З «Дзённіка»

Агульны змест

Працяг. Пачатак у № 3 за 2011 г.

1326 Сёння ў нас распачынаюцца васьмідзённыя рэкалекцыі. Езу, Настаўнік мой, дапамажы мне, каб я як мага больш старанна выканала гэтыя святыя рэкалекцыйныя практыкаванні. Няхай дух Твой, о Божа, вядзе мяне ў глыбіні пазнання Цябе, Пане, і ў глыбіні пазнання сябе, бо я настолькі Цябе люблю, наколькі Цябе пазнаю. Я настолькі пагарджаю сабою, наколькі спазнаю сваю мізэрнасць. Я ведаю, што Ты, Пане, не адмовіш мне ў сваёй дапамозе. З гэтых рэкалекцый я хачу выйсці святою, хоць во­чы [4] людзей і нават настаяцельніцаў гэтага не заўважаць. Я цалкам аддаю сябе дзеянню Тваёй ласкі, няхай цалкам споўніцца ўва мне Твая воля, Пане.

1327 Першы дзень. Езус: Дачка Мая, гэтыя рэкалекцыі будуць суцэльным сузіраннем, Я прыводжу цябе на гэтыя рэкалекцыі як на духовую гасціну. Каля Майго міласэрнага сэрца ты будзеш разважаць над усімі ласкамі, якія спазнала тваё сэрца, і глыбокі спакой будзе спадарожнічаць тваёй душы. Я прагну, каб зрок тваёй душы заўсёды быў прыкаваны да Маёй святой волі, — гэтым ты дагодзіш Мне больш за ўсё. Ніякія іншыя ахвяры не могуць параўнацца з гэтаю. Падчас усіх практыкаванняў ты будзеш знаходзіцца каля Майго сэрца; ніякіх пераменаў табе не трэба, бо ты жывеш паводле Майго жадання. І ніводнае слова святара, які праводзіць рэкалекцыі, не ўстрывожыць цябе.

1328 Езу мой, я правяла ўжо два разважанні і ў часе іх зразумела, што ўсё сказанае Табою — праўда. Я адчуваю глыбокі спакой, і гэты спакой [5] сыходзіць са сведчання, якое дае мне сумленне — гэта значыць з таго, што я заўсёды выконваю Тваю волю, Пане.

1329 У разважанні пра мэту чалавека я зразумела, што гэтая праўда глыбока ўкаранёная ў маёй душы, і таму мае ўчынкі больш дасканалыя. 

Я ведаю, дзеля чаго я створана; усе стварэнні разам не заменяць для мяне Створцы; я ведаю, што мая канчатковая мэта — гэта Бог, таму ва ўсіх сваіх пачынаннях я думаю пра Бога.

1330 + О, як добра перажыць рэкалекцыі каля най­мілей­шага Сэрца майго Бога. Я — у пустыні са сваім Абраннікам, ніхто мне не перашка­джае з асалодаю размаўляць з Ім.

1331 Езу, Ты сам пажадаў закласці падмурак пад будову маёй святасці, бо маё су­працоўніцтва было невялікае. О Пане, Ты дапамог мне спакойна ставіцца да выбару і выкарыстання ўсяго створанага, бо само па сабе маё сэрца слабое, і таму я прасіла Цябе, мой Настаўнік, каб Ты не зважаў на боль майго [6] сэрца і спыняў усё, што можа затрымаць мяне на шляху любові. Я не  разумела Цябе, Пане, у хвіліны цярпенняў, калі Ты дзейнічаў у маёй ду­шы, але сёння я Цябе разумею і цешуся свабодаю духу. Езус сам пільнаваў, каб ніводная жарсць не запаланіла майго сэрца; я добра ўсвядоміла, з якой небяспекі Ён вырваў мяне, і таму мая ўдзячнасць Богу бязмежная.

1332 Другі дзень. Калі я разважала над грахом анёлаў і над іх імгненным пакараннем, я запытала ў Езуса, чаму анёлы былі пакараныя адразу пасля ўчынення граху, і пачула голас: З-за глыбокага пазнання Бога; ніхто з людзей на зямлі — нават вялікі святы — не валодае такім пазнаннем Бога, як анёл. Але для мяне, мізэрнай, Ты, Божа, аказаўся міласэрным, прытым гэтулькі ра­зоў; Ты носіш мяне ва ўлонні сваёй міласэрнасці і заўсёды мне прабачаеш, калі сваім пакаянным сэрцам я прашу Цябе аб прабачэнні.

1333 Глыбокая ціша напаўняе маю душу, ніводная аблачынка не засланяе мне Сонца, я ўся аддаюся [7] пром­ням гэтага Сонца, няхай Яго лю­боў цалкам пераменіць мяне. З гэтых рэкалекцый я хачу выйсці святою, і, нягледзячы ні на што, гэта значыць, ня­гледзячы на маю мізэрнасць, я хачу стаць святою і веру, што Божая міласэрнасць нават з такой мізэрнасці, як я, можа зрабіць святую, бо ў мяне ж добрая воля. Нягледзячы на ўсе паразы, я хачу змагацца, як святая душа, і хачу паступаць, як святая. Ні ў чым я не буду расчароўвацца, як не расчароўваецца святая душа. Я хачу жыць і паміраць, як святая душа, што ўглядваецца ў Цябе, Езу, распяты на крыжы, як на прыклад таго, як я павінна паступаць. Я шукала прыкладу вакол сябе, але таго, што я бачыла, мне было недастаткова, і я заўважыла, што мая святасць як бы прамаруджвае; але з гэтага часу мой позірк прыкаваны да Цябе, Хрыстэ, мой самы лепшы Кіраўнік. Я веру, што Ты благаславіш мае намаганні.

1334 + У разважанні пра грэх Пан даў мне зразумець усё зло граху і непрывабнасць, якая ў ім ёсць. Я адчуваю ў сваёй душы вялікую 

агіду нават да найменшага граху. [8] Аднак гэтыя адвечныя праўды, над якімі я разважаю, не прыўносяць у маю душу ані кроплі збянтэжанасці ці неспакою; нягледзячы на глыбокае пранікненне ў іх, мая кантэмпляцыя не перапыняецца. У гэтай кантэмпляцыі я не адчуваю хваляванняў сэрца, а толькі глыбокі спакой і дзіўную цішыню. Хоць любоў вялікая, але пры гэтым захоў­ваецца дзіўная ўраўнаважанасць. Нават пры­няцце Эўхарыстыі не выклікае хвалявання, а прыводзіць мяне ў глы­біню паяднання, дзе мая лю­боў, злітая з Божаю любоўю, складае адно цэлае.

1335 + Езус даў мне зразумець, што я павінна маліцца за сясцёр, якія ўдзельнічаюць у рэкалекцыях. У часе малітвы я адчула барацьбу некаторых душаў і падвоіла сваю малітву.

1336 + У гэтай глыбокай цішыні я магу лепш ацаніць стан сваёй душы. Мая душа падобная да празрыстай ва­ды, у якой я ўсё бачу: і сваю мізэрнасць, і веліч ласкаў Божых, і праз гэта сапраўднае пазнанне мой дух умацоўваецца ў глыбокай пакоры. Я падстаўляю сваё сэрца для дзеяння Тваёй ласкі, як кры­шталь — пад промні сонца; няхай [9] у маім сэрцы Твой Божы вобраз адлюструецца так, як толькі можа адлюстравацца ў стварэнні; няхай Тваё Боства, якое жыве ў маёй душы, праменіць праз мяне.

1337 Калі я малілася перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, вітаючы пяць ранаў Пана Езуса, пры кожным вітанні раны я адчувала, як струмень ласкі выліваўся ў маю душу, даючы мне прадчуванне неба і поўны давер да Божай міласэрнасці.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

 

Працяг будзе.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней