Каб Бог пасяліўся ў кожнай сям’і

Пётр Глод — старшыня парафіяльнай рады віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Галава сям’і шчырых вернікаў, ад самага пачатку станаўлення парафіі — актыўны ўдзельнік усіх касцёльных справаў. Чалавек, для якога лягчэй добрую справу зрабіць, чым пра яе сказаць, які і фізічна ўмее працаваць, і неабходнасць душпастырскай працы разумее, і перспектыву развіцця парафіяльнай супольнасці добра бачыць. Пра каталіцкія карані старшыні рады, пра надзённыя справы парафіі ў святле Году веры і наогул рэлігійнага жыцця — наша інтэрв’ю.


— Пётр Бернардавіч, так доўга давялося чакаць Вашае згоды на гэтую размову для часопіса! Калі ласка, распавядзіце крыху пра сябе.
— Біяграфія самая звычайная. Нарадзіўся на Браслаў­шчыне, у Друі. Там жа, на малой радзіме, скончыў СПТВ, колькі часу працаваў трактарыстам, вадзіцелем у калгасе. Затым паступіў у Віцебскі педінстытут, дзе набыў прафесію настаўніка матэматыкі і фізікі. Працаваў у абласным штабе студэнцкіх атрадаў, начальнікам аддзела забеспячэння фабрыкі «КіМ». Зараз — дыспетчар ААТ «Віцебскмясамалпрам».

— Паходзіце, напэўна ж, з каталіцкай сям’і?
— Так. Друя здаўна з’яўлялася важным, значным асяродкам каталіцкага жыцця. Але ў часы майго дзяцінства касцёл там, як і амаль усюды на Беларусі, быў зачынены. Аднак нам пашанцавала: якраз насупраць вокнаў нашай хаты на другім беразе Дзвіны, на латвійскім баку, быў касцёл, які ніколі не зачыняўся. Туды, у Піедрую, мы з маці, бацькам і сястрой і хадзілі, дакладней — плавалі. У Піедруі я прыняў Першую Камунію.

— З Друі да Піедруі — рукой падаць. Але гэта ўлетку, у добрае надвор’е, калі можна даплысці на пароме. А як жа ў непагадзь або падчас крыгалому?
— Увесну, як правіла, парома не было, дабіраліся на лодках. Вецер, хвалі высокія, але выпадку, каб нехта патануў падчас выправы да касцёла, не было. Калі, напрыклад, свята Уваскрасення прыпадала на перыяд крыгалому, тады плылі на лодках, балансуючы між крыгаў, — рызыкавалі. Узімку прасцей было: ішлі наўпрост праз раку, вы­біраючы, дзе лёд мацнейшы.

— Бежмаваліся Вы, напэўна, таксама ў Піедруі?
— Не. Бежмаваўся крыху далей — у Краславе. Ездзілі туды на падводзе. Памятаю, было вельмі шмат людзей у касцёле, бо біскуп рэдка прыязджаў.

— Так што, можна сказаць, ваша рэлігійная практыка ніколі не перарывалася?
— Не. Быў перыяд, калі, жывучы ўжо ў Віцебску, практыкаваць проста не меў магчымасці, бо тут дзейнай святыні не было, і практыка абмяжоўвалася наведваннем касцёла падчас паездак да сваякоў у Друю. А вось ужо з адкрыццём касцёла ў Віцеб­ску, сапраўды, усё стала на свае месцы.

— Сувязяў з радзімай не парываеце? На ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў ездзіце?
— Так. Пакуль што яшчэ ніводнай не прапусціў.

— Вы заўсёды ў касцёле ўсёю сям’ёй — з жонкай, сынам...
— Мы з Галінай Рышардаўнай разам 35 гадоў. Яна паходзіць з Пастаўшчыны, паводле адукацыі, як і я, — матэматык. Мы і пазнаёміліся ў інстытуце. Вянчаліся ў Глыбокім, а вось сына Андрэя хрысцілі ў Піедруі.

— Памятаю, як хораша Андрэй заўсёды выконваў ролі ў калядных сцэнках. І чытанні падчас Імшаў прыгожа чытае. Колькі гадоў ён у міністрантах?
— Дваццаць.

— Як Вам роля старшыні парафіяльнай рады?
— Гэтая праца мне добра знаёмая, бо ад самага ўтварэння парафіі я выконваў абавязкі намесніка старшыні. Вядома, працы шмат, у тым ліку гаспадарчай. Тэрыторыя вялікая, усяму трэба даваць рады. Тут дарабіць сёе-тое, там падрамантаваць, дагле­дзець. І ў плане арганізацыі духоўнага жыцця і ксяндзам, і сёстрам хочацца дапамагчы. Планаў шмат, а як будзе з выкананнем — не толькі ад старшыні залежыць, але і ад кожнага парафіяніна.

— Парафіяне кажуць, што Вы і днюеце, і начуеце пры касцёле.
— Ну, не начую, але сіл і часу аддаю шмат: бацькава навука — той увесь час штосьці пры касцёле рабіў, такі быў майстар на ўсе рукі. Наогул, мне Бог добрых даў сваякоў, ёсць з каго ўзяць прыклад.

— Што б хацелі пажадаць парафіянам і тым, хто будзе чытаць гэтае інтэрв’ю, у Год веры?
— Усім, і асабліва моладзі — быць больш актыўнымі ў набліжэнні да Бога, каб Ён трывала пасяліўся ў кожнай сям’і, у кожным сэрцы.

 

 Размаўляў
Францішак Дубраўскі.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла