласкаў — гэта толькі нагода для таго, каб чалавек урэшце наладзіў сапраўдныя адносіны з Дарыцелем – бязмежна любячым нас Богам. 

Кс. Андрэй Рылка


Ксёндз Андрэй Рылка — магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ; намеснік дырэктара і мадэратар навучання Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, адказны за СМІ, акадэмічнае і моладзевае душпастырства ў Пінскай дыяцэзіі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней